Пра Вайцюшкевіча напісалі кнігу
Зрабіць кнігу пра Вайцюшкевіча прапанаваў сам Вайцюшкевіч на леташнім канцэрце з нагоды ўласнага дня нараджэння. Адгукнуліся на гэту прапанову Анатоль Мяльгуй, Эла Оліна і Павал Севярынец, якія аб’ядналі свае нарысы, аналітычныя агляды і інтэрв’ю са спеваком, зробленыя цягам апошніх шасці гадоў. У зборнік таксама ўвайшлі гутаркі, рэцэнзіі, агляды Вітаўта Мартыненкі, Міхася Скоблы, Змітра Падбярэзскага і Сяргея Будкіна.
У кнізе таксама эксклюзіўныя фотаздымкі розных гадоў, тэксты песень, якія варта вывучыць на памяць. У яе ўключана поўная дыскаграфія, рэпартажы з выступаў спевака ў Магілёве, Гродна, Віцебску, канцэртаў салідарнасці ў Варшаве, падарожжаў па Парыжы, Кіота, Вашынгтоне і Канзас‑сіці, Нью‑Йорку і Стакгольме.
Падараваць кнігу яе ўкладальнікі плануюць якраз на дзень народзінаў Вайцюшкевіча — 20 ліпеня, калі той зайграе традыцыйны ўжо канцэрт у Мінску.
Udf.by