Валянцін Акудовіч: “Чалавек жыве залішне доўга”
18.06.2010
—
Новости Культуры
18 чэрвеня спаўняецца 60 гадоў Валянціну Акудовічу. Урачыстыя вечарыны, таставальныя застоліцы, сур’ёзныя адказы на пытаньні несур’ёзных журналістаўня значацца ў раскладзе знанага філёзафа і літаратара з нагоды круглай даты ў жыцьцяпісе.Сьвяточную мітусьню ён прамяняў на цішыню глухіх пералескаў на берагах нясьпешных беларускіх рэчак, згадзіўшыся перад воднай вандроўкай адказаць на пытаньні Валянціны Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадар Акудовіч, я прапаную кароткі экскурс у ваш жыцьцяпіс. Прычым, беручы ў ім роўненька па дзясятку. Гэткім чынам, дзесяць гадоў таму вы пайшлі працаваць кладаўшчыком у турыстычную фірму. Яшчэ дзесяць гадоў перад тым, у 1990-м, сталі старэйшым выкладчыкам на катэдры спартовага турызму беларускае філіі тады яшчэ ўсесаюзнага Інстытуту турызму. У 1980-м скончылі Літаратурны інстытут імя М.Горкага і ў той жа год атрымалі званьне майстра спорту СССР па спартовым турызьме. А вось у 1970-м вас узнагародзілі мэдалём “За воінскую доблесьць”. За што была ўзнагарода?”
Акудовіч: “Гэта было падчас службы ў войску. Аскепак гранаты ў мяне патрапіў. Вось і ўвесь мой гераізм. Хіба што я мужна перанёс тое раненьне”.
Аксак: “Вось жа нездарма кажуць, што нешта на некага падае – і ў чалавеку адкрываюцца таленты! Так бы можа былі шараговым грамадзянінам, а сталі выбітным філёзафам і літаратарам. Але гісторыя маўчыць пра тое, што з вамі адбылося дзесяць гадоў да таго, як вас узнагародзілі мэдалём “За воінскую доблесьць”, а менавіта ў 1960-м?”
Акудовіч: “Ну, па-першае, гэта ня так, што той злашчасны аскепак гранаты радыкальна паўплываў на выбар ці пошукі сябе як сябе. Усё-ткі я зь дзяцінства марыў стаць пісьменьнікам. З самага малога ўзросту я проста быў закаханы ў кнігу як такую і абагаўляў людзей, якія могуць самі пісаць кнігі. Так што гэта мара дзяцінства, і я яе ўсё-ткі зьдзейсьніў сам. А што да пытаньня што было ў 60-м годзе? Можа, напісаў першы верш, можа, штосьці яшчэ здарылася важнае. Яно павінна было здарыцца, проста я ня памятаю, што канкрэтна. Але я з такой цікавасьцю паслухаў складзеную вамі храналёгію і запэўніўся, што нешта мяне павінна чакаць і ў гэтым годзе такое канцэптуальнае”.
Аксак: “Прынамсі, чакае 60-годзьдзе. Дарэчы, такі ўзрост нешта азначае ў вашым сьветапоглядзе, неяк мяняе ракурс погляду на жыцьцё, на падзеі, на космас, на людзей, на краіну?”
