У Зэльве лічыць немэтазгодным з’яўленне вуліцы імя Геніюш

Источник материала:  
05.07.2010 12:15 — Новости Культуры
Такі адказ з подпісам намесніка кіраўніка выканкама па ідэалогіі атрымаў на сваю пісьмовую прапанову сябра Партыі БНФ Яўген Скрабутан.

‑ Я накіраваў лісты ў міністэрства культуры і палату прадстаўнікоў з прапановай надаць вуліцы Савецкай у Зэльве імя Ларысы Геніюш — вядома, што славутая паэтка жыла тут даволі працяглы час. З’яўленне вуліцы, названай у яе гонар, было б добрым падарункам для зэльвенцаў, прымеркаваным да 100‑х угодак з Дня народзінаў Ларысы Антонаўны.

Адпаведны ліст быў накіраваны таксама да Мітрапаліта Філарэта, дзе адзначалася, між іншым, што Зэльвенская Свята‑Траецкая царква знаходзіцца на вуліцы, названай у гонар дзяржавы, якая лічыла рэлігію варожым інстытутам — на вуліцы Савецкай.

Так, адказу ад Філарэта актывіст не атрымаў, а міністэрства культуры ды дэпутаты парламенту перанакіравалі зварот ў Зэльвенскі райвыканкам і Гарадзенскі абласны выканкам адпаведна.

‑ Калі б немэтазгоднасць перайменавання вуліцы заключалася, напрыклад, у адсутнасці фінансавых сродкаў на гэтую мэту, яшчэ можна было б зразумець. Але афіцыйную пазіцыю ўладаў, што нібыта для бальшыні жыхароў слова «Савецкая» надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, я расцэньваю здзеклівай абразай не толькі прыхільнікаў творчасці Ларысы Геніюш, але і своеасаблівым «танцам на касцях» мільёнаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ды агідным пляўком у бок усяго хрысціянскага свету, — каментуе сітуацыю Яўген Скрабутан.

На сённяшні дзень у Зэльве распачаты збор подпісаў сярод жыхароў вуліцы Савецкай за наданне ёй імя Ларысы Геніюш.
Dzida.org

←Падчас дажджу найлепш займацца сексам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика