Новыя апавяданні пра Леніна
Ленін і снайперы
У суботні пахмурна-сонечны дзень Ленін гуляў па горадзе, аж пакуль не спыніўся ля кіёска з гароднінай, які раскінуў на прылаўку памідоры і агуркі.
— Колькі грошай? — спытаў ён у прадавачкі ўзросту позняга Рэнесансу і паказаў на банан.
— А навошта вам ён? — запыталася ў адказ жанчына, паправіўшы на галаве форменную пілотку фасону ранняга Адраджэння.
— Не мне, — Ленін паклаў моцную руку на плячо дочы. — Дочы. Хочаш, доча, банан?
— Доча хоча пі-пі, — дзіця ўжо даўно пераступала з нагі на нагу.
— Дзе ў вас тут можна пі-пі? — Ленін працягнуў паперку купюрай у пяць тысячаў дагары.
— Пойдзем, дзяўчынка, — прадавачка шмякнула на прылавак шыльдачку «Пераўлік бананаў» і павяла дочу Леніна да найбліжэйшай біяпрыбіральні.
— А снайперы гадзінамі сядзяць у засадзе і не могуць сабе дазволіць пі-пі, — паведаміў Ленін дзецям у чарзе.
— Ёсць такая прафесія — гадзінамі сядзець без пі-пі, — адказаў нехта яму.
— Дзеці, — звярнуўся Ленін да дзяцей Горадаўтваральнага раёна сталіцы, — сярод дзяцей вашай краіны ёсць такія дзеці, якія ўвесь час сваволяць. Прычым асабліва яны любяць сваволіць побач з адміністрацыяй Леніна. Не даўней як нядаўна яны нават вывесілі ў будынку насупраць адміністрацыі сцягі раздражняльных для мяне колераў.
Чарга асуджальна загула.
— Я вам шчыра скажу, — спыніў жэстам рукі гнеў гараджанаў Ленін. — Пяты паверх маёй адміністрацыі займае падраздзяленне снайпераў, якія кругласутачна дзяжураць на сваіх пастах. Аглядаюць наваколле, выглядаюць падазроных дзяцей. Мною ім дадзеныя самыя жорсткія ўказанні: як што — адразу страляць на паражэнне. Бо вас у Леніна шмат, а Ленін у вас адзін.
Чарга ўхвальна загула.
— Дзеці, сказаў я тады снайперам, — Ленін скупа ўсміхнуўся, — не трэба па іх страляць, яны ж дзеці. Ну што вось гэтыя анучы. Мы ведаем, хто і колькі заплаціў за тое, каб іх вывесіць насупраць будынка адміністрацыі Леніна. Я — чалавек найглыбейшай дэмакратычнай загартоўкі. Я бачыў жывога Яўлінскага. Ён бы так не зрабіў. Хай іх, сказаў я снайперам. Прыйшла, доча? Як пі-пі? Дзякуй вам, жанчына. Хай іх, сказаў я снайперам. Злавіце іх, накруціце вушы і здыміце штаны. А бацькі дзяцей няхай за іх заплацяць штраф. Калі не здолелі. І грошы гэтыя, я пры ўсіх вас адкрыта скажу, за што мяне не любяць, мы аддамо гэтым бедным снайперам. Што не могуць сабе дазволіць пі-пі, калі вакол адмарожаныя шакалы з анучамі. Здароўя вам, дзеці.
Чарга пайшла папраўляць здароўе, што рэзка пахіснулася пасля такой размовы, а Ленін, яго доча і снайперы выправіліся ў наступны раён сталіцы — Лёсавызначальны.
Ленін і верталёт
Ленін аблятаў на верталёце. Ён глядзеў у адкрыты ілюмінатар і курыў. Увогуле Ленін не курыў. Але ў адкрыты ілюмінатар ён курыў і ў фортку ён таксама курыў. Ленін выпускаў у позневясновае неба струменьчыкі айчыннага непрыемнага дыму і думаў. «Што за брыдота гэты тытунь гродзенскай фабрыкі, — Ленін сплюнуў тытунёвыя крыхі. — Палітыка пратэкцыянізму часам мае і адваротны бок. Возьмем, да прыкладу, вось гэты тытунь гродзенскай фабрыкі і сапраўдны вірджынскі тытунь, вырашчаны ў Вірджыніі. Гэта ж розніца. Здавалася б, зямля адна — а тытунь розны».
Ленін выкінуў недапалак у ілюмінатар. Далёка ўнізе рудзелі засеяныя раннімі яравымі збожжавымі прыгожыя палі, на прыгожай зямлі працавалі прыгожыя людзі і прыгожыя трактары вытворчасці МТЗ. «Прыгожа, — Ленін любіў усё прыгожае. — А якіх-небудзь пятнаццаць гадоў таму на гэтых непрыгожых палях непрыгожай зямлі працавалі непрыгожыя людзі. І мне цяпер аддаць усю гэтую прыгажосць, да якой я столькі прыклаў, нейкім пацаннікавым? Гэтую прыгожую зямлю — нейкім пацаннікавым? Масква на яго паставіла, кажуць. Недалёкія людзі так кажуць. А маскоўскі Ленін усё гэта разумее. Ён, як і я, разбіраецца ў сапраўднай прыгажосці. Варта б з ім пасядзець вечарок, пагаманіць пра прыгажосць. Што ёсць такога паміж намі ненатуральнага, што два прыгожыя Леніны не могуць дамовіцца? Хоць бы і на касабокай прагматычнай аснове?»
