Міні з гарсэтам

Источник материала:  
Міні з гарсэтам

Беларускія мадэльеры знаходзяць натхненне ў глыбіні стагоддзяў.

Строгая камізэлька з арнаментальным поясам у спалучэнні з сонечнымі акулярамі са стразамі. Белая шарсцяная хустка з хуліганскімі каралямі з апельсінавай лупіны. І майка з прынтамі вядомых гістарычных дзеячаў пад чорны кафтан. Незвычайнае прачытанне нацыянальных традыцый, алюзіі на этнічныя матывы і неверагодныя спалучэнні колераў і дэталяў. Беларускія дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да элементаў беларускага нацыянальнага касцюма. Яго інтэрпрэтацыя стала ледзь не самай моднай тэндэнцыяй у краіне.

Пан — кармазінавы жупан, жоўтыя боты

Ранейшы стэрэатып, быццам беларускі гістарычны касцюм — гэта толькі сялянская вопратка, паспяхова разбураецца. Юрый Піскун, дацэнт кафедры касцюмаў і тэкстылю Беларускай акадэміі мастацтваў, мастак харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, мабыць, адзін з першых у краіне прадэманстраваў рэканструкцыямі беларускіх строяў, што на тэрыторыі Беларусі насілі не толькі лапці ды саламяныя брылі.— Сялянскі касцюм зафіксаваўся як  вызначальнік нацыі ў ХХ стагоддзі, — тлумачыць майстар. — У савецкі час ён стаў гэткім жа атрыбутам, як герб ці сцяг. Аднак на тэрыторыі Беларусі існавалі і іншыя сацыяльныя саслоўі. А значыць, была і іншая вопратка. У ХIV—XVIII стагоддзях, напрыклад, галоўным складнікам дзяржавы была шляхта. Вядома, пасля паўстання 30-х гадоў ХІХ стагоддзя (тады Мікалай I забараніў нават назву Беларусь) шляхце забаранілі насіць традыцыйны касцюм. Ён не развіваўся, забываўся, таму распаўсюдзіўся міф, быццам беларускі касцюм быў толькі сялянскім.Між тым шляхецкі касцюм адрозніваўся сваёй дарагавізнай, багаццем дэталяў і дэкарацый. Ён уяўляў сабой устойлівы комплекс з жупана, пояса, жоўтых ботаў, капелюша з футравай аблямоўкай. Традыцыйны касцюм лічыўся вялікай каштоўнасцю, яго клапатліва захоўвалі, перадавалі ў спадчыну. На ўбранне не шкадавалі грошай ні шляхта, ні мяшчане, ні нават сяляне. Прадавалі за мяжу прадукты, пушніну, а адтуль прывозілі тканіны. У Галандыі, напрыклад, куплялі якаснае сукно, у Італіі — аксаміт.— Дзесяць — дваццаць гадоў таму цяжка было ўзнавіць гэтыя матэрыялы, — успамінае Юрый Піскун. — Прыходзілася выдумляць, браць за аснову нейкую тканіну і аздабляць яе вышыўкай, аплікацыяй. Сёння такіх праблем няма. Напрыклад, пры стварэнні касцюмаў для “Песняроў”, у якіх яны выступалі на “Славянскім базары”, выкарыстоўваліся італьянская тканіна і чэшскі аксаміт.Па словах Юрыя Піскуна, беларусы былі яшчэ тымі моднікамі. Ці не ў іх упершыню з’явіліся адкідныя рукавы. А яшчэ спадніца, злучаная з ліфам, жупан, завужаны зверху і шырокі знізу, гафрыраваныя спадніцы і фартухі. Але перш за ўсё асаблівасці вопраткі выяўляліся ў дэкоры і спалучэнні  колераў. Беларуская шляхта вельмі любіла чырвоны колер. Прычым асаблівы — халодны, з малінава-пурпурным адценнем. Ад такой тканіны шляхта атрымала назву кармазінавай. А ўспомніць жоўтыя боты з казлінай скуры! Яны ў шляхецкага саслоўя былі ў пашане амаль тры стагоддзі.

Спадчына для прыгажунь

Гісторыя беларускага касцюма вельмі багатая. Гэта невычэрпная крыніца матываў і ідэй для сучасных дызайнераў.— Мадэльер толькі выбірае тое, што яму па густу, вывучае арыгінальны матэрыял і спрабуе яго пераасэнсаваць. Стылізацыя — галоўнае сёння ў працы дызайнера, — лічыць вядомы дызайнер Аляксандр Варламаў.Сёстры Парфяновіч пры стварэнні мадэляў даўно звяртаюцца да нацыянальнага касцюма.  Першую калекцыю па матывах беларускай культуры яны стварылі ў 1999 годзе. Гэта была арт-авангардная серыя работ з саломы, дзе за аснову быў узяты беларускі абярэг — саламяны павук. З тых часоў яна стала выкарыстоўваць у працы нацыянальныя матывы. Дзіўнага тут нічога няма: дызайнеры скончылі факультэт народнай культуры БДПУ імя М.Танка.— Мы ствараем і этнаграфічныя, і стылізаваныя касцюмы, — дзеліцца адна з сясцёр Вольга Парфяновіч. — Я працую на тым жа факультэце, які скончыла. Па кнігах і фатаграфіях мы са студэнтамі цалкам узнаўляем гістарычныя строі. Шукаем інфармацыю, даследуем яе, малюем эскізы і шыем касцюмы. Але ў асноўным яны выкарыстоўваюцца толькі на выставах. Мне ж цікавей ствараць строі, якія б можна было насіць. Між іншым актуальным і модным сёння можна зрабіць любыя старыя ці нават забытыя матывы і элементы. Хто сачыў за конкурсам “Міс Беларусь-2010”, думаю, запомніў дзівоснае дэфіле ўдзельніц у нацыянальных касцюмах. Усе мадэлі стварылі сёстры Парфяновіч.— Калекцыю рыхтавалі выключна для конкурсу, — распавядае Вольга. — Сядалі за працу — добра ведалі спецыфіку беларускага нацыянальнага касцюма, разумелі, на чым ён грунтуецца. Вызначаная каляровая гама, кампазіцыйнае рашэнне спадніц і гарсэтаў. Гарсэт, дарэчы, быў вельмі папулярным элементам адзення ў нашых продкаў. Чымсьці падобны на сучасную камізэльку, асабліва модную сёлета, толькі патрабуе больш яркіх уставак: карункаў, арнаментаў ці іншага дэкору. Сёстры-дызайнеры не сталі апранаць удзельніц у доўгія нацыянальныя касцюмы. Усё ж такі дзяўчаты маладыя, стройныя. Яны адаптавалі касцюмы да сучаснага рытму жыцця: кароткія спадніцы, адкрыты верх. Такую адзежу апранай і смела выходзь шпацыраваць на вуліцу.— Гэта сусветная практыка, калі за аснову бярэцца гістарычны гарнітур і пераасэнсоўваецца на сучасны лад, — кажа Юрый Піскун. — Успомніць, напрыклад, вернутыя ў моду касавароткі або высокія жаночыя боты.Атрымліваецца, што зварот да матываў нацыянальных гарнітураў — гэта не проста даніна мінуламу, але і вялікія магчымасці для сучаснай беларускай моды.— Сённяшні свет дазваляе любую эклектыку. Калі граматна і ўмела выкарыстаць нацыянальныя матывы і спалучыць іх з сучаснымі, можна вывесці цалкам новую форму моднага “салата”, — лічыць Аляксандр Варламаў. — Пытанне ў тым, хто бярэцца за справу. Толькі прафесіянал можа ператварыць  ідэі ў разумны і якасны твор. Па матывах нацыянальных касцюмаў атрымліваюцца неверагодныя мадэлі. Беларусь была і, мяркуючы па калекцыях нашых дызайнераў, будзе самабытнай, высокаадукаванай, інтэлігентнай, культурнай...

←Хосе Каррерас выступит в «Ла Скала» впервые за 14 лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика