У 2011 годзе выйдуць дзве першыя кнігі 25-томніка Уладзіміра Караткевіча

Источник материала:  
16.08.2010 17:47 — Новости Культуры
У 2011 годзе выйдуць першыя два тамы збору твораў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча з 25 тамоў.

Пра гэта паведаміў БелаПАН навуковы кіраўнік выдання, аўтар уступнага артыкула да збору і адзін з яго складальнікаў, кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей.

Паводле яго слоў, паэзія Караткевіча будзе змешчана ў двух тамах, прычым да другога тома мяркуецца прыкласці кампакт-дыск «Вершы і песні Уладзіміра Караткевіча ў аўтарскім выкананні». У трэці том увойдуць казкі і апавяданні, у чацвёрты і пяты — легенды і аповесці, у шосты — раман «Нельга забыць», у сёмы і восьмы — раман «Каласы пад сярпом тваім», у дзевяты — раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», у дзесяты — раман «Чорны замак Альшанскі». Акрамя таго, запланавана выданне тому драматургіі, двух кніг публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі, двух тамоў эпісталярнай спадчыны, кнігі перакладаў і аўтаперакладаў, тома малюнкаў пісьменніка, а таксама трох кніг сцэнарыяў і лібрэта. У 25-томнік таксама ўвойдуць дзённікі, запісныя кніжкі, дарчыя надпісы, дапаўненні папярэдніх тамоў збору, летапіс жыцця і творчасці Караткевіча. Тамы публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі будуць дапоўнены кампакт-дыскам з аўдыёзапісамі выступленняў пісьменніка.

«Мы жадаем як мага паўней выдаць творчую спадчыну Караткевіча з пашыраным навуковым каментарыем», — адзначыў літаратуразнаўца. Ён зробіць захады, каб гэтае выданне падтрымалі адпаведныя дзяржаўныя структуры.

Паводле слоў навукоўцы, выданне рыхтуецца на кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржуніверсітэта. Выхад апошняга тома запланаваны на 2020 год, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Асцярожна, з'явіліся фальшывыя білеты на канцэрт Стынга

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика