На Хоцімшчыне сем гісторыка-краязнаўчых музеяў!
Бярозкаўская святыня
Ад жыхароў вёскі Бярозкі можна пачуць цікавы аповед пра крыніцу, што бруіцца за ваколіцай. Прычым, расказваючы, вяскоўцы абавязкова зробяць агаворку: маўляў, гэта не легенда, а ява.
...У адной сялянскай сям’і было трое дзяцей: дзве дзяўчынкі і хлопчык. Клікалі хлопчыка Трушкам. Калі яму споўнілася пяць год, ён аслеп. І ні дактары, ні варажбіткі не маглі даць хваробе ніякай рады.
Аднойчы бацька Трушкі ўбачыў у сне старца, які паказаў гаючую крыніцу і параіў вадой з яе тройчы прамыць малому вочы. Хлопчык стаў бачыць.
Удзячны селянін зрабіў над студняй зруб, абгарадзіў, добраўпарадкаваў яе вакол.
Настаяцель і царква
Архімандрыт Кірыла ўсё свядомае жыццё - летась яму споўнілася 80 год - аддаў служэнню Богу. Як трапіў 52 гады назад пасля заканчэння семінарыі ў Хоцімск, так і асеў тут. І, можна сказаць, усё, што зроблена ў краі для адраджэння духоўнасці, - яго справа. Невыпадкова ў 2002 годзе Аляксей Пятровіч Бадзіч (мірское імя архімандрыта) стаў лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Не менш цікавая “біяграфія” і ў Свята-Троіцкага сабора, настаяцелем якога ён служыць. Спачатку ён быў драўляны. Таму падчас вялікага пажару, што надарыўся ў першай палове ХІХ ст., храм згарэў.
З нагоды адмены прыгоннага права хоцімскае купецтва вырашыла пабудаваць новую царкву. Сабралі 20 тысяч рублёў золатам. Пратрабаваўся толькі праект. Якраз патрапіўся архітэктар, які вёз гатовы праект храма ў Клімавічы. Але хоцімскія купцы перакупілі яго за поўную шапку золата.
Будаўніцтва вялося доўгія дванаццаць год. Але царква атрымалася такой прыгожай, што архіепіскап пры асвячэнні надаў ёй імя Святой Троіцы.
У савецкі час сабор закрываўся, перарабляўся ў раённы Дом культуры. І толькі дваццаць год назад, калі яго зноў перадалі вернікам, набыў цяперашні выгляд. Кажуць, што архітэктурна царква напамінае зменшаную копію маскоўскага храма Хрыста Збавіцеля.
Грамадзянін пачынаецца з... гісторыі
Гісторыка-краязнаўчы музей у сярэдняй школе № 1 райцэнтра існуе ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. У ім сабрана больш за 2 тысячы экспанатаў і матэрыялаў, якія ўвайшлі ў 6 раздзелаў музейнай экспазіцыі. Пэўна, яны адлюстроўваюць усе этапы нашай гісторыі, апавядаюць пра вядомых землякоў, іх дзейнасць і дасягненні. Тут праходзяць не толькі ўрокі гісторыі. Тут школьнікі атрымліваюць больш, чым веды: яны працінаюцца грамадзянскай самасвядомасцю, пачуццём патрыятызму. Недарэмна ж сцвярджаюць, што без ведання свайго мінулага нельга будаваць будучыню.
Сямейныя школы
Хоцімская зямля багатая на розныя таленты. Але тым, што гэтыя таленты праяўляліся цэлымі сем’ямі, пахваліцца могуць не ўсюды. У вёсцы Забялышына, адной з самых вялікіх у раёне, яшчэ да пачатку ХХ ст. у сям’і Рамана Брайцава нарадзіліся тры сыны: Якуб, Васіль і Іван. Нічога б дзіўнага ў гэтым не было, калі б усе яны не ўвайшлі ў гісторыю. Якуб стаў вядомым пісьменнікам. Васіль - выдатным хірургам, акадэмікам АМН СССР, а Іван - вучоным, доктарам фізіка-матэматычных навук. Ужо ў савецкі час у Хоцімску нарадзіліся браты Леўшанкі - Барыс, Валерый і Міхаіл. Скончылі адну школу, атрымалі дыпломы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава і сталі навукоўцамі. Барыс Трыфанавіч, доктар фізіка-матэматычных навук, выкладае ва Універсітэце Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Валерый Трыфанавіч мае такую ж навуковую ступень. Яго апаратныя і метадычныя распрацоўкі вядомы і ў Грэцыі, і ў ЗША. Міхаіл Трыфанавіч працуе старшым навуковым супрацоўнікам аднаго з НДІ Масквы. Навуковыя здольнасці праявіліся на генным узроўні?..
Майстар саломеннага мастацтва
Саломапляценне - мастацтва, распаўсюджанае ў нашай краіне. Але наўрад ці можна знайсці два аднолькавыя творы з гэтага, здавалася б, звычайнага матэрыялу. Таму што і кожны майстар непаўторны, адметны не толькі сваімі прыёмамі, але і ўвасабленнем вобразаў і фантазій.
Свой мастацкі почырк і ў Тамары Паўлаўны Журун. Птушкі з раскрытымі крыламі вылятаюць з рук мастачкі, нібы жывыя, кожная непаўторная, прыгожая і пластычная. Тамара Паўлаўна кіруе гуртком, які створаны пры раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Наведвае яго пераважна моладзь.
Песні “Медуніцы” — як мёду напіцца
Раней, з паўвеку таму, ніводныя вячоркі ці пасядзелкі ў вёсцы Клін не абыходзіліся без песень. А жанкі тут такія галасістыя, што проста заслухаешся. І гучалі больш старынныя песні, сумныя і лірычныя, абрадавыя і вясельныя, святочныя і пра справы будзённыя. Ведалі іх зашмат, перадавалі ад маці і бабуль да дачок і ўнучак.
Чвэрць веку таму сабраліся клінскія спявачкі ў клуб. Абгаварылі рэпертуар, сцэнічныя касцюмы, якія дасталі з куфэркаў. Вырашылі з назвай: “Медуніца”.
Калі ўпершыню пачулі, як іх гурт назвалі аўтэнтычным, не зразумелі. А зараз самі каму хочаш патлумачаць значэнне гэтага слова.
Ганаровы грамадзянін Кіева
Гэтае пачэснае званне прысвоена ўраджэнцу хоцімскай вёскі Дубраўка Міхаілу Карнеевічу Піліпенку. Так у дадатак да Залатой Зоркі Героя адзначаны яго ўдзел у фарсіраванні Дняпра і вызваленні сталіцы Украіны.
Будучы ваенным сувязістам, сяржант Піліпенка разам з пяццю разведчыкамі высадзіўся на заняты ворагам бераг Дняпра. На пряцягу сутак гэта невялічкая групка ўтрымлівала захоплены плацдарм, забяспечыўшы высадку іншых падраздзяленняў.