200 год таму быў пакладзены першы камень Бабруйскай крэпасцi
24.07.2010 08:08
—
Новости Культуры
Крэпасць у горадзе на Бярэзiне будавалi для таго, каб абаранiць заходнiя рубяжы Расiйскай iмперыi пасля падзелу Рэчы Паспалiтай. Ды i ўсё болей заяўляў пра сябе французскi заваёўнiк Банапарт — трэба было думаць пра бяспеку.
Кажуць, пад крэпасцю быў цэлы падземны горад. Хады разыходзiлiся ад аднаго месца ў цэнтры да бастыёнаў. Яны выкладзены цэглай i былi настолькi прасторныя, што ў iх можна было размiнуцца дзвюм фурманкам. Дзятва любiла iх абследаваць. Аднаго разу некалькi хлапчукоў заблукалi ў гэтых падземных лабiрынтах. Пяць сутак знаходзiлiся пад зямлёй, харчавалiся толькi яблыкамi, якiя выпадкова захапiлi з сабой. Шукалi iх i цывiльныя, i ваенныя. Урэшце пошукi скончылiся паспяхова. I пасля таго выпадку хады пачалi засыпаць жвiрам, замуроўваць. Падчас будаўнiцтва Лядовага палаца на тэрыторыi крэпасцi iх знайшлi рабочыя.
Крэпасць перажывала i лепшыя, i горшыя часiны. Дастаткова сказаць, што яшчэ ў 1953 годзе яна, згодна з пастановай Савета Мiнiстраў БССР, была аднесена да архiтэктурных помнiкаў, а праз колькi год была выключана з гэтага спiсу, пачалося яе разбурэнне… Некаторыя збудаваннi, як форт Фрыдрыха Вiльгельма, страцiлi назаўжды, але засталiся Вадзяныя вароты, вежа Апермана, шпiталь, равелiны, берагавы люнет… Нават адзiн з гарадскiх раёнаў носiць назву Фарштат.
Крэпасць, праўда, магла з’явiцца ў Новым Быхаве цi Рагачове. Але за Бабруйск выказаўся спецыялiст iнжынернай справы, мiж iншым, ураджэнец Навагрудчыны, Тэадор Нарбут. Ён знайшоў падтрымку ў асобе iнспектара iнжынернага корпуса расiйскiх войскаў Карла Апермана. Яны прадставiлi генеральны план збудавання, якi зацвердзiў сам Аляксандр I: “Быць гэтаму, Аляксандр, Санкт-Пецярбург, жнiўня 10-га дня 1809 года”.
Пачалося ўзвядзенне самой цытадэлi. Пад яе адводзiлася 120 гектараў земляў, што на правым беразе Бярэзiны. Давялося нават адсяляць насельнiцтва з гэтых мясцiн у глыбiню горада. Крэпасць складалася з сямi палiгонаў i прыбярэжнага форта. Расчысцiлi пляцоўку, насыпалi вал васьмi- i дзесяцiметровай вышынi, пачалi ўзводзiць фартыфiкацыйныя ўмацаваннi. На гэтых работах было занята амаль паўтары тысячы грамадзянскага насельнiцтва Магiлёўскай, Мiнскай i Чарнiгаўскай губерняў, а таксама 12 батальёнаў рэзервовай армii пад камандаваннем генерал-маёра Iгнацьева. Будаўнiчыя матэрыялы завозiлi з Карэлii, Украiны, Каўказа, Урала, а глiну для вырабу цэглы – з Iталii. Таксама на тэрыторыi крэпасцi была знойдзена англiйская цэгла.
Работы па ўзвядзеннi крэпасцi прасоўвалiся даволi хутка, а да 1812 года на крапасных умацаваннях было ўстаноўлена 330 гармат розных калiбраў, запасаў боепрыпасаў на год, харчавання – на паўгода. I калi пачалося нашэсце Напалеона, за сценамi цытадэлi змаглi перагрупавацца, адпачыць войскi Баграцiёна, якiя адыходзiлi да Смаленска. Саму цытадэль вораг так i не ўзяў, вымушаны быў трымаць каля яе асадны корпус – больш за 12 тысяч чалавек. Напалеон заўсёды памятаў, што ў спiну яму “дыхае” цвярдыня, адступаў па старой Смаленскай дарозе, улiчваючы, што паблiзу Бабруйска яму не прайсцi без бою. “Нiводная крэпасць Расii, — пiсаў вядомы гiсторык А.I. Мiхайлоўскi, — нiколi не была такой карыснай, як Бабруйская ў 1812 годзе”.
Гераiчнае i трагiчнае…
Вось так крэпасць адыграла сваю асноўную ваенную ролю. Аднак яе не збiралiся пасылаць у адстаўку, а, наадварот, узмацнiлi яшчэ больш. У пачатку 40-х гадоў ХIХ стагоддзя яна лiчылася адной з лепшых цытадэлей у Еўропе. Адметна тое, што вядомая Брэсцкая крэпасць, якая пакрыла сябе бессмяротнай славай у гады Вялiкай Айчыннай вайны, абышлася казне на тры мiльёны рублёў тагачаснымi грашыма меней.
Ну а потым крэпасць пачала страчваць сваё значэнне, яе перавялi з першага класа абараназдольнасцi ў другi, а напрыканцы ХХ стагоддзя ўвогуле лiквiдавалi як стратэгiчную адзiнку.
