«У Славы было безліч планаў»
Гэта быў незвычайны, унікальны для Беларусі чалавек. Свядомы беларус, наш чалавек. Добры, разумны, камунікабельны, шчодры. Цесна звязаны з легендарнай майстэрняй «На Паддашку» Яўгена Куліка. На яго можна было спадзявацца ў любой справе, у якой ён ведаў толк. А ўнікальнасць ягоная ў тым, што няма ў Беларусі чалавека, які б адначасова належаў да чатырох творчых суполак. У 60-я, калі ён са слуцкай раёнкі фатографам перайшоў у «Звязду», далучыўся да Саюза журналістаў. Аб’ехаў усю краіну. Фатаграфаванне ў яго паралельна ішло з напісаннем артыкулаў, нарысаў. Як майстар выцінанкі ў тых жа 60-х прыйшоў у Саюз мастакоў і Саюз народных майстроў. Вячаслаў літаральна вярнуў беларускую выцінанку з нябыту. Спачатку ён прыглядаўся да дзейнасці ўкраінскіх майстроў, а потым за якія 10 гадоў і сам стаў прызнаным майстрам. Выстаўляўся ў Беларусі, Літве, Расіі. Ягонымі выцінанкамі ілюстраваліся літаратурныя творы. Напрыклад, кніга Артура Вольскага «Жывыя літары». У пачатку 2000-х я прыняў удзел у стварэнні ягонага альбому выцінанкі. Пайшлі выставы. У музеі сучаснага мастацтва, у Нацыянальным мастацкім, за мяжой. Замежнікі ахвотна набывалі ягоныя выцінанкі. Так яго напаткала міжнароднае прызнанне.
Чацвёртым ягоным творчым саюзам стаў Саюз пісьменнікаў. Вячаслаў аўтар шасці аповесцяў. Першая — «Не плач, мая душа» — была надрукаваная ў часопісе «Маладосць».
Цяжка пра Славу гаварыць ў мінулым часе. Яшчэ пяць дзён таму бачыліся з ім у ягонай майстэрні. Ён проста поўніўся планамі. Падрыхтаваў да друку пры ўдзеле Уладзіміра Басалыгі макет новага альбому выцінанак. Не дачакаўся новай аповесці ў выглядзе кнігі, яна пакуль ў электронным варыянце.
Глядзі яшчэ:
Памёр Вячаслаў Дубінка
Запісаў СП