Выдаюць 25-томнік Уладзіміра Караткевіча
![]() |
Гэта будзе першае поўнае навуковае выданне з каментарамі. Папярэдні збор пісьменніка (1987-1991) налічваў толькі восем тамоў. Але ўжо пасля яго выхаду свет пабачылі кнігі з творамі, якім не знайшлося месца ў васьмі тамах. «Галасы маіх сяброў» (пераклады У.Караткевіча), «Творы», якія пры жыцці не друкаваліся, «Свет вачыма Караткевіча» (яго малюнкі) і іншыя.
На наступны год запланаваны выхад двух тамоў, якія ўключаць паэзію 1950-х — 1984 гадоў:творы са зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іляда» (1969), «Быў.Ёсць.Буду» (1986); творы, якія не ўваходзілі ў зборнікі і якія зусім не друкаваліся пры жыцці аўтара. Таксама
з’явіцца дыск з выкананнем вершаў і песень самім Караткевічам.Усіх дыскаў будзе тры. Іх мяркуюць прыкладаць да канкрэтных тамоў. На другі CD увойдуць выступленні пісьменніка на тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі і іншае. Асобным дыскам выйдзе электронная бібліятэка твораў Уладзіміра Караткевіча. Такой бібліятэкай ужо цяпер можна карыстацца на сайце uladzimir-karatkevich.com.
Акрамя вядомых «Каласоў пад сярпом тваім», «Чорнага замка Альшанскага», «Чазеніі», «Ладдзі Роспачы» збор твораў дасць магчымасць пазнаёміцца і тэкстамі, якія ніколі не друкаваліся для шырокай аўдыторыі.
Тры тамы зоймуць сцэнары Караткевіча да мастацкіх і дакументальных фільмаў, лібрэта.«Сведкі вечнасці», «Чырвоны агат», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя.
Асобную кнігу складуць малюнкі, шаржы, аўтапартрэты Уладзіміра Караткевіча.Яшчэ два тамы адводзяцца для новых знаходак. Па словах кіраўніка праекта і аднаго з укладальнікаў Анатоля Вераб’я, хутчэй за ўсё знойдуцца невядомыя раннія вершы і апавяданні Караткевіча, пераклады, а калі пашчасціць, то нешта і з буйной прозы. Да прыкладу, сёлета была апублікавана невядомая раней рускамоўная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Перадгісторыя».
Завяршыць выданне збору твораў мяркуюць да 90-годдзя пісьменніка.
КМ