Тутэйшыя мы... Старадарожчына — старонка, багатая загадкавымі мясцінамі

Источник материала:  
Тутэйшыя мы...
Старадарожчына — старонка, багатая загадкавымі мясцінамі

У летапісах XVI стагоддзя гаворыцца пра Юрыя Дубравіцкага, уладара Старых Дарог, які паходзіў з роду князёў Гальшанскіх. Герб Гальшанскіх пад назвай Гіпацэнтаўр стаў асновай і для герба Старых Дарог.

Мір-гараРэльеф Старадарожскага раёна — гэта слаба разрэзаная раўніна з марэннымі градамі і невялічкімі ўзгоркамі. Таму дзіўна, што на яго тэрыторыі, паблізу вёскі Новы Рабак, знаходзіцца ўтворанае падчас ледніка ўзвышша. У народзе яго называюць Мір-гара. Увогуле з гэтым месцам звязана шмат легенд. Навукоўцы, напрыклад, лічаць, што раней язычнікі праводзілі тут свае рэлігійныя рытуалы, у пацвярджэнне гэтага — старажытныя пахаванні непадалёк ад паганскага капішча. Мяркуецца, адсюль і пайшла назва гары — Святая. Доўгажыхары расказваюць, што раней на ёй расла вялікая сасна, на якой аднойчы з’явіўся святы лік. Узвышша адразу ж стала месцам паломніцтва. Нават калі з цягам часу ад дрэўца застаўся толькі адзін пень, сяляне раз у год, на Пакровы, прыносілі да яго ручнікі, ежу і грошы. У ХVIII стагоддзі князёўна Соф’я Слуцкая, пачуўшы гісторыю пра цудадзейную сасну, заснавала на гары Свята-Пакроўскую царкву. Праз некаторы час драўляны будынак разваліўся, але на яго месцы ў 1867 годзе быў пабудаваны новы. На вялікі жаль, у 1933 годзе царкву разабралі атэісты, і з таго часу яна больш не аднаўлялася. Аднак звесткі пра таямнічую Мір-гару дайшлі да нашых часоў, і сёння на ёй стаіць вялікі крыж, да якога прыходзяць памаліцца вернікі.

Паштовыя станцыіНа Старадарожчыне ў пачатку ХІХ стагоддзя было пабудавана некалькі паштовых станцый для наладжвання гандлёва-эканамічных сувязей. Неабходна было стварыць усе ўмовы для адпачынку гасцей пасля доўгай дарогі, а таму на адлегласці прыкладна 17—22 вярсты размяшчаліся станцыі з пастоем для экіпажаў, стайняй для коней, карчмой і кузняй. Да нашых дзён у Старадарожскім раёне захаваліся толькі два такія будынкі — у вёсках Паськавы Горкі і Старыя Дарогі (на здымку). Менавіта ў іх, калі верыць легендам, спыняліся на начлег расійскія правіцелі. Пабудаваны гэтыя станцыі з цэглы на Маскоўска-Варшаўскай шашы. Прычым архітэктурны выгляд, які яны мелі два стагоддзі таму, амаль поўнасцю захаваўся. Некранутымі засталіся таксама гаспадарчыя і вытворчыя памяшканні.

ПрошчаНезвычайная паводле свайго паходжання таксама Прошча каля вёскі Шчыткавічы. Гісторыя яе пачынаецца з 1910 года. У той час сярод сялян хадзілі чуткі, што ў глыбіні лесу людзям з’яўляюцца вобразы Маці Боскай і Ісуса Хрыста. Месца было прызнана святым, тут святары служылі малебны. Вяскоўцы (у асноўным жанчыны) падоўгу маліліся, прасілі ў Маці Боскай хуткага выздараўлення і абавязкова, вяртаючыся дадому, бралі з сабой жменю святой зямліцы. Дарэчы, пясок з Прошчы лічыцца лекавым, яму прыпісваюцца неверагодныя ўласцівасці.

