Фэст у Наваградку. Як гэта было

Источник материала:  
24.06.2010 19:15 — Новости Культуры
Усё пачалося 10 гадоў таму. Дзесяткі тысяч гасцей, бел-чырвона-белыя сцягі і беларуская мова. І амаль ніякай камерцыі.

Фэсты ператвараюць старажытны Наваградак у арэну сярэднявечных сечаў.

Праект "Легенды з пяску" — заўсёдны госць фэсту. Фота Андрэя Лянкевіча.

У 2004 г. у Наваградак прыехалі Аляксандра і Канстанцін. Фота Андрэя Лянкевіча.

У дем турніраў у Наваградку можна пабачыць нацыянальную сімволіку.

25-27 чэрвеня 2010 г. у Наваградку пасля перапынку ў чатыры гады пройдзе чарговы Фэст сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак». Гэта будзе пяты па ліку фестываль, першы ж адбыўся 10 год таму. Па-сутнасці, гэта быў першы ў Беларусі фэст такога кшталту. Потым былі сярэднявечныя фэсты ў Мядзелі, Лідзе, Браславе, Полацку, аднак толькі ў першай сталіцы ВКЛ свята стала рэгулярным. Прапануем нашым чытачам коратка азнаёміцца з гісторыяй фэстаў у Наваградку

2000

24-25 чэрвеня ў Наваградку прайшоў І Фэст сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак». Дагэтуль падобных фестываляў у нас ніхто не ладзіў, таму зацікавіў ён не толькі беларусаў, але і замежнікаў. Асвятляць яго прыехалі вядучыя расійскія тэлеканалы, а адзін з супрацоўнікаў «НТВ» прыехаў у якасці ўдзельніка. Фэст запомніўся, натуральна, не толькі тым, што ён быў першым. Бадай за ўсю сваю сучасную гісторыю 30-тысячны Наваградак не перажываў такога наплыву гасцей. Па розных ацэнках на свята з’ехалася да 40 тысяч гасцей. Пры гэтым, першы фэст здолеў абысціся без празмернай камерцыялізацыі. Прынамсі перасоўванне па ўсіх святочных пляцоўках было вольнае Сярод гасцей фэсту было шмат беларускамоўных, многія прывезлі ў Наваградак бел-чырвона-белую атрыбутыку. Міліцыя спрабавала ўмешвацца, але відавочна была не гатовая да такога павароту падзей.

Улады гораду надзвычай горача віталі ідэю правядзення фэсту, што стала зарукай ягонага наступнага існавання. Што праўда, першы фэст абышоўся без капейчыны бюджэтных грошай — усе выдаткі (каля $30 тыс.) узялі на сябе арганізатары.

Разынкай І «Наваградскага замку» стала інсцэніроўка штурму замка тэўтонцамі 1394 г.

2002

29-30 чэрвеня. Фэст расце. Калі ў 2000-м у ім удзельнічала каля 200 чальцоў гістарычных клубаў, то гэтым разам рыцараў было каля 700. Фэст 2002 года прысвяцілі 750-годдзю каранацыі Міндоўга. З гэтай нагоды ў Наваградак завітаў скульптар Генік Лойка з мастацкім праектам «Легенды з пяску». Цягам фэсту на замкавай гары паміж муроў узнікла скульптура Міндоўга з пяску. Гэтым разам замчышча ізноў штурмавалі цяжкаўзброеныя крыжакі, дапамагала ім сярэднявечная артылерыя. На замчышчы былі ўзведзеныя часовыя драўляныя ўмацаванні.

Свае высновы з мінулага фэсту зрабілі сілавікі. На вуліцах Наваградка была зладжаная самая сапраўдная дэманстрацыя сілы: як жартавалі госці фэсту, акрамя рыцараў на вулках гораду можна было пабачыць прадстаўнікоў незарэгістраваных клубаў «Мільтан» і «Аман». Міліцыя наладзіла паляванне за гаспадарамі «незарэгістраванай» сімволікі. Тыя адказалі вынаходлівасцю: да сцягоў прывязвалі балонікі і выпраўлялі палотнішча ў паветранае падарожжа над вуліцамі і плошчамі гораду.

2004

14-15 жніўня. Трэці фэст пачаўся з дажджу. Неспрыяльнае надвор’е адпалохала многіх, хто збіраўся ў тое лета ў Наваградак. Першы дзень фэсту паставіў своеасаблівы антырэкорд па наведвальнасці: на адкрыццё свята прыехала каля 10 тысяч чалавек, што было нязвыкла ў параўнанні з мінулымі фестывалямі. Свята відавочна перажывала крызіс жанру: усё тыя ж атракцыёны, тыя ж забавы, знаёмыя твары. Фэст усё больш камерцыялізаваўся. Ратавала справу добрая музыка: зоркамі наваградскага фэсту сталі львоўскі «Бурдон», піцерскі «Дролс». Сваю праграму ў Наваградку прэзентавалі дэбютанты ад Беларусі на «Еўрабачанні» «Аляксандра і Канстанцін».

Адной з цікавостак трэцяга фэсту сталі баі сярэднявечных ваяроў, ахопленых полымем.

2006

1-2 ліпеня. «Наваградскі замак — 2006». Што тут сказаць? Фэст стаў добрай традыцыяй. Яму ўжо падай не маглі нашкодзіць ні чэргі па шашлыкі на цэнтральнай плошчы, ні кітайскі шырспажыў у кожнай трэцяй палатцы. Дзесяткі тысяч гасцей – як адданых прыхільнікаў, якія закахаліся ў Наваградак шэсць гадоў таму, так і зачараваных сваім першым пранікненнем у сярэднявечча неафітаў. Чароўная музыка і скокі на плошчы, што ўсё яшчэ чакае на свайго Караля, бразгат цяжкай зброі ды іржанне коней на замчышчы. А яшчэ дзесяткі бел-чырвона-белых сцягоў па ўсім горадзе.

Так было даўней. Як будзе гэтым разам, чытайце тут


Сямён Печанко

←На «Славянском базаре» выступит Тото Кутуньо и «Серебряная свадьба»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика