У Наваградку на Барысаглебскай царкве хочуць усталяваць «цыбуліны»

Барысаглебская царква ў Наваградку. Помнік, гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі. Фота Змітра Міхневіча.

Цыбуліны ўжо вырабленыя. Фота Змітра Рагачова.
Cтаршыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся ў Міністэрства культуры Беларусі. Зварот звязаны з запланаванай зменай аблічча Наваградскай Барысаглебскай царквы XVI—XIX стагоддзяў.
«Паводле звестак таварыства, праводзяцца працы па рэканструкцыі царквы без дазволу Міністэрства культуры, працы гэтыя прывядуць да неабгрунтаванай змены аўтэнтычнага аблічча помніка архітэктуры», — адзначае Антон Астаповіч:
— Зараз на вежы гэтай гатычнай царквы без узгадненняў, без навуковых абгрунтаванняў, без адпаведнай дакументацыі, прыход хоча паставіць цыбулепадобныя залатыя купалы. Гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Па-першае, парушана сама працэдура выканання прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, а яна ў нас жорстка рэгламентавана заканадаўствам. Па-другое, гэта прывядзе да змены аблічча гатычнага помніка.
Антон Астаповіч просіць Міністэрства культуры, каб для забеспячэння кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Наваградскім раёне, накіраваць на адрас Наваградскага райвыканкама і праваслаўнага прыхода Барысаглебскай царквы прадпісанне аб спыненні незаконных прац.
Ганна Шайкоўская, Радыё Рацыя