Як захаваць культурную самабытнасць?

Источник материала:  
17.06.2010 11:32 — Новости Культуры
Аўтарка кнігі «Як захаваць культурную самабытнасць?» Любоў Уладыкоўская тлумачыць, як беларусам не знікнуць у час глабалізацыі.

Як захаваць культурную самабытнасць?

— Апошнія некалькі гадоў я наведваю краіны Еўропы і ЗША з мэтай вывучэння культурнай палітыкі і шляхоў захавання культурнай самабытнасці ў сучасным глабальным свеце. Я пераканалася, што сёння пытанне культурнай самабытнасці не знікае, а становіцца ўсё больш актуальным. Кожная развітая краіна па-ранейшаму выступае мецэнатам культуры і выпрацоўвае адпаведную палітыку, накіраваную на падтрымку ўласных культурных традыцый. Таму для мяне было важна вывучыць сучасны культурны вопыт у розных краінах і прымеркаваць яго да беларускай сітуацыі. Дзеля гэтага я пастаралася паказаць, што

культурная самабытнасць у эпоху глабалізацыі — з’ява надзвычай актуальная.

Без захавання культурных каранёў, культурных традыцый асоба губляе повязь са сваім жыццёвым асяроддзем, а нацыя губляе духоўны патэнцыял, які дазваляе ёй рухацца наперад, каб проста не растварыцца.

«НН»: І што беларусам у такіх умовах рабіць?

ЛУ: Трэба не саромецца вучыцца. У палякаў, напрыклад, захаванню культурнай спадчыны і рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі развіцця культуры, у брытанцаў — адмысловай сістэме ўзмацнення інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу праз унікальную адукацыйную і асветніцкую сістэму, у амерыканцаў — актыўнай полікультурнасці, дынамічнасці, інавацыям.

Нам неабходная дэталёвая распрацоўка стратэгіі нацыянальнага духоўнага і культурнага развіцця. А таксама стварэнне Інстытута Беларусі, пытанне аб якім уздымалася ўжо колькі гадоў таму.

«НН»: Вы кажаце аб стварэнні стратэгіі развіцця. Але гэта агульнанацыянальны праект. А што рабіць кожнаму чалавеку паасобку, каб захаваць традыцыі?

ЛУ: Кожны нясе асабістую адказнасць за сваё жыццё, свае каштоўнасці і прыярытэты. Мы павінны імкнуцца да ведаў аб сваёй гісторыі і культуры. Быць прафесіяналамі ў той галіне, якую абралі для жыцця, і рабіць гэта па-беларуску. Разумець, што поруч з дзяржаўнай падтрымкай культуры велізарнае значэнне мае грамадская ініцыятыва. У развітых краінах культура падтрымліваецца не толькі дзяржавай, але і грамадствам, у тым ліку праз сістэму мецэнацтва, адпрацаваную схему зніжэння падаткаў для тых, хто фінансуе культурныя праекты, і г.д.

Важна не замыкацца і не станавіцца правінцыяламі.

Развіваць міжкультурны дыялог. Бо калі мы будзем варыцца ў сваім соку, мы ператворым сваю нацыю ў выміраючы этнас, у якога няма ніякіх перспектыў. Небяспечна быць самадастатковай закрытай сістэмай. Ёсць некалькі фактараў здзічэння, дэградацыі і асобы, і народа. Адзін з такіх фактараў — ізаляванасць. Невыпадкова большасць жыхароў ізаляваных астравоў — дзікуны.

Наша задача сёння — дабіцца гарманічнай раўнавагі паміж захаваннем нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы і беларускай культуры і адкрытасцю нашага культурнага кантэксту да лепшых еўрапейскіх і сусветных здабыткаў у сферы культуры, гуманітарнай навукі, філасофіі, сацыяльнага жыцця ў цэлым.

Беларускасць мусіць асацыявацца з сучаснасцю, еўрапейскасцю, развітасцю.

Людзі, якія маюць прафесійнае дачыненне да беларусістыкі, напрыклад, выкладчыкі беларускай мовы, літаратуры, культуры, у першую чаргу павінны быць добра знаёмымі з самымі разнастайнымі сучаснымі тэхналогіямі, добра валодаць замежнымі мовамі і карыстацца імі, усталёўваць міжнародныя прафесійныя кантакты.

Адной любові да Беларусі і шчырага біцця сябе ў грудзі даўно недастаткова.

«НН»: Вы вялікую ўвагу надаяце беларускай мове, як фактару, без якога не можа развівацца культура ў краіне. Ці не перабольшванне гэта?

ЛУ: Калі няма натуральнага культурна-моўнага кантэксту для ўсяго грамадства, цяжка выспець адмысловым талентам. Мы пазбаўляем свой народ многіх шанцаў. Калі ў нас невялікая колькасць людзей размаўляе па-беларуску, то адпаведна меншае поле, на якім узрастаюць, напрыклад, славутыя пісьменнікі. Можна назваць сотні імёнаў літаратараў, але ніхто не можа пераўзысці сёння ні Мележа, ні Быкава. Гэтыя людзі выхоўваліся тады, калі яшчэ нацыянальнае ядро не было такім размытым, як цяпер.

Мы багатыя сваёй традыцыйнай культурай. Але сёння такія ўмовы, што этнаграфічны ўзровень самазахавання няўхільна губляецца, а новы, постіндустрыяльны нацыянальны ўзровень пакуль не набыты. Наша праблема ў тым, што мы мусім уключацца ў глабальны свет, да канца пакуль не вырашыўшы ўласную нацыянальна- культурную праблему. І вырашаць яе мусім паралельна з універсальнымі, глабальнымі праблемамі.

Як захаваць культурную традыцыю? Развіваць культуру. Але развіць і захаваць яе ў рэзервацыі — значыць дэградаваць.

Як захаваць культурную самабытнасць?/ Любоў Уладыкоўская. — Мінск, 2010. — 116 с.


Гутарыў Сяргей Макарэвіч

←Лев Дуров: «Я решил, что убью жену…»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика