Уладзімір Някляеў. Знакі прыпынку
Фота Юліі Дарашкевіч. |
Дзмітро Паўлычка абсалютна дакладна прачытаў скразную метафару верша «Ляўкі»:
«Уладзімір Някляеў… Яму належаць праніклівай сілы радкі пра тое, як жыў і як пачуваўся ў савецкім часе беларускі прарок, — хвалены ўладай і ёю ж забіты Янка Купала:
Быў страшны Купала, на ім,
Яшчэ даваенным, жывым,
Святочна кашуля гарэла!
Праз гэты вобраз можна ўбачыць і Паўло Тычыну ды Максіма Рыльскага, Уладзіміра Сасюру ды Андрэя Малышку, на якіх гэтаксама гарэла іхняя святочная, прэзідыумная апратка! Вось жа, усё, што за таталітарным рэжымам мела святочнае прызначэнне, — гарэла, пякло, спальвала надламаныя сэрцы. Паэзія Уладзіміра Някляева напоўненая нечаканымі метафарамі, за якімі — пакутная доля Беларусі». (Прадмова Д. Паўлычкі да кнігі перакладаў Святланы Жолаб «Річка — нескінченна», «Кіеў», 2007.)
А вось жа некалі (пры першай публікацыі ў часопісе «Полымя») Анатоль Вялюгін (сам, без мяне) у радках:
«Ён будзе на сходках начных
Спяваць, зратаваных ад кулі
Сяброў абдымаць, на якіх
Святочна палалі кашулі!», — зрабіў праўкі:
«Сяброў абдымаць — і на іх
Святочна запальваць кашулі!»
Змяніўся скразны сэнс метафары, якім Анатоль Сцяпанавіч ахвяраваў або дзеля экспрэсіўнасці («і на іх святочна запальваць кашулі» — канечне ж, больш экспрэсіўна, чым «на якіх святочна палалі кашулі»), альбо каб свядома ад скразнога сэнсу адысці. Болей падобна да другога, бо апошнія радкі верша таксама змененыя.
Было:
«Усё гэта будзе пасля.
Усё гэта будзе ніколі.
Пасля — у мальбе і праклёнах,
Ніколі — у спратах віны
Мільёнаў маўклівых, мільёнаў
Жывых і святочна спалёных,
Саснёных, як смутныя сны…»
— а стала:
«Пасля — у мальбе і праклёнах,
Ніколі — у спратах віны…
Адзін і адзіны з мільёнаў,
Адзін і адзіны, спалёны
На ростанях смутных вайны».
«Працую, панімаеш, над паляпшэннем…» — часцяком, калі я заставаў яго над праўкамі рукапісаў, дасланых у рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе ён загадваў аддзелам паэзіі, казаў Адмірал, як у літаратурным асяродку называлі Анатоля Вялюгіна, светлая яму памяць. Іншым разам пасля ягонай працы над паляпшэннем у тэксце не заставалася нічога, што б нагадвала арыгінал.
- * *
Наскрозь рускаму і менавіта
«Усякая здаровая, зямная сіла верыць у сябе і ў сваю праўду, і гэта ёсць найпершая прыкмета здароўя народнага. Гэтая народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, зарука жыццёвасці і энергіі жыцця і ні ў якім разе не выключае прагрэсу і вялікага поспеху. Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі…»
- * *
У пошуках праўды страчваеш шчасце.
Уладзімір Някляеў