Ленін зноў закурыў і прымружыў вочы — ці то ад дыму, што ў іх трапіў, ці то па шматгадовай звычцы, выпрацаванай гадамі. Лопасці верталёта круціліся.
Ленін і дзеці
Пасля вашай радзімы больш за ўсё на свеце Ленін любіў дзяцей. Прычым ён любіў іх не па-дзіцячаму і не як звычайныя людзі, а ўсім сваім ленінскім сэрцам. Людзі так не маглі, бо ў іх не было ленінскага сэрца. Ленін часта любіў збіраць вакол сябе дзяцей і гутарыў з імі гадзінамі, а то і днямі. Як і гэтым разам, калі ішоў трэці дзень зносінаў Леніна з дзецьмі.
— Дзеці, — Ленін абвёў вачыма дзяцей. — Вы, напэўна, хочаце спытаць мяне, навошта да вас прыязджаў таварыш Пхын Дхын Чхын?
— Хочам! — запляскалі дзеці.
— Гэта вельмі добрае пытанне, дзеці, — вочы Леніна наліліся дабрынёй. — З краінай таварыша Пхын Дхын Чхына вашу краіну звязвае даўняе слаўнае мінулае, як блізкае, калі вы разам паставілі на калені Злучаную Піндастанію, так і не, што вядзе ў тыя стагоддзі, калі продкі таварыша Пхын Дхын Чхына разам з Каліноўскім ого-го як!..
Ленін не стаў тлумачыць, што такое «ого-го як», бо ў кожным падручніку і ў кожнай навуковай манаграфіі вашай краіны пад рэдакцыяй Леніна падрабязна і з малюнкамі расказвалася пра гэтае самае «ого-го як».
— Дык вось, — працягнуў Ленін, — таварыш Пхын Дхын Чхын прыязджаў да вас з просьбай. Ён ведае, што ў вашай краіне на кожнага яе грамадзяніна прыпадае па 5 ровараў, а ў ягонай — толькі па два, што ў вашай краіне на кожнага грамадзяніна прыпадае па паўтара трактара, а ў яго і таго менш. Таварыш Пхын Дхын Чхын і папрасіў вас неяк зліквідаваць гэты дысбаланс. Вось ты, дзіця, так, падыдзі да мяне.
Да Леніна падышло абранае ім дзіця.
— Ты хто — хлопчык ці дзяўчынка? — пажартаваў Ленін.
— Я — дзіця, — ацаніла жарт дзіця.
— Які добры адказ, — Леніну падабаліся добрыя адказы. — Ты, напэўна, разведчыкам хочаш стаць? Або дыпламатам?
— Я хачу стаць інфарматарам, — адказала дзіця.
— ...Добрая прафесія, — памарудзіўшы, ухваліў выбар дзіцяці Ленін. — А я ў твае гады марыў стаць кіраўніком якой-небудзь невялікай сельскай гаспадаркі. І, як бачыш, мара мая збылася. Мар, галоўнае, каб гэта нікому не шкодзіла. Як цябе зваць, дзіця?
— Паўлік, — зноў адказала дзіця.
— Паўлік, — усміхнуўся Ленін. — Я нават паспрабую здагадацца, як тваё прозвішча — Марозаў?
— Праўда? — не ўсміхнулася дзіця.
— ...Цікава, — прамармытаў Ленін, але працягнуў: — Паўлік, скажы мне — табе да твайго трактара патрэбная яшчэ палова? Думаю, што не. А краіне таварыша Пхын Дхын Чхына яна вельмі патрэбная. З гэтых паловаў яны збяруць адзін вялікі трактар і тады ого-го як. Ты гатовы аддаць сваю палову?
— Заўсёды гатовы, — зноў адказала дзіця.
— Малайчына, — падзякаваў яму Ленін. — Ленінец? Я так і ведаў. Ну, ідзі на сваё месца.
— Таварыш Ленін, — нечакана звярнулася да яго дзіця. — А можна я пра трактары раскажу сваёй маме?
— Вядома, вядома, — дазволіў яму Ленін. — І маме раскажы, і тату.
— А таты ў нас ужо няма, — проста адказала яму дзіця і пакрочыла на сваё месца, а Ленін уважліва праводзіў яго выпрастаную спіну позіркам.
— Дзеці, — стаў падводзіць вынік трохдзённых зносін з дзецьмі Ленін. — Як я разумею, вы таксама гатовыя падзяліцца роварамі, а асабліва — трактарамі, якіх так не хапае краіне таварыша Пхын Дхын Чхына? Дзякуй. Я літаральна бачу ўсмешлівыя твары дзяцей яго краіны. І калі б на маім месцы быў паэт, ён сказаў бы так з гэтай нагоды: калі ўсміхаецца дзіця — усміхаецца цэлы свет. А на атрыманыя з продажу ровараў і трактароў грошы я вам куплю шмат шакаладу і жуйкі. Хочаце жуйкі?
— Хочам! — запляскалі дзеці.
— Вось і добра, — Ленін выцер слязінку. — Я куплю вам вельмі шмат жуйкі. А цяпер ідзіце дадому.
І дзеці пайшлі дадому, а прэзідэнт накапаў сабе 30 кропляў валакардыну, выпіў і заеў шакаладам: ён заўсёды хваляваўся да, падчас і пасля размовы з дзецьмі.
— Паўлік Марозаў, таты ўжо няма, — ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, прагаварыў Ленін. — Сука якая.
На ўсялякі выпадак Ленін паклаў у рот яшчэ пласцінку валідолавай жуйкі, потым лёг на канапу, закруціўся ў калматы плед і пачаў глядзець серыял «Ліквідацыя-5».
Клім Клімч-Клімевіч