Фільм «Белсату» пра Валерыя Леванеўскага ўзнагародзілі ў Польшчы
Фільм, зняты Мікалаем Ваўранюком і Томашам Янулісам з беластоцкай рэдакцыі тэлеканалу «Белсат», атрымаў узнагароду ў катэгорыі фільм-рэпартаж «за паказванне, наколькі важным, хоць і небяспечным ёсць вядзенне прыватнага бізнесу ў Беларусі».
«Толькі не пра палітыку, бо гэта небяспечна» — такія словы можна часта пачуць у Беларусі. Парадаксальна, што за апошнія 15 гадоў у турмы трапілі значна больш бізнесоўцаў, чымся палітычных актывістаў.
Пра гэта дакладна ведае Валерый Леванеўскі з Горадні, які некалькі гадоў правёў у турме. Яго пасадзілі не за палітычную агітацыю ці барацьбу супраць улады, а за абарону месца працы дробных прадпрымальнікаў.
Як уладальнік шапіку на гарадзенскім рынку ён добра ведае цяжкасці, з якімі сутыкаюцца прадпрымальнікі. Валерый Леванеўскі балюча адчуваў кожнае закручванне гаек, кожны новы падатак, чарговыя фармальныя патрабаванні.
Пратэстуючы супраць дзеянняў уладаў, якія ўскладнялі гандаль, ён зрабіўся вядомым у Беларусі лідэрам прадпрымальнікаў. На ягоны заклік тысячы гандляроў зачынялі свае шапікі, а рынкі беларускіх гарадоў зрабіліся цэнтрам акцыяў пратэсту. Гэта прывяло яго проста за краты.
«У журы фестывалю працавалі не толькі асобы, звязаныя з тэлебачаннем ці кіно, але і людзі бізнесу, — гаворыць аўтар фільму Мікалай Ваўранюк. — Я мяркую, што ў прызнанні ўзнагароды майму фільму сыграла ролю салідарнасць польскіх бізнесоўцаў з беларускімі прадпрымальнікамі».
Узнагарода для фільму «Пад прыцэлам улады» — ужо другая на фестывалі BAZAR для тэлеканалу «Белсат». Летась у Познані адзначылі эканамічную праграму «Сальда».
Belsat.eu