Акудовіч: “Ведаеце, мяняе. І сур’ёзна мяняе. Вось калі кажуць, што ўзрост – гэта стан душы ці свайго ўнутранага пачуваньня, я думаю, што яны, па-расейску кажучы, лицемерят. Для мяне 60-годзьдзе – гэта канцэптуальнае афармленьне і завершанасьць сябе як творчай асобы. У мяне ёсьць адно ненапісанае эсэ, якое будзе называцца “Лішняе жыцьцё”. У яго аснову будзе пакладзеная вельмі скрушная тэза пра тое, што чалавек жыве залішне доўга. Ні прыродай, ні сваёй унутранай канстытуцыяй ён на гэта не разьлічаны. Вось тыя сорак зь нечым гадоў, якія эўрапейскі чалавек жыў у сярэднім некалькі стагодзьдзяў таму, яны адэкватныя задуме прыроды адносна ўзросту. Але гэта асобная складаная і супярэчлівая тэма. Я яе закрануў трошкі толькі для таго, каб сказаць, што 60 – гэта завершанасьць. Гэта ня значыць, што далей нічога вартага я ня буду рабіць. Буду. І якраз ніяк не магу спыніцца. Вось толькі за апошнія месяцы быў у Гётэнгэме ў Нямеччыне, дзе ладзілася такая арганізацыйна-дзейная гульня па праблемах культуры. Затым удзельнічаў у фэсьце “Дні беларускага слова” ў Маскве, дзе чытаў у акадэмічным Унівэрсытэце праблемаў гуманістыкі адкрытую публічную лекцыю. Толькі што вярнуўся з вандроўкі са швэдзкімі літаратарамі па Беларусі. Цяпер вось зьбіраюся ў вандроўку на байдарках, потым буду чытаць некалькі дакладаў у міжнароднай летняй школцы пад Вільняй... Але, бачыце, усё гэта – факультатыў, бо ўсё самае істотнае ўжо зроблена. І нават тая кніга, над якой я цяпер карпею і якая для мяне вельмі істотная, каб даканцэптуалізавацца філязофскі, а магчыма, і творча (гэта кніга, у якой я дасьледую праблему “нішто”, як яна паўстала ў антычнай філязофіі, як разгортвалася ў хрысьціянскай Эўропе, затым у такіх слынных мысьляроў як Гайдэгер, Сартр, і затым свая візія гэтай праблемы і палеміка са слыннымі папярэднікамі), гэта ўсё – альбо тое, што я не дарабіў, прыдумаўшы ў тыя творчыя гады, альбо тое, што за мяне можа зрабіць нехта іншы. Гэта ня ёсьць тое, што толькі мне наканавана. Да 60-ці, нават да 50-ці ў чалавека даволі часу, каб нарадзіцца, каб нарадзіць сваіх нашчадкаў, каб пабудаваць дом, каб выкласьці свае галоўныя тэорыі, каб напісаць свае лепшыя вершы, паэмы, раманы, каб зрабіць усё, што табе прызначана. Далей – ты можаш рабіць альбо не рабіць. Ты ўжо сваё зрабіў”.
Аксак: “У вас шмат эсэ, прысьвечаных пытаньням, што ёсьць Беларусь і беларусы. Скажыце, вас не спрабавалі ангажаваць палітыкі ў свае каманды дзеля выпрацоўкі ідэалёгіі іхняй перадвыбарчай барацьбы? Цяпер вось якраз ізноў гэтыя рэчы надзённыя”.
Акудовіч: “Палітыкі мяне вельмі актыўна скарыстоўвалі ў свой час, каб, напэўна, я ім дапамог як філёзаф зразумець Беларусь, і на што ім як палітыкам трэба зьвяртаць найперш увагу. Але за ўсімі гэтымі запытаньнямі заўсёды хавалася адно: ці не падкажу я ім, як перамагчы. А паколькі я ня мог хлусіць і казаў, што ня бачыць ім перамогі, як сваіх вушэй, то яны хутка гублялі цікавасьць да філёзафа Акудовіча. І я думаю, што цяперашнія палітыкі, паколькі гэта ўсе старыя палітыкі, яны ведаюць, што ад мяне можна чакаць, таму цяпер староняцца. Яны ўсе мяне пабойваюцца”.
ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. ПРАЧНУЦЦА Ў СВАЁЙ КРАІНЕ
Сэнтымэнтальнае эсэ
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсьцешана падумаць, што ў цябе ёсьць свая краіна! Пра нешта такое, бадай, кожнаму сьветла думаецца пасьля вяртаньня з далёкага замежжа. Але ўсю кранальную пяшчоту гэтага здумленьня можна адчуць адно тады, калі раней у цябе сваёй краіны не было…
Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасьля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага па-сутнасьці жыў у нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто. Праўда, апошняе зусім не азначае, што я жыў ніяк. Паводле мовы тадышніх ідэолягаў, у мяне было “шчасьлівае дзяцінства”. А маладосьць апынулася яшчэ больш багатай на радасьць, бо я атрымаў напоўніцу ўсяго, чаго прагне чалавек у хлапечыя гады – сяброў, каханьняў, вандровак, ведаў… За тую пару я абхадзіў, лічы, усе горы “адной шостай часткі зямной сушы” (мэтанімічны троп Савецкага Саюзу), скончыў ці ня самы прэстыжны інстытут камуністычнай імпэрыі (Літаратурны ў Маскве) і зразумеў сябе як “трансцэндэнтнага суб’екта” (Кант), гэта значыць, пачуў магутны покліч мэтафізычнай вусьцішы і прыняў яе выклік.
Карацей кажучы, за пару маладосьці я займеў сабе ў падставы даволі ўсяго, каб паўнавартасна пражыць астатняе жыцьцё. І, пэўна, пражыў бы яго ня горш за іншых, а пасьля сыйшоў бы з дымам у нябёсы праз комін маскоўскага крэматорыя (напрыканцы вучобы мне настойліва прапаноўвалі прапіску і літаратурную працу ў Маскве)…
Цяпер, калі я згадваю, што так яно і насамрэч магло збыцца, мне ўмомант робіцца млосна. Як лёгка чалавеку разьмінуцца з уласным лёсам! І як мала ад самога чалавека залежыць, каб гэтак не сталася. Варта было затрымацца незалежнасьці Беларусі, і я ніколі нават не даведаўся б, што насамрэч пражыў сваё жыцьцё, як чужое.
Магчыма, тут нехта запярэчыць, маўляў, як бы жыцьцё ні склалася, – яно толькі тваё, і з гэтага ня можа быць табе чужым. Выглядае слушна, але скуль тады ўсеахопная млосьць, калі я падумаю пра сябе без Беларусі?!
Я выдатна разумею, што гэткая амаль містычная патрэба “сваёй краіны” вярэдзіць далёка ня кожнага. Шмат для каго ўвогуле не істотна, дзе жыць, а істотна толькі колькасьць і якасць магчымасьцяў пражываньня жыцьця. Але гэтае эсэ я пішу перадусім дзеля расповеду пра ўласнае. А ў маім выпадку наяўнасьць незалежнай Беларусі канцавая, бо празь яе я знайшоўся сам для сябе.
*
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… А потым, схапіўшыся за справы, адразу згадаць, што твая краіна не зусім твая, бо куды вокам ні кінь, амаль усё табе тут не пасуе: і паноўная мова, і звычаі, і нават ты сам сабе ў не-тоеснасьці сваёй краіне.
І так яно, лічы, ува ўсіх – з чаго нідзе і ні ў чым мы ня маем згоды. Верагодна, таму кожнае значэньне ў нас да абсурднасьці шматсэнсоўнае, а ўсялякая падзея набывае столькі канатацыяў, што сярод іх, як кажуць, сам чорт нагу зломіць. Мы нават асноўных граматыкаў маем як найменей тры. Дзіўна толькі, чаму ў нас арытмэтыка ўсяго адна?
Таму жыць у Беларусі і ня быць шызафрэнікам немагчыма.
Хаця калі некага паймо “шызафрэнік” моцна абражае, магу ў заменьнік прапанаваць больш шляхетнае азначэньне. Беларусы спрэс і наскрозь амбівалентныя, гэта значыць натуральна ўнармаваныя ў супярэчнасьці, якія радыкальна адмаўляюць адна адну. І так ня сёньня сталася, прыгадаем хаця б нашу славутую талеранцыю, якая здавён трывала самыя жорсткія апазыцыі ў жыцьці побач зь іншым.
