Валун Пілсудскага застаецца ў Вілейцы
Аб гэтым паведаміў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар.
Фота vilejka.org. |
«Пасля таго, як музей даў адказ на ліст дырэктара лесагаспадарчай установы «Краснасельскае», прэтэнзій ад яго больш не было».
Па словах сп. Ганчара, камень Пілсудскага ўнесены ў спіс помнікаў раённага значэння. А перавезены ў Вілейку ён быў для стварэння імправізаванага музея валуноў каля выставачнай залы. Але пакуль не праведзены капітальны рамонт залы, валуны знаходзяцца ў розных месцах. Камень Пілсудскага часова будзе знаходзіцца на тэрыторыі Раённых электрычных сетак, дзе стаіць ад 2004 года.
«Мне ў прынцыпе чаго дабівацца? Там ёсць грамадскасць — хай вырашае. Ёсць райвыканкам — хай прымае рашэнне.
Я ўнёс прапанову толькі. Бо лічу, што помнік павінен стаяць там, дзе яго паставілі», — пракаментаваў рашэнне пакінуць камень у Вілейцы дырэктар лесагаспадарчай установы «Краснасельскае» Аляксандр Буры.
Валун Пілсудскага ў вёсцы Будзькі Вілейскага раёна паставілі ў 1930-х гадах пасля смерці маршала побач са школай яго імя. У 2004 польскія дыпламаты захацелі перавезці камень на тэрыторыю пасольства ў Мінску. Вілейскія ўлады дазволілі такі крок. Але, калі палякі прыехалі па камень, яго на месцы не знайшлі. Як высветлілася, вілейскія краязнаўцы Анатоль Рогач і Яўген Петрыкевіч перавезлі валун у горад. Быў распачаты збор подпісаў за тое, каб пакінуць камень у Вілейцы. Пад ціскам грамадскасці старшыня райвыканкама прыняў адпаведнае рашэнне.
Сяргей Макарэвіч