Перад Першай сусветнай вайной вядомы фабрыкант Сава Марозаў прапанаваў ураду… прадаць яму крэпасць. Фабрыкант разлiчваў выкарыстаць крапасныя бастыёны, iншыя збудаваннi пад цэхi i склады тэкстыльнай вытворчасцi i тым самым пасапернiчаць з буйнейшымi мануфактурамi Лодзi. Аднак Марозаву “загнулi” такую цану, што ён вымушаны быў адмовiцца ад сваёй задумы.
Крэпасць увогуле багатая на разнастайныя падзеi. Тут адбывалi пакаранне за свае вальнадумныя iдэi дзекабрысты, у яе казематах катавалi рэвалюцыйна настроеных салдат, а ў 1941-м фашысты ажыццяўлялi свае зверствы – гераiчнае тут пераплятаецца з трагiчным…
Цi быў ход пад Бярэзiнай?
Кажуць, пад крэпасцю быў цэлы падземны горад. Хады разыходзiлiся ад аднаго месца ў цэнтры да бастыёнаў. Яны выкладзены цэглай i былi настолькi прасторныя, што ў iх можна было размiнуцца дзвюм фурманкам. Дзятва любiла iх абследаваць. Аднаго разу некалькi хлапчукоў заблукалi ў гэтых падземных лабiрынтах. Пяць сутак знаходзiлiся пад зямлёй, харчавалiся толькi яблыкамi, якiя выпадкова захапiлi з сабой. Шукалi iх i цывiльныя, i ваенныя. Урэшце пошукi скончылiся паспяхова. I пасля таго выпадку хады пачалi засыпаць жвiрам, замуроўваць. Падчас будаўнiцтва Лядовага палаца на тэрыторыi крэпасцi iх знайшлi рабочыя.
Аднак цi быў ход пад самой Бярэзiнай? Многiя, у тым лiку галоўны даследчык крэпасцi доктар фiлалагiчных навук Аляксей Ненадавец, лiчаць, што такi ход быў: “Па iм мог прайсцi салдат з прыцiснутым да пляча ружжом. Пры гэтым, не згiнаючыся, свабодна разыходзiўся з сустрэчным”. Такой жа думкi прытрымлiваецца i кандыдат гiстарычных навук, якi займаецца вывучэннем фартыфiкацыйных збудаванняў, Сяргей Пiваварчык. Па яго словах, такiя фартыфiкацыйныя збудаваннi ўзводзiлiся ў канцы XVIII i на працягу ўсяго ХIХ стагоддзя ў Заходняй Еўропе. Ды i архiўныя дакументы пацвярджаюць: у крэпасцi былi пракопаны новыя падземныя хады, якiя злучалi памiж сабой цытадэлi, форты, 26 бастыёнаў, разгортвалiся ў трох напрамках, па два-тры кiламетры. Ды i старажылы расказвалi, што падземны ход выходзiў на левы бераг Бярэзiны прыкладна ў 30 метрах ад старога Варшаўскага тракту. Яшчэ адно “за” такой версii – наяўнасць на плане крэпасцi 1872 года i на здымку 1904 года асобнага прадмеснага ўмацавання за Бярэзiнай, прыкладна ў тым месцы, дзе i ўказвалi старажылы.
Другое жыццё крэпасцi
Крэпасць перажывала i лепшыя, i горшыя часiны. Дастаткова сказаць, што яшчэ ў 1953 годзе яна, згодна з пастановай Савета Мiнiстраў БССР, была аднесена да архiтэктурных помнiкаў, а праз колькi год была выключана з гэтага спiсу, пачалося яе разбурэнне… Некаторыя збудаваннi, як форт Фрыдрыха Вiльгельма, страцiлi назаўжды, але засталiся Вадзяныя вароты, вежа Апермана, шпiталь, равелiны, берагавы люнет… Нават адзiн з гарадскiх раёнаў носiць назву Фарштат.
Змянялiся часы, абуджалася грамадская думка. I вось у 2002 годзе крэпасць зноў аднесена да каштоўнасцей рэспублiканскага значэння. Пачалi выношвацца планы яе аднаўлення. Аднак дзе ўзяць сродкi? Лядовы палац, якi нядаўна ўзведзены на яе тэрыторыi, у многiм паспрыяў вырашэнню гэтай праблемы. Ужо нямала пабудоў рэстаўравана: яны аддадзены пад жаночы манастыр, гасцiнiцу, музей. Пачаў аднаўляцца сабор Святога Аляксандра Неўскага, iншыя збудаваннi. Сёння вядзецца абследаванне старых канструкцый. Спецыялiсты ТАА “Праектрэстаўрацыя” вывучаюць у архiвах Масквы старадаўнiя чарцяжы i адпаведныя дакументы, якiя дапамогуць у працы. Потым работы ахопяць iншыя крапасныя збудаваннi, бо ў 2012 годзе крэпасць адзначыць свой двухсотгадовы юбiлей. Мабыць, прыйдзе час, дабяруцца i да падземных хадоў. Крэпасць заззяе ва ўсёй сваёй прыгажосцi. Сюды пойдзе турыст, а значыць, будуць вяртацца сродкi, якiя выдаткаваны на яе аднаўленне. Пешаходныя маршруты ўжо распрацаваны, шмат iншых планаў выношваецца. Застаецца iх прывесцi ў дзеянне.