Бацька расійскага пісьменніка Уласа Дарашэвіча быў беларусам
Аб гэтым піша Сямён Букчын у сваёй новай кнізе.
У маскоўскім выдавецтве «АГРАФ» выйшла кніга Сямёна Букчына «Влас Дорошевич. Судьба фельетониста».
«НН»: Сп. Сямён, чаму менавіта гэтаму расійскаму пісьменніку і журналісту прысвяцілі кнігу?
Сямён Букчын: 1962 год. Я — студэнт першага курсу аддзялення журналістыкі філфака БДУ заходжу ў кнігарню. Купляю кнігу Уласа Дарашэвіча «Рассказы. Очерки». Чытаю і бачу неверагодны талент. Я фізічна адчуў незвычайнасць стылю, вобразнасці. Такое захапленне аўтарам. І потым курсавая, дыпломная, кандыдацкая работы былі прысвечаны гэтай асобе. Я займаўся ў літаратуразнаўстве і іншымі пісьменнікамі, але Улас Дарашэвіч быў маім генеральным напрамкам.
«НН»: Гэта ваша другая кніга аб Дарашэвічы. Трэба разумець, што новае выданне шмат чым узбагацілася?
СБ: Мінулі ўжо тры дзесяцігоддзі, як выйшла першая кніга. За гэты час шмат матэрыялаў назбіраў. І новая кніга амаль у тры разы большая па аб’ёме за першае выданне. Цяпер фігура Уласа Дарашэвіча выбудоўваецца больш складанай, больш трагічнай.
Мая кніга «Судьба фельетониста: Жизнь и творчество Власа Дорошевича» (Мінск, 1975) была пашыранай кандыдацкай дысертацыяй. Выйшла ў выдавецтве «Навука і тэхніка». Гэта была адзіная кніга аб Дарашэвічы. Яе нават рэкамендавалі пры вывучэнні расійскай журналістыкі. Калі я яе выдаў, мне было 34 гады. Я не ўсё разумеў, не ўсё мог сказаць. Я імкнуся абвергнуць тое, што аб ім пісалі выключна як аб «буржуазным пісьменніку».
Канешне, я быў вымушаны рабіць пэўныя «ідэалагічныя паклоны».
Улас Дарашэвіч (1865-1922) — расійскі пісьменнік, публіцыст, фельетаніст, тэатральны крытык. Быў рэпарцёрам «Московского листка», «Петербургской газеты», пісаў гумарыстычныя замалёўкі ў «Будильник». Узначальваў маскоўскую газету «Русское слово». Пасля паездкі на Усход напісаў кнігу «Сахалін», у якой адлюстраваў карціну царскай катаргі. Аўтар «Одессы, одесситов и одесситок», «Сказок і легенд», ««Гения» і іншых. Кнігі выдаваліся і ў Мінску.
Тое, што пасля 1917 года ён не хацеў станавіцца на бок бальшавікоў, але і на бок белых ён не стаў, я быў вымушаны асудзіць.
У 1975 годзе, нягледзячы на ўвесь ціск з боку партыйных органаў, дырэктар выдавецтва Фадзей Савіцкі надрукаваў кнігу. Наракалі, што выдалі кнігу аб «буржуазным пісьменніку і журналісце». І ў «ЛіМе» тады быў надрукаваны паклёпніцкі артыкул. Маўляў, Букчын з Дарашэвіча зрабіў пісьменніка-дэмакрата.
Гэта была спроба тагачаснага рэдактара тыднёвіка адпомсціць мне. Бо як крытык я «разабраўся» з адной яго кніжкай.Пасля публікацыі ў «ЛіМе» ад мяне запатрабавалі напісаць тлумачальную запіску. Але пакуль я думаў над гэтым, у дадатку да газеты «Известия» пад назвай «Неделя» выйшла рэцэнзія маскоўскага пісьменніка Анатоля Макарава на гэту кнігу. Аўтар з пахвалой адгукнуўся аб беларускім выдавецтве. Патрэба ў тлумачальнай запісцы пасля той публікацыі знікла. Такая нервовая гісторыя скончылася добра. А магла закончыцца і звальненнем з працы дырэктара выдавецтва. Трэба ацаніць мужнасць гэтага чалавека.
«НН»: А ці былі ў Дарашэвіча сувязі з Беларуссю?
СБ: Няма дакладных звестак, але я думаю, што
прыёмны бацька Уласа Міхаіл Радзівонавіч Дарашэвіч быў беларусам. Яго прозвішча — на сто працэнтаў беларускае.Уласа месяцаў сямі ад нараджэння кінула маці. І Міхаіл Дарашэвіч падабраў яго. А так будучы пісьменнік і журналіст застаўся бы Сакаловым Уласам Сяргеевічам.
Беларусаў у Маскве тады было шмат. Міхаіл Радзівонавіч не быў двараніна. І гэта гаворыць на карысць аб тым, што ён прыехаў з Беларусі.
Падчас Першай сусветнай вайны ніхто не пісаў аб трагедыі бежанцаў. А Улас Дарашэвіч напісаў у 1915 годзе цыкл нарысаў «Крестный путь». Ён выехаў з Масквы на сваім аўтамабілі на Магілёў. Праехаў Гомельшчыну. І ў нарысах адлюстраваў трагедыю бежанцаў у тым ліку і з Беларусі.
Дарашэвіч быў рускім журналістам. Адчуваў сябе масквічом. Але з павагай адносіўся да народаў імперыі. Спецыяльна нацыянальнымі праблемамі не займаўся. Таму Беларусь у яго больш не прысутнічала. Беларусь трапіла з агульнанацыянальнай трагедыяй у яго творчасць.
Гутарыў Сяргей Макарэвіч