Фестываль “Магутны Божа” ў мінулым?
29.06.2010 17:37
—
Новости Культуры
Разгубленыя магілёўцы гэтымі днямі спрабуюць дазнацца адзін у аднаго (бо афіцыйнай інфармацыі бракуе) пра тое, ці адбудзецца сёлета ў горадзе на Дняпры знакаміты Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”.
…І пілігрымнай хадой
На гэтым тыдні, як вынікае з афіш філармоніі, пройдзе некалькі канцэртаў, аб’яднаных тэмай “Духоўная скарбніца”. Толькі самыя пільныя магілёўцы заўважаюць, што па-над вялікімі літарамі афішы з раскладам некалькіх канцэртаў непрыкметнай дробнай выявай (каб асабліва не кідацца ў вочы) размешчаны і знакаміты лагатып фестывалю “Магутны Божа”. Але відавочна, што з боку гарадскіх улад, якія арганізуюць гэтыя канцэрты, адрасаванне да былога фэсту з’яўляецца не больш чым сарамлівай спробай схаваць сапраўдны стан рэчаў. А менавіта - фактычную ліквідацыю свята духоўнай музыкі і духоўнага яднання людзей з розных краін свету, якія 17 апошніх гадоў дабіраліся сюды не толькі транспартам, але і пілігрымнай хадой…
Адкрываўся і закрываўся кожны фестываль урачыстым выкананнем зводнымі хорамі ўдзельнікаў велічнага твора Н. Арсеньевай і М. Равенскага “Магутны Божа”, які і даў назву фестывалю. Дэмакратычная беларуская супольнасць здаўна вызнае яго за сапраўдны нацыянальны гімн. Пад гэтыя кранальныя гукі і хвалюючыя словы самі сабой у гледачоў вырываліся воклічы “Жыве Беларусь!”, і ў розных кутках канцэртных залаў, і на адкрытых пляцоўках успыхвалі, нібы агеньчыкі, салюты з бел-чырвона-белых сцяжкоў.
Нядоўга музыка іграла
Улада ўсю гэтую крамолу цярпела нядоўга. Спачатку да “каталіцкага” свята была далучана праваслаўная царква - праз віншавальнае слова мясцовага ўладыкі, якое ўпершыню прагучала на адкрыцці 4-га па ліку фестывалю. У праграму дагэтуль экуменічнага, па сутнасці, свята былі ўключаны праваслаўны Хросны ход па цэнтры горада і свята праваслаўных царкоўных званоў. Затым сваім рашэннем улада ліквідавала грамадскі фонд фестывалю, куды ўваходзілі прадстаўнікі некалькіх дэмакратычных суполак, у тым ліку (страшна сказаць) і БНФ. А там ужо ад арганізацыі мерапрыемства быў фактычна адсунуты і магілёўскі касцёл святога Станіслава. Пры тым, што менавіта яму разам з першым тутэйшым пробашчам ксяндзом Уладзіславам Блінам належыць як ідэя заснавання фестывалю, так і яе рэальнае ўвасабленне ў самы “развальны” перыяд - на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пазней касцёлу, ужо з новым пробашчам Раманам Факсінскім, засталіся толькі пытанні пошуку спонсарскіх сродкаў на ўладкаванне прыезджых музыкаў і гасцей з краін, дзе грамадзяне масава вызнаюць каталіцкую веру (маўляў, самі за сябе і плаціце)…
Паступова, але настойліва і ўпарта ўлада ішла да пазбаўлення фестывалю менавіта духу свабоды і яднання людзей у канцэртных залах і на адкрытых гарадскіх пляцоўках. Штогод меншала колькасць удзельнікаў конкурсу і краін, адкуль яны прыбывалі. Ужо не верылася, што на першых фестывалях разам з блізкімі суседзямі ўдзельнічалі і госці з Амерыкі, Італіі, Францыі, Нямеччыны, Іспаніі. Урэшце фэстываль пачаў укладвацца ў часавыя рамкі, меншыя за тыдзень. Праграма свята і яго афіша станавіліся ўсё больш сціплымі. Конкурсная частка фестывалю па пэўных прафесійных намінацыях пачала праводзіцца для журы ў закрытым рэжыме - у пустых залах, без гледачоў і журналістаў. З пэўнага часу квіткі на канцэрты фестывалю перасталі мець сімвалічны кошт, і ўлада пачала іх “арганізавана” (то бок прымусова) распаўсюджваць па прадпрыемствах і арганізацыях.
Пра ўсё гэта з вялікім сумам гавораць тыя магілёўцы, якія памятаюць лепшыя часы.
Што атрымліваем узамен
Генадзь Суднік, журналіст:
- На жаль, няцяжка было прадбачыць, што такі фестываль, як “Магутны Божа”, духоўным і музычным камертонам якога з’яўляўся аднайменны беларускі гімн, доўга не пражыве пад пільным вокам цяперашняй улады. Апошняя заклапочана гартаваннем у людзей “здаровага цела”. Тут у нас днямі праходзіла рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. З раніцы да вечара праз “радыёзваны”, што як у перадваенныя часы ўсё яшчэ развешаны на слупах па цэнтральнай вуліцы горада, гучала зусім іншая музыка. Шчыра скажу, што спачатку не верылася, што вось гэтыя - нават не савецкія, а сталінскія - маршы і песні сапраўды гучаць сёння над нашым сучасным горадам у нашай сучаснай суверэннай краіне…
Сяргей Загоркін, вернік:
- Якія святочныя гэта былі дзянёчкі раней, які настрой панаваў сярод усіх, хто наведваў канцэрты і выступы! Але заўсёды адчувалася, што ўладзе ў гэтым нешта не падабаецца. Некалькі разоў быў сведкам затрымання міліцыянтамі на адкрытых канцэртных пляцоўках маладых людзей, якія трымалі ў руках непажаданыя сцяжкі ці раздавалі людзям віншавальныя паштоўкі. Людзей у тых паштоўках грамадскія дэмакратычныя суполкі віншавалі са святам, якое, як было напісана, “спрыяе адраджэнскаму нацыянальнаму абуджэнню”. Некага з афіцыйных асоб і структур гэта, відаць, палохала. Вось і прыбралі разам з паштоўкамі і сам фестываль. Што ад яго засталося? Так, у касцёле чакаецца ў гэтыя дні арганны канцэрт, але ўсе разумеюць, што гэта - эпізод, а не тое свята, што было ў нас раней…