Зрэшты, тут я меруся распавесьці не пра беларусаў увогуле, а толькі пра сябе ў праекцыі на сваю краіну… Дык вось, калі Беларусь раптам здарылася, мне яшчэ трэба было зрабіцць з сябе беларуса, каб мець магчымасьць ушчыльную прытоесьніцца да яе. Справа не выглядала простай, але дапамагала тое, што на тую пару ў гэтую справу навалай улегліся дзясяткі, а мо і сотні тысяч людзей. Як на мой розум, дык тая экзыстэнцыйная мадэрнізацыя беларусаў па духоўнай значнасьці нічым не саступала перастварэньню паганцаў у хрысьціянаў.
Вядома, найбольшай праблемай рушэньня ў беларусы была мова. Цікава, што кожны гэтую праблему вырашаў на ўласны спосаб, бо дзяржава супраціўлялася прыйсьцю беларушчыны. Пра свой пэрсанальны досьвед вяртаньня ў мову я распавёў на старонках кнігі “Дыялёгі з Богам”. Той сюжэт канцаваўся наступным фрагмэнтам:
“Мінула колькі год, я ўжо нязмушана думаў, пісаў, размаўляў і спрачаўся па- беларуску і ўвогуле даўно забыўся на мову як на ўласную праблему… Але вось аднойчы прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне вярэдзіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, аднак спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут справа, пакуль не дапетрыў, што ў тым сьне і я сам, і мае інфэрнальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.
Я шчасьліва заўсьміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да Беларусі! Бо калі на мове ўжо загаварыла тваё падсьвядомае – дык далей няма куды.
Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.”
*
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… І аднойчы зразумець, што яна ніколі ня стане тваёй, калі ты не заб’еш у сабе штучна прыдуманага ідэолягамі нацыяналізму беларуса. Гэтае бязьлітаснае здумленьне скалане мяне яшчэ ў пару панаваньня праменістых нацыянальных ідэалаў. Таму я доўга нікому не скажу пра сваю эўрыстыку, адно буду палохацца яе, застаўшыся сам-насам.
Тым часам праменісты ідэалізм у каламуці рэальнасьці спакваля сыходзіў на нішто, пагражаючы зноў пакінуць мяне без сваёй краіны. Суіцыд рабіўся непазьбежным. Я неадкладна мусіў забіць у сабе беларуса, створанага нацыянальнымі рамантыкамі невядома дзеля якой, але відавочна ня гэтай краіны. Ён ня меў нічога агульнага з тым чалавекам, што цяпер жыў на тутэйшых абшарах і да таго ж не пасаваў таму часу (постмадэрноваму), у якім жыў я.
Аднак найбольшай хібай гэтага штучна вымудранага голема было тое, што ён ахопліваў толькі адно (нацыянальнае) вымярэньне адвечна шматвымернай беларускай суб’ектнасьці. Гэты лёгацэнтрычна просталінейны канструкт па азначэньні адмаўляў талерантную амбівалентнасьць, шызафрэнічную размаітасьць, не-лінейную ўсеахопнасьць (і да т.п.) нашай мэнтальнасьці. Інакш кажучы, ён загадваў мне атрусіцца ад тутэйшай шматстайнасьці, каб такім чынам перарабіцца з чалавека ў ідэалягічнага курдупеля (і гэта ў эпоху краху ўсіх ідэалёгій!). Больш за тое, ён рашуча патрабаваў, каб я праз уласныя вымогі запыніў “ліючыюся форму… адвечнага беларускага шляху” (Ігнат Канчэўскі) ў нерухомай нацыянальнай канструкцыі…
Шчыра кажучы, мне было ня толькі страшна, але і шкада нішчыць у сабе гэтага апантанага нацыяналізмам чалавека. Я ж ня збыўся мары аб тым, каб Беларусь сталася спрэс беларускай. Але вось сама Беларусь нічога падобнага не хацела, яна як заўсёды імкнулася да мультыкультурнай сваволі і з гэтага апыналася чужаніцай кожнаму, хто мерыўся ўплішчыць яе ў нейкі апрычоны фармат.
Так, мне было і страшна, і шкада… Але я прагнуў сваёй краіны, а не чужаніцы – таму ня меў выбару.
І я забіў яго.
*
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсьцешана падумаць, што ў цябе ёсьць свая краіна…