След Божай МаціЯшчэ адным цудам Старадарожчыны і месцам паломніцтва мясцовых жыхароў з’яўляецца следавік каля вёскі Старыя Дарогі. На ім акурат у цэнтры выразна відаць след чалавечай нагі 37-га памеру. Як расказваюць старэйшыя жыхары сяла, гэты помнік старажытнасці раней ляжаў паблізу старых могілак. Вяскоўцы яго шанавалі і адводзілі значную ролю ў жыцці, бо былі ўпэўнены, што на ім адбіты след Божай Маці, якая надзяліла следавік цудадзейнай сілай.Калі пачалася меліярацыя зямель, могілкі ў Старых Дарогах знеслі, а ўсе камяні звезлі ў іншыя месцы, у тым ліку і следавік. Але зусім нядаўна на ўзлеску, за два кіламетры ад дарогі, школьнікам удалося знайсці прапажу. Лічыцца: калі прыкласці нагу да адбітка, хваробы праз некаторы час адступяць. Так гэта ці не, дакладна невядома, аднак, па словах вяскоўцаў, многія з тых, хто пакланіўся следавіку і папрасіў дапамогі ў Багародзіцы, выздаравелі.

Чароўны валунБагатая старадарожская зямля і дзіўнымі камянямі, якія вылучаюцца не толькі ўнушальнымі памерамі, але і вялікай колькасцю паданняў пра сваё міфічнае паходжанне. Напрыклад, валун каля вёскі Старыя Фалічы. Старафаліцкі валун, вышыня якога каля трох метраў, а шырыня каля шасці, па меркаваннях шматлікіх сведкаў яго цудаў, можа вылечыць любыя захворванні і абараніць ад напасцей. Каб трапіць пад ахоўнае крыло каменя, трэба толькі адзін раз да яго дакрануцца. Дарэчы, аднойчы невядомыя хацелі вывезці валун з лесу, аднак спроба аказалася няўдалай, бо зямля добра замацавала яго ў сваіх нетрах. Як напамін пра гэты выпадак засталася прамая вырубка, якая вядзе ад каменя да аўтамабільнай трасы.

Возера СкачальскаеБезліч прыродных сакрэтаў хавае возера Скачальскае, якое знаходзіцца ў басейне ракі Пціч. Гісторыя ўзнікнення возера — сапраўдная таямніца. Напрыклад, настаўнік геаграфіі са Случчыны У.М.Мікіцінскі ў артыкуле “Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання” пісаў: “Пра возера Скачальскае існуе трафарэтнае паданне, з якога відаць, што яно з’явілася на тым месцы, дзе правалілася царква. Другое апавяданне, больш цвярозае, кажа аб тым, што шмат гадоў таму назад у час вялікай засухі кавалак балота, на месцы якога знаходзіцца возера, ад вялікай спякоты запаліўся, пагарэўшае месца асунулася і запоўнілася вадой. Бясспрэчным з’яўляецца і тое, што яно з кожным годам павялічваецца з прычыны абвалу берагоў. Ні з якімі рэчкамі і канавамі яно не злучана, а цесна замкнёнае. Найбольшая глыбіня яго каля берагоў, а найменшая — пасярэдзіне”. Пра загадкавыя ўласцівасці возера таксама ходзіць нямала легенд. Аматары летняга адпачынку сцвярджаюць, што вада Скачальскага — лекавая. Пасля купання ў ёй чалавек адчувае сябе бадзёрым, поўным жыццёвых сіл. Падобныя меркаванні сапраўды маюць рацыю, паколькі возера адрозніваецца павышаным утрыманнем кіслароду, які так неабходны для ўмацавання здароўя.

Залужская царкваЦудам Старадарожчыны па праву прызнана і залужская Свята-Георгіеўская царква, асвячоная ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Гэты помнік архітэктуры быў пабудаваны яшчэ ў ХVIII стагоддзі і ўцалеў да нашых дзён, хоць над ім часам навісалі чорныя варожыя хмары. Напрыклад, у 1933 годзе настаяцель Уладзімір Талюш, пазней кананізаваны Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы як свяшчэннамучанік, быў арыштаваны, прыход разагнаны, а храм закрыты. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Свята-Георгіеўская царква, як і многія іншыя, патрапіла ў няміласць да савецкай улады: з будынка былі скінуты купалы, званіца, а ў самім памяшканні зрабілі сельскі клуб. Толькі ў 1991 годзе царква зноў пачала прымаць прыхаджан, якія і сёння прыязджаюць з розных куточкаў Старадарожчыны, каб пакланіцца святым мошчам свяціцеля Лаўрэнція, епіскапа Тураўскага, прападобнага Аляксандра Свірскага, прападобнага Лаўрэнція Чарнігаўскага, праведнага Іаана Кармянскага і іншых святых.

←Новый диск «Би-2» и сюрпризы Бориса Гребенщикова на фестивале «Навальніца»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика