Праз гады з хлебам і соллю. Гэты раён пазнаеш адразу.

Источник материала:  
Праз гады з хлебам і соллю.
Гэты раён пазнаеш адразу.

Па капрах, якія днём і ноччу дастаюць з зямных нетраў камень урадлівасці — сільвініт. Па беласнежнаму прыгажуну Салігорску — гораду шахцёраў, абагачальнікаў, будаўнікоў, трыкатажнікаў. Па мноству помнікаў і мемарыяльных знакаў: у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічалі 8 партызанскіх брыгад, у радах якіх змагалася каля 7 тысяч патрыётаў, пяцёра іх землякоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Сёння з раёна больш як у паўсотні адрасоў вагоны, параходы вязуць каштоўныя калійныя ўгнаенні, з горада на ўзвядзенне розных аб’ектаў едуць адны з лепшых у Беларусі будаўнікоў, ва ўсе вобласці рэспублікі і ў краіны блізкага замежжа адпраўляюцца высакаякасная бялізна і верхняе адзенне. Раён вырабляе горназдабываючую тэхніку. Атрымлівае малако, мяса, хлеб. Летась хлебаробы раёна намалацілі 125 тысяч тон збожжа, такога важкага караваю не ведала зямля салігорская.

РУП “ВА “Беларуськалій”Вытворчае аб’яднанне “Беларуськалій” — адзін з буйнейшых на тэрыторыі СНД вытворцаў і пастаўшчыкоў калійных угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Гісторыя аб’яднання пачынаецца з 1949 года, калі было адкрыта Старобінскае радовішча калійнай солі, якое ўтварылася каля 300 мільёнаў гадоў таму. Сёння “Беларуськалій” — гэта чатыры рудаўпраўленні, дапаможныя цэхі, у якіх працуе каля 20 тысяч спецыялістаў самых розных прафесій. Здабываецца руда на глыбіні ад 400 да 1200 метраў. Вырабленыя ўгнаенні ідуць больш як у 50 краін розных кантынентаў. Акрамя іх аб’яднанне рэалізуе соль кухонную, кармавую і тэхнічную. Дзякуючы намаганням салігорскіх шахцёраў не толькі павялічылася ўраджайнасць нашых палёў, але і ўзнік адзін з прыгажэйшых гарадоў Беларусі — Салігорск.

Парк Чатырох стыхійСтвораны да 50-годдзя Салігорска, гэты парк — любімае месца адпачынку не толькі гараджан, але і шматлікіх гасцей. Падобныя арыгінальныя канструкцыі, якія сімвалізуюць стыхіі агню, зямлі, вады і паветра, наўрад ці сустрэнеш яшчэ дзе-небудзь у Беларусі... На ўваходзе ў парк стыхію агню сімвалізуюць сцягі вогненна-чырвонага колеру, замацаваныя на дузе даўжынёй паўсотні метраў. Стыхію зямлі прадстаўляе танцавальная пляцоўка, летняя эстрада з навесам, трыбуна з дзёрну.  Стыхія вады — чатырохузроўневы фантан з дэкаратыўнай падсветкай дыяметрам 32 метры і глыбінёй адзін метр, які пераліваецца рознымі колерамі вясёлкі, побач — каскад маленькіх фантанчыкаў. Стыхія паветра — гэта дэкаратыўны вятрак і алея трубак, якія гучаць ад подыху ветру.

Спартыўна-відовішчны комплексПершая чарга комплексу здадзена ў эксплуатацыю да 50-годдзя Салігорска, якое адзначалася ў жніўні 2008 года. Галоўны яе элемент — лядовая пляцоўка 30х61 метр. Яна лёгка можа трансфармавацца ў эстраду для выступленняў з трыбунамі на 1800 месцаў. Пасля заканчэння будаўніцтва ў комплекс акрамя Лядовага палаца будуць уваходзіць універсальная спартыўная зала для вучэбна-трэніровачных заняткаў па баскетболу, тэнісу, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, а па валейболу тут можна будзе праводзіць нават міжнародныя спаборніцтвы.

РакаскарпіёнУ музеі працоўнай славы РУП “ВА “Беларуськалій” знаходзіцца незвычайны экспанат — кавалак сільвініту з рэшткамі ракаскарпіёна, якія добра захаваліся. Гэты членістаногі драпежнік з шасцю парамі канечнасцей, адна з якіх была калючай ці хапальнай, жыў у тутэйшых мясцінах 350—370 мільёнаў гадоў таму. Даўжыня — 25 сантыметраў, але асобныя экземпляры ў тыя даўнія часы, сведчаць геолагі, дасягалі і 1—1,8 метра. Знаходкай зацікавіліся беларускія навукоўцы, так як ракаскарпіён — гэта продак цяперашняга скарпіёна, які з марскога асяроддзя перабраўся на сушу і палажыў пачатак заваяванню зямлі членістаногімі. Дасталі старадаўні экземпляр шахцёры Другога рудніка з глыбіны 640 метраў. Яго пакрылі спецыяльнай плёнкай. Цяпер ён даступны не толькі экскурсантам, але і навукоўцам для даследаванняў.

Браты ЦубыЗімой 1943 года гітлераўцы блакіравалі партызанскае злучэнне Васіля Каржа. Мясцовыя жыхары разам з ляснымі салдатамі адыходзілі ўглыб Палесся. У вёсцы Навіна засталіся толькі браты Міхаіл і Іван Цубы, якім ужо пераваліла за 70. Фашысты патрабавалі паказаць дарогу да партызанскай базы. Міхаіл Самуілавіч адмовіўся катэгарычна, і яго тут жа забілі. Іван Самуілавіч згадзіўся стаць правадніком. Але замест партызанскай базы завёў атрад у непраходнае месца на беразе ракі Лань. Пасмяротна Іван Цуба ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

СпелеалячэбніцаНа Першым рудніку ў адпрацаваным забоі размяшчаецца рэспубліканская спелеалячэбніца. Гэта унікальная для Беларусі і блізкага замежжа ўстанова, дзе адзін комплекс лячэбных палат знаходзіцца ў масіве каменнай, другі — у пласце калійнай солі. Там людзі і пазбаўляюцца ад цяжкіх захворванняў органаў дыхання... Звычайнае паветра, якое падаецца з паверхні праз шахтныя ствалы, праходзіць па трохкіламетровым лабірынце, дзе ад солі насычаецца гаючымі лёгкімі іонамі. Пры пастаяннай тэмпературы16 градусаў, умеранай вільготнасці яны ў першую чаргу і аздараўляюць хворых на бранхіяльную астму. Спецыфічны мікраклімат горных выпрацовак, сцвярджаюць спецыялісты, па свайму характару адпавядае крымскаму, сочынскаму.

“Зялёны Бор”Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зялёны Бор” знаходзіцца ў сасновым бары за 14 кіламетраў ад Салігорска. Унікальнасць “Зялёнага Бору” — 11 палат, дзе сцены выкладзены з блокаў калійнай солі — ад іх паветра насычаецца лёгкімі іонамі, ствараецца штучны мікраклімат, які вельмі дапамагае хворым на бранхіяльную астму, астматычны бранхіт, ён станоўча ўздзейнічае і на дыханне, кровазварот, нервовую сістэму. Рацыянальнае, правільна збалансаванае харчаванне, шматлікія сюжэтна-ролевыя гульні, 6 студый для заняткаў па інтарэсах — усё гэта прыдае энергіі і здароўя хлопчыкам і дзяўчынкам.

←Александр Лукашенко: "Славянский базар" стал частью большой политики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика