Эксклюзіў у цэнтры Еўропы. Фальклорны фестываль мастацтва “Берагіня” збірае калектывы з усёй Беларусі, а таксама з Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны

Источник материала:  
Эксклюзіў у цэнтры Еўропы.
Фальклорны фестываль мастацтва “Берагіня” збірае калектывы з усёй Беларусі, а таксама з Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны

Ён праводзіцца ў Акцябрскім раёне Гомельшчыны з 1998 года раз у два гады менавіта ў чэрвеньскія дні. На некалькі дзён Акцябршчына ператвараецца ў фестывальную пляцоўку, на якой людзі спяваюць, танцуюць, водзяць карагоды, знаёмяцца з творамі народных промыслаў, якімі заўсёды славіўся раён.Сёлетняе, шостае па ліку свята фальклору, інфармацыйным спонсарам якога традыцыйна з’яўляецца “Народная газета,” пройдзе 24—27 чэрвеня.

Фестываль падтрымліваецца Міністэрствам культуры Беларусі, Гомельскім абласным і раённым выканкамамі, бюро ЮНЕСКА ў Маскве, Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, грамадскім аб’яднаннем “Беларускі фонд культуры”. З 2004 года мае статус рэспубліканскага. “Эксклюзіў у цэнтры Еўропы” — адна з яго неафіцыйных назваў. Узнікла “Берагіня” на грунце жывой аўтэнтычнай культуры беларусаў, з кожным годам уключае ў свае імпрэзы ўсё новыя віды і жанры матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны і прыцягвае да сябе моладзь. Фестываль сканцэнтраваны на традыцыйнай культуры і пераемнасці яе каштоўнасцей вусным шляхам і метадам імітацыі. — Захаваць народныя традыцыі, паказаць іх унікальнасць не толькі для беларускай, але і сусветнай культуры — прызначэнне і місія нашага фестывалю, — гаворыць начальнік аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама, дырэктар фестывалю Святлана Беразоўская. Безумоўна, такі маштабны фестываль мог з’явіцца толькі там, дзе у фальклорны рух уцягнуты і старыя, і маладыя. На тэрыторыі раёна створаны і дзейнічаюць больш за 200 творчых фарміраванняў, значная частка якіх выйшла з мастацкай самадзейнасці. 10 калектываў удастоены ганаровых званняў народны і ўзорны. 160 фарміраванняў — дзіцячыя. “Рудабельскія зорачкі”, “Некрашынка” і іншыя атрымалі папулярнасць далёка за межамі свайго раёна.Асноўнымі мерапрыемствамі, як і ў ранейшыя гады, стануць конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў, турнір дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектываў, прэзентацыя аўтэнтычных гуртоў і фальклорных калектываў, конкурс салістаў-выканаўцаў твораў народнай спадчыны, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адбудуцца майстар-класы з удзелам выкладчыкаў вядучых ВНУ культуры і мастацтва Беларусі, майстроў фальклорных напрамкаў. Пройдуць дыскусіі адносна месца і ролі фальклору ў грамадстве, яго далейшым развіцці, запатрабаванасці з боку моладзі. Чакаецца каля 800 удзельнікаў. Арганізатары спадзяюцца, што і цяперашні фестываль пройдзе на высокай хвалі, нікого з прысутных не пакіне абыякавым.Сярод іншых старанна рыхтуецца да свята і адзін з яго старажылаў, 65-гадовы жыхар вёскі Майсееўка Іван Вежнавец. Ад бацькі Іван Пятровіч пераняў майстэрства ігры на гармоніку і пляцення з прыродных матэрыялаў. Сакрэты вырабу кошыкаў, карзін і іншых плеценых рэчаў утылітарнага прызначэння перадае сваім вучням. На працягу пэўнага часу ў якасці дырэктара Майсееўскага СДК Іван Вежнавец падтрымліваў і развіваў таленты сваіх землякоў. І на сёлетнім фестывалі спадзяецца быць актыўным, парадаваць сваёй творчасцю гледачоў і атрымаць зарад бадзёрасці.

←Каб сталі Хойнікі яшчэ прыгажэйшымі. Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика