Запозненае вывяржэнне: поўны гід
Праблема запозненага вывяржэння насення ў мужчын — трэцяя па пашыранасці пасля разнастайных разладаў эрэкцыі і вывяржэння заўчаснага. Раней ЗВ было даволі рэдкай з’явай, але цяпер пракідваецца ўсё часцей.
Запозненае вывяржэнне — няздатнасць мужчыны завяршыць пачатае падчас уваходу ў похву. Мужчына можа зрабіць гэта або пры дапамозе мастурбацыі або пасля аральных любошчаў, пасля працяглай, паўгадзіннай ці нават даўжэйшай, стымуляцыі чэлеса. Калі мужчына хоча падоўжыць род, дык запозненае вывяржэнне робіцца сур’ёзнай праблемай. У дадатак, вынікам гэтага разладу можа быць дэпрэсія і ўхіленне ад полавых стасункаў з парнёркай увогуле, у той час як жанчына можа выгадаваць крыўду або абурэнне: «Я недастаткова прывабная для яго».
Існуюць тры катэгорыі прычынаў з’яўлення запозненага вывяржэння:
Фізіялагічныя. Гэта хваробы: цукроўка (дыябет), рассеяны склероз, пашкоджанні хрыбетніцы, рак, праблемы прастаты.
Уплыў медыкаментаў. Лекі супраць дэпрэсіі з сямейства SSRI: «Празак», «Паксіл» «Меларыл» могуць уплываць на вывяржэнне і яго спазненне. Як амаль заўсёды, алкаголь — таксама сярод уплывовых чыннікаў.
Псіхалагічныя прычыны:
1. Пачнем з Фройда. З гледзішча псіхааналізу, запозненае вывяржэнне — сведчанне неўсвядомленага страху або магчымай пагрозы — кастрацыі і смерці. А яшчэ гэта нежаданне дарыць — так званая анальная затрымка. Некаторыя мужчыны, кажуць фрэйдысты, не могуць дазволіць сабе мець асалоду. Усё гэта праз дзяцінства: маленькі хлопчык баяўся, што яго маці кіне яго, калі дазнаецца, што ён прыносіць асалоду самому сябе. Цяпер нават падрослы мужчына баіцца завяршыць, бо ягоная партнёрка заняла месца маці, а ён баіцца яе расчараваць.
2. Псіхалагічныя прычыны могуць быць і больш свядомыя. Напрыклад, мужчына прывык даходзіць да канца адно пры дапамозе мастурбацыі. Прычым толькі сваім адметным шляхам, з адмысловай частатой і ў адмысловай паставе. Напрыклад, мужчына можа скончыць адно пры дапамозе вялікага ціску на ягоны чэлес, то бок у пазіцыі, якую цяжка дасягнуць пры кантакце з жанчынай.
3. Мужчына выхоўваўся ў рэлігійнай сям’і або ў строгасці і мае прымхі стасоўна полавых дачыненняў. Такі мужчына падвержаны ўнутраным дакорам, якія таксама адмоўна ўплываюць на вывяржэнне.
4. Мужчына, які не можа наўпрост выказаць сваю злосць, абурэнне або адсутнасць прынад у дачыненні да сваёй партнёркі. Прычынай негатыўных эмоцыяў можа быць якая-небудзь траўматычная падзея з мінулага. Напрыклад, мужчына, які заспеў здраду сваёй партнёркі, цяпер, займаючыся з ёю сэксам, адчувае непрыязнасць.
Як даць рады запозненаму вывяржэнню?
1. Пачнем з выпадку, калі мужчына не можа скончыць ані ў ложку, ані самастойна, ані падчас эратычнага сну. Тут яму дарога напрасткі да ўролага і да ягоных настаўленняў.
2. Калі прычына —сталы прыём якіх-небудзь лекаў, дык, па-першае, ні ў якім разе не варта мяняць дазіроўку або спыняць прыём, а па-другое, варта звярнуцца да лекара, які тыя лекі прапісаў.
3. Прыслухацца да сваіх пачуццяў. Калі прычыны маюць псіхалагічны характар, дык спярша трэба высветліць, якія пачуцці нараджаюцца падчас любошчаў: Злосць? Страх? Дэпрэсія? Напружанне? Раз’юшанасць? Гэтыя пачуцці, і асабліва іх збыт, могуць быць прычынаю блакавання. Чым хутчэй мужчына зможа выказаць свае пачуцці партнёрцы або на прыёме ў псіхолага, тым хутчэй ён дасць рады неўсвядомленай адмове вывальніцца.
4. Парада жанчыне. Слухайце свайго мужчыну, ні ў якім разе не грэбуйце ягонымі прызнаннямі. І давайце мужчынскім праблемам сяброўскія, абцякальныя азначэнні, то бок не кажыце ў лоб словаў «запозненае вывяржэнне».
5. Фізіялагічныя парады. Пазнаёмцеся са сваёй цягліцай мачавіка (гэта тая, якой мы спыняем вывальненне ад водаў). Ёсць адно практыкаванне, якое дапаможа вам кантраляваць вывяржэнне. Сцісніце гэтую цягліцу і трымайце напятай 10 секунд, і гэтак 10 разоў. Ранкам і ўвечары. Праз тыдзень зможаце трымаць 30 секунд, і гэтак 10 разоў. Праз 12 тыдняў адчуеце розніцу.
6. А яшчэ варта засяродзіцца на тым, што здаецца вам сэксуальным у вашай партнёрцы: пэўная частка цела, або яе дзеянні, якія вас узрушваюць, або прынадныя паставы, якія яна прымае падчас любошчаў.
Сямён Цыбульскі