Падпольны савецкі вучань Забэйды-Суміцкага
Яго накіравалі ў Прагу на курсы рэстаўратараў, а ён нелегальна вучыўся ў кансерваторыі.
Анатоль Наліваеў.
З Зоськай Верас.
Дом Ваньковіча ў Мінску, 1948.
Чырвоны касцёл у Мінску, 1949.
Ён збірае старажытную яўрэйскую музыку, а спевам вучыўся ў беларуса Міхася Забэйды-Суміцкага. Ён — мастак Анатоль Наліваеў і ён жа — кантар Абрам Нілавай.
Дзве асобы — адзін чалавек.
Анатоль нарадзіўся ў 1931 годзе ў Рагачове. Бацька быў беларусам, а маці — яўрэйкай. І як немцы напалі на Савецкі Саюз, сям’ю забралі ў гета ў в. Рыжкавічы на Шклоўшчыне, адкуль паходзіў бацька.
«Як нас забралі ў гета, дзед, адзеўшы папоўскую рызу (ён быў святаром), пайшоў да нямецкага начальства. І вызваліў нас літаральна за паўгадзіны да расстрэлу. Затым усю акупацыю пражылі ў Мінску. А бацьку больш не бачылі: загінуў на фронце».
Пасля вызвалення сталіцы маці скіравала трынаццацігадовага сына займацца ў музычную школу. Але ён пачаў яшчэ наведваць мастацкую студыю Сяргея Каткова. Дзед Анатоля Піліп быў іканапісцам. І хлопчыку спрабаваў перадаць свае навыкі з дзяцінства. Плён з тых заняткаў быў. «Каткоў заўважыў, што ў мяне фатаграфічны малюнак. Ён пасылаў мяне замалёўваць горад. Пазней гісторык Захар Шыбека патлумачыў, што пасля вайны забаранялася Мінск фатаграфаваць, а мастакам пісаць карціны. Але на мяне, малога, не звярталі тады ўвагі. І мне дзіўна чуць, калі кажуць, што Мінск быў на 50, а то і на 80 працэнтаў знішчаны. Ён быў не больш як на 30 працэнтаў разбураны. Амаль цэлыя стаялі «каробкі» будынкаў».
Тое і замалёўваў акварэллю хлапец. І цяпер захавалася каля сотні такіх прац. Але сям’я жыла без гаспадар. Анатолю, як старэйшаму сыну, трэба было ісці працаваць. У 1946 годзе ён уладкаваўся ў яўрэйскую малярную брыгаду. «Цэнтральны Мінск — гэта помнікі яўрэйскай культуры. І іх пачалі тады нішчыць. Фактычна,
знішчэнне Верхняга горада — гэта дзяржаўны антысемітызм.
Я чуў, як пра гэта гаварылі: «Хай яны ад’язджаюць у Ізраіль, а гэтая іх спадчына нам не патрэбная» (Падрабязна пра замалёўкі пасляваеннага Мінска чытайце ў артыкуле «На руінах Мінску»).
Затым — вайсковая служба ў Кіеве. У маладога чалавека быў добры голас. І на песенным конкурсе, прысвечаным 300-годдзю «ўз’яднання» Украіны і Расіі, ён атрымаў другую прэмію. Ва ўкраінскай сталіцы салдат займаўся спевамі з народным артыстам СССР Іванам Патаржынскім. Як тое атрымалася? «Ён сказаў майму начальству, што будзе са мной развучваць песні для нашай самадзейнасці. Пагадзіліся».
У 1954 годзе Наліваеў вярнуўся ў Мінск. У брыгаду, у якой працаваў раней, яго не змаглі ўзяць. Вырашыў заняцца тым, што найлепш атрымліваецца, — самадзейнасцю. А ў выніку выбраў працу ў арцелі па роспісу тканіны. «Але мне паставілі ўмову, каб я пайшоў вучыцца ў Інстытут марксізму-ленінзму. Бо не было каго іншага туды накіраваць. Я скончыў толькі сем класаў у школе. І мне прыпісалі яшчэ тры». Праз год давялося ўступаць у партыю. Затое калі паўстала пытанне, каго накіраваць у Прагу на вышэйшыя курсы рэстаўратараў, то перавагу аддалі Анатолю Наліваеву, партыйнаму, выпускніку Інстытута марксізму-ленінізму. Будаўнічы вопыт быў у яго ды і іспыт па малюнку вытрымаў.
Жыццё ў чэшскай сталіцы доўжылася пяць гадоў.
Галоўнай падзеяй гэтага перыяду стала знаёмства Міхасём Забэйдам-Суміцкім.
Тады і пачалося «падпольнае» навучанне ў сусветнавядомага спевака. «Я афіцыйна ў кансерваторыі не вучыўся. Але наведваў урокі Забэйды-Суміцкага. Калі б даведаліся і пра тыя неафіцыйныя ўрокі, у мяне маглі ўзнікнуць вялікія праблемы». Але за чатыры гады Анатоль Наліваеў здолеў шмат чаго пераняць ад ўраджэнца Беларусі. А сяброўства працягвалася паміж вучнем і настаўнікам да 1981 года, калі тэнар памёр. «А перад смерцю ён адаслаў мне ўсе свае фотаздымкі, каб яны засталіся ў Беларусі. Я іх перадаў у музей».
Было знаёмства і з Зоськай Верас. Акурат у той час сп. Наліваеў ствараў партрэтную галерэю вядомых беларусаў: Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч... Максім Танк прапанаваў напісаць Зоську Верас. Мастак наведаў яе. І даведаўся, што жанчына, якой хутка споўніцца 90 гадоў, так і не атрымлівае пенсіі. Аб гэтым расказаў пісьменнікам. І тады Максім Танк, Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч вырашылі пытанне. А таксама паспрыялі ўступленню ў Саюз пісьменнікаў, што давала дадатковыя выплаты.
«І з таго часу, як толькі яна атрымлівала пенсію, то адразу мне тэлефанавала ці пісала з дакорам, маўляў, куды я падзеўся. І я ехаў да Зоські Верас».Сёння Анатоль Наліваеў жыве ў мінскай кватэры разам з жонкай. У яго вялікія дзеці. Ёсць і ўнукі. Ён працягвае збіраць старажытныя яўрэйскія песні. Сп. Анатоль паказвае выдадзены зборнік гэтых песень. А яшчэ дзесяткі застаюцца ў рукапісным варыянце. На паліцах — шмат касет з запісамі кантараў (галоўных спевакоў у сінагозе). Па гэтых запісах Абрама Налівая (Анатолем Наліваевым ён стаў яшчэ да вайны па жаданні бацькі) у ЗША выходзяць кружэлкі. А ў Беларусі пакуль адзінкі цікавяцца гэтай багатай культурай.
А таксама клопат мастака — перапісаць акварэлі з выглядамі Мінска, якія пачынаюць з часам псавацца, тэмперай. Гэтак ужо на стагоддзі захаваецца. А калі атрымаецца, то хацеў бы мастак і выдаць набор паштовак з куточкамі той сталіцы, якіх ужо амаль не захавалася.
Сяргей Макарэвіч