ЛеГалу — 60
Адпаведны дыплом прывёў Леаніда Галубовіча на Беларускае тэлебачанне. Затым працаваў у часопісе «Крыніца».
Адна за адной выходзілі кнігі «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994).
У 2000 з’явіліся «апошнія вершы леаніда галубовіча», пасля чаго з паэзіяй ён «завязаў».
Апошнія гады Галубовіч працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», дзе выступаў у ролі крытыка і эсэіста. Яго рубрыка «Кулуары», у якой ён «ЛеГалізаваў» кнігі айчынных пісьменнікаў, была самай чытанай. Аўтар на старонках ужо прыбранай да рук лукашэнкаўцаў газеты знаёміў чытача з кнігамі, не падзяляючы іх аўтараў на той ці іншы Саюз пісьменнікаў. Летась рубрыку закрылі, а «ЛеГалу» прыйшлося пераключыцца на пісьменнікаў з правінцыі.
Леанід Галубовіч апекаваўся спадчынай памерлых пісьменнікаў Міколы Купрэева, Васіля Сахарчука, Віктара Стрыжка. Дзякуючы ў тым ліку і яму, пасля смерці аўтараў іх кнігі выдаваліся.
Леанід Галубовіч. Паэзія
Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
He для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.
Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.
Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?
Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!
Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела смягнуць вусны...
Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..