Адказная місія
24.06.2010
—
Новости Культуры

У Прэзідэнцкай бібліятэцы беражліва захоўваюцца ўнікальныя выданні з Тургенеўскай бібліятэкі Парыжа
Тут па-хатняму ўтульна і спакойна. Кветкі, дываны, карціны… У бібліятэкі асаблівы статус: разам з навукоўцамі абслугоўваюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады і кіравання.
Спачатку гэта быў філіял Дзяржаўнай бібліятэкі і бібліяграфічнага інстытута, пазней самастойная Урадавая бібліятэка. Між іншым, у 30-я гады бібліятэка працавала без выхадных амаль да дванаццаці гадзін ночы! І працаваць было з чым: даваенны фонд налічваў каля 250 тысяч тамоў, у асноўным кнігі па эканоміцы, палітыцы, грамадскіх навуках. Пад час Другой сусветнай фашыстамі былі знішчаны ўсе да адной бібліятэчныя кнігі. Але ўжо з 44-га фонд пачаў паступова аднаўляцца. А праз восем гадоў яго аб’ём дасягнуў даваеннага ўзроўню, у тым ліку і за кошт трафейных кніг.
— Пасля вайны з Германіі ў Беларусь прывезлі два эшалоны кніг, іх разабралі нашы бібліятэкі, — расказвае Валерый Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі. — Вядома, гітлераўцы рабавалі многія еўрапейскія краіны. Таму былі там кнігі і з Парыжа, Амстэрдама, Антверпена… Так, дарэчы, трапілі да нас выданні і з французскай “Тургенеўкі”.
Гэта, варта нагадаць, была першая руская грамадская бібліятэка, створаная 135 гадоў таму рускімі эмігрантамі ў Парыжы, у многім дзякуючы Івану Тургеневу. На пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем “Bibliothèque russa Tourguéneff” аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы каля пяцісот яе дакументаў: кнігі, часопісы, газеты. Дарэчы, абмяркоўвалася магчымасць выкарыстаць гэты скарб у якасці абменнага матэрыялу пад час вяртання беларускіх каштоўнасцяў з-за мяжы.
Між тым, у паўтарамільённым фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі захоўваюцца дакументы і з Супральскага манастыра ў Польшчы, з бібліятэк расійскіх імператараў, з калекцыі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў. Цікава было патрымаць у руках двухсотгадовы слоўнік з экслібрысам Ежы Радзівіла і... поўнасцю спісанымі вокладкамі. Можа, нехта, не могучы запомніць складаныя словы, выпісваў іх на больш бачнае месца? Па кнігазборы можна і характар іх гаспадароў вывучаць.
Скажам, уладальнік кёльнскага філасофскага трактату «De imperio virtutis» — самай старажытнай кнігі ў бібліятэцы — быў, відаць, вельмі беражлівым чалавекам. Бо цяжка было паверыць, што гэтаму акуратнаму выданню аж 416 гадоў! Ёсць у бібліятэцы і такія дакументы, якіх няма больш нідзе: напрыклад, Карта Беларусі 1772 года ці гравюра Напалеона Орды "Каралін пад Пінскам".

Так што бібліятэка сёння “на ты” з камп’ютарам і Інтэрнэтам. Дарэчы, на яе вэб-сайце можна скарыстацца паслугамі службы электроннай дастаўкі дакументаў, віртуальнай даведкі. Можна прайсціся па віртуальных выставах бібліятэкі, даведацца вэб-адрасы дзяржаўных устаноў Беларусі і афіцыйных сайтаў кіраўнікоў розных краін.
Выконваць адказную місію — належным чынам абслугоўваць чытачоў і беражліва захоўваць унікальныя выданні — калектыву бібліятэкі дапамагае і вопыт замежных калег. Бо ёсць міжнародныя дамовы, паводле якіх гэтая ўстанова актыўна супрацоўнічае з адпаведнымі бібліятэкамі ЗША, Польшчы, краін Балтыі, СНД.
Людміла Мінкевіч