Раман Абрамчук. Экскурсія для замежнікаў. Верш
— Вы са Швейцарыі? Вам падаць паліто?
Сіль ву пле, ву, а ля, не падаў… ну і што.
Не прывучаны. Волас узбучаны.
Не прывыкшы. Пароды не той.
Вы смяяліся з словаў маіх пра Сапегу,
Што Статут напісаў
Ды мудрэй за сваіх еўрапейскіх калегаў?
Мне шкада, што не верыце. Бо
Гэта так і было.
Наш Скарына найпершы на гэтых абшарах
Выдаваў свае кнігі… Вы кажаце — мары?
…Але гэтай Пагоні маёй ім было не спыніць
Бо гарэлі падковы.
Яна бегла далей праз сумніўнасці церні,
Я ім закладаў у галовы:
«Гэта не ёсць для нас новым».
Але я вам кажу — гэта гонар наш,
Цэнтр, і сэнс, і аснова.
Вам сабораў тутэйшых барока — «чаго тут дзівіцца»?
А для нас гэта скарбы, падмуркі, муры і крыніцы.
Захапіліся серпам і молатам? Што ж, тут такога багата,
Краявідаў такіх не схаваеш: дзесяткі на плошчаў квадратах.
Але
І таму вельмі радыя.
Вось іншае, ешце:
Сэрца горада — наша Няміга ўскудлачаная.
Вытыркаецца кожны будынак. Усё ёсць і ўсяго недастача.
Тут савецкіх прывідаў грувасткіх трывожныя цені,
А пад імі — кавярня, у кавярні за столікам — Ленін.
Пасядае за кавай паважна на сотнях
А пад столікам — брудна. Канава.
З яе берагоў
Патыхае касцямі
Ужо сто
У калектар загнаная.
А над гэтым усім —
Неба
і
Правады скрыжаваныя…
* * *
— Прыязджайце яшчэ, пачастуем мы каваю зноўку вас,
З малаком і вяршкамі
Як сабе, так і вам,
Нашым добрым гасцям.
Пакуль самі сабе не нальём чагось лепшага.
Пакуль нашым жанкам паліто не падам,
Не падам я і вам, нашым звышвыкшталцоным
Замежным сябрам…