Зямля дзядоў. Так у сваёй знакамітай паэме назваў Рагачоўшчыну Уладзімір Караткевіч

Источник материала:  
Зямля дзядоў.
Так у сваёй знакамітай паэме назваў Рагачоўшчыну Уладзімір Караткевіч

Рагачоўскі раён знаходзіцца на поўначы Гомельскай вобласці, мае багатую на значныя падзеі гісторыю. Сам райцэнтр адносіцца да ліку старэйшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Прырода таксама не пакрыўдзіла гэты край: тут працякае Днепр з некалькімі прытокамі, шумяць зялёныя дубровы, ёсць лячэбныя гразі і мінеральная вада, што абумовіла існаванне добра вядомага ў краіне і за яе межамі санаторыя “Прыдняпроўскі”. На Рагачоўшчыне нарадзілася шмат знакамітых людзей, якія вызначыліся ў розных напрамках чалавечай дзейнасці. Сярод літатараў, якія ў той альбо іншай ступені былі звязаны з краем, — Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў, Міхаіл Расолаў. І цудаў тут больш як сем.

Замак каралевы Боны

Гiстарычным цэнтрам Рагачова з’яўляецца замкавая гара. Больш за пяць стагоддзяў на ўзгорку ля злiцця дзвюх рэк, Дняпра і Друці, узвышаўся замак каралевы Боны. У летапісах захаваліся звесткі пра тое, што яго ўзводзілі італьянскія майстры. Замак размяшчаўся ў цэнтры традыцыйных драўляных замкавых умацаванняў. Гэтая невялікая камяніца мела прасторныя залы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, і лоджыю на галоўным фасадзе, аформленую паўцыркульнай рэнесанснай аркадай. Назва “камяніца”, паводле тагачаснай мясцовай архітэктурнай тэрміналогіі, азначала мураваны будынак не менш як з двух паверхаў і, у адрозненне ад замка, без унутранага двара. Замкі былі цэнтрамі свецкага культурнага жыцця. Па некаторых звестках, у рагачоўскім знаходзілася калекцыя партрэтаў вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх. Помнік, зафіксаваны археолагам Адзярыхам у публікацыі ў часопісе “Наш край” за 1926 год, быў разбураны падчас Вялікай Айчынай вайны.У паэме “Зямля дзядоў” Уладзімір Караткевіч апісаў руіны замка каралевы Боны.

Святыя азёры

На тэрыторыі Рагачоўшчыны знаходзяцца тры возеры пад такою назвай — каля вёсак Стрэнькі, Турск і Ходасавічы. Абумоўлена гэта культавымі павер’ямі, якія захоўваюцца да сённяшняга дня. Дагэтуль у народзе жыве легенда пра царкву, якая апусцілася на дно возера каля вёскі Стрэнькі. А каля вёскі Ходасавічы на беразе возера Добрага знаходзіцца свяцілішча — язычніцкі культавы помнік X — пачатку XI стагоддзя, які можа прэтэндаваць на асобную славутасць.

Манетны клад 1971 года

Пры будаўнічых работах каля аўтобуснага вакзала ў Рагачове быў знойдзены клад фальшывых манет. Захавалася частка клада — 483 адзінкі. Манеты перыяду паўстання 1830—1831 гадоў адчаканены з медзі (на некаторых сляды пасярэбрання), у той час як іх польскія прататыпы былі білонныя, а прускія — срэбныя.

Археалагічныя помнікі

Тэрыторыя поймы Дняпра, ускраін тэрас, вусцяў прытокаў у межах ад Вішчына да Лучына, як ні ў адным рэгіёне Беларусі насычана археалагічнымі помнікамі ўсіх эпох — ад каменнага веку да сярэднявечча. У прыватнасці, тут знойдзена вялікая колькасць добра захаваных паселішчаў часоў неаліту, адзначаюцца стаянкі часоў мезаліту, а таксама ўнікальныя для Еўропы комплексы курганных і бескурганных пахаванняў бронзавага веку, выяўлена канцэнтрацыя гарадзішчаў і селішчаў, курганных магільнікаў жалезнага веку і ранняга сярэднявечча.Вынікі археалагічнага вывучэння мясцовых помнікаў бронзавага веку сталі ключавымі ў вывучэнні  гісторыі Беларусі гэтага перыяду.

Старадаўні парк вёскі Кісцяні

З’яўляецца часткай вялікай сядзібы, якая склалася ў маёнтку землеўладальніка Элермана напрыканцы XVIII — першай палове XIX стагоддзя. Парк знаходзіўся на правай тэрасе Дняпра, займаў 6 гектараў, выцягнуты паміж ракою і цэнтральнай каштанава-елкавай алеяй, за якой размяшчаліся сады, аранжарэйная гаспадарка, вінакурня і дзягцярны завод, гаспадарчы двор. Значная частка дрэў у садзе захавалася да сённяшняга часу, стаяць і некаторыя гаспадарчыя пабудовы.

Галоўнае прадпрыемства

Пра такія прадпрыемствы, як Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, гавораць — градаўтваральнае. Яго ўклад у эканоміку краю вельмі істотны. Прадпрыемства дзякуючы таму, што паспяхова развіваецца, вырабляе шырокі асартымент запатрабаванай прадукцыі, тым самым праслаўляе свой горад і раён. Смачныя вырабы з маркай Рагачоўскага МКК неаднойчы ўдастойваліся высокіх узнагарод на міжнародных выставах-дэгустацыях. А яго згушчанае малако, якога зараз вырабляецца мноства відаў з рознымі дабаўкамі, застаецца на постсавецкай прасторы прадуктам, параўнацца з якім па спажывецкіх якасцях нішто пакуль не можа.

Санаторый “Прыдняпроўскі”

З’яўляецца адным з буйнейшых бальнеагразевых і кліматычных санаторыяў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, існуе больш за чвэрць стагоддзя. Здраўніца знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Рагачова ў маляўнічым лясным масіве на беразе Дняпра. Спецыялізуецца на лячэнні касцёва-мышачнай і нервовай сістэм, хранічных захворванняў верхніх дыхальных шляхоў. Гэтаму садзейнічаюць мяккі клімат, а таксама мінеральныя воды і сапрапелевыя гразі возера Святое, што за пяць кламетраў ад курорта. За год тут папраўляюць сваё здароўе да 13 тысяч чалавек.

Чырвоная горка

На тэрыторыі Рагачоўскага раёна знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння — геалагічнае агаленне  “Збарова”, якое размешчана за 2,5 кіламетра на ўсход ад вёскі Збароў, на левым карэнным беразе Дняпра. Разрэз уяўляе вялікую каштоўнасць для тлумачэння агульных пытанняў стратыграфіі чвэрцевых адкладанняў. Плошча агалення — 100, ахоўнай зоны — 500 квадратных метраў, якая замацавана двума ахоўнымі рэперамі. Яго вывучэнне дазволіла больш даведацца пра стадыі абледзянення і міжледніковыя перыяды, прасачыць змены клімату на працягу мільёна гадоў.

←Алина Орлова представит на «Be2gether» новый альбом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика