Падрыхтаваны двухтомнік твораў Ларысы Геніюш
Акрамя таго, паведаміў Скобла, цалкам прысвечаны постаці Геніюш трэці выпуск беларускага біяграфічнага альманаха "Асоба і час", які выдаецца сталічным выдавецтвам "Лімарыюс" з мінулага года. Да ўвагі чытача — невядомыя творы паэткі, успаміны пра яе, унікальныя архіўныя дакументы, багаты эпісталярый і рэдкія фотаздымкі.
У прадмове да двухтомніка Скобла адзначае, што "адным з першых крокаў сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці". Паводле яго слоў, калі чытаеш першыя старонкі аўтабіяграфічнай "Споведзі" паэткі, якая нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне, то міжволі складваецца ўражанне, што "прыйшла яна ў гэты свет з нейкім заданнем, з пэўнай высокай будзіцельскай місіяй".
На думку Скоблы, Геніюш выканала гэтую місію і перамагла. "Гэтую жанчыну перамагчы было немагчыма. Гестапаўцы ў 1942 годзе, пасля выхаду ў свет зборніка "Ад родных ніў", так і не дамагліся ад яе паэтычных дыфірамбаў фюрэру. Хоць і пагражалі Асвенцымам. Галоўны гэбіст БССР Цанава ў сутарэннях мінскай амерыканкі восенню 1948-га так і не даведаўся ад яе, дзе архівы БНР. Вярхоўны суд у 1949-м так і не пачуў ад яе прызнання віны і пакаяння. Усе лагерныя дзяржыморды, як ні стараліся, не паставілі яе на калені. ЦК КПБ так і не прымусіў яе прыняць савецкае грамадзянства. Атэістычная ўлада не змагла адабраць у яе веры ў Бога. Татальная русіфікацыя не заглушыла на яе вуснах беларускай мовы. Цэнзура была змушаная прапускаць яе вершы ў друк… Ларысе Геніюш дадзена было перамагчы. І яна — з гледзішча вечнасці — перамагла", — гаворыцца ў прадмове.