Сіндром малога чэлеса. Частка ІІ
У першай частцы артыкулу мы засяродзіліся на сіндроме малога чэлеса. Гэты псіхалагічны разлад, які жывіцца неадчэпнымі думкамі, можа прывесці да полавай нямогласці, заўчаснага або запозненага вывяржэння насення, да ўхілення ад полавых кантактаў, а то і ад рамантычных сувязяў увогуле. Усяму віной збыткоўнае жаданне паспаборнічаць з іншымі мужчынамі, няведанне простых медычных фактаў пра полавыя органы ды інш. У другой частцы артыкула «Сіндром малога чэлеса» мы працягнем пераконваць мужчын, што малых чэлесаў амаль не бывае.
1. Яшчэ адзін доказ, што ўсе праблемы з даўжынёй — у мужчынскай галаве. У ЗША правялі апытанне 50 тысяч гетэрасэксуальных жанчын і мужчын — і што ж высвятляецца? Мужчын, незадаволеных памерамі сваіх «прыладаў», цэлых 45 адсоткаў. А жанчын, незадаволеных габарытамі полавых органаў іх партнёраў, — усяго 15% (гэта значыць 85% — цалкам ухваляюць).
2. Цяжка зразумець мужчын, якія мераюцца з іншымі, калі іх начынне перабывае як правіла ў расслабленым стане. Галоўны ж стан полавага органа — напяты. Наважымся дапусціць, што тут прысутнічае не жаданне працягнуць род, прынесці асалоду жанчыне і сабе самому, а нешта іншае — адвечная мужчынская схільнасць да спаборніцтва ва ўсім-любым. Не забывайцеся, што памер чэлеса ў разняволеным стане не сведчыць пра ягоныя памер падчас эрэкцыі. Даследчыкі Мэстэрс і Джонсан (1966) статыстычна давялі, што сярэднестатыстычны напяты чэлес — гэта прыблізна 12-13 сантыметраў і што пры эрэкцыі маленькія чэлесы падаўжаюцца прапарцыйна значна больш за вялікія. І што расавыя адрозненні не ўплываюць на памер.
3. Абгляданне «гонару« зверху, а яшчэ наяўнасць густых кушмаковых (лабковых) валасоў — усё гэта працуе на аптычнае змяншэнне органа. У дадатак полкі тлушчу, што, як правіла, уфармоўваюцца ў ніжняй частцы жывата і часцяком папросту хаваюць ад вачэй мужчыны яго «багацце». Скіньце збыткоўныя кілаграмы і ўсё ўбачыце.
4. Як на тое, дык жаночы арганізм патрабуе не даўжыні, а таўшчыні. Тлумачыцца гэта тым, што аб"ёмны орган цвяліць секель (клітар) значна эфектыўней за даўгі, але тонкі чэлес.
5. Наастатак. Мужчыны, праяўляйце цікавасць не да вашых органаў, а да вашых жанчын. Засяродзьцеся на памерах вашай адданасці ёй, думайце пра велічыню ўвагі да яе. Не забывайцеся, большасць жанчын ацэньвае мужчыну не з лінейкай.
Сямён Цыбульскі