Кінатэатр «Цэнтральны» запрашае на шведскае кіно

Источник материала:  
07.06.2010 11:47 — Новости Культуры
З 9 па 12 чэрвеня ў Мінску, у кінатэатры «Цэнтральны», адбудзецца паказ сучасных шведскіх мастацкіх фільмаў.

Беларускім гледачам будуць прадстаўлены чатыры поўнаметражныя стужкі шведскіх рэжысёраў: «Штучнае дыханне» (9 чэрвеня ў 18:30), «Дазволь мне ўвайсці» (10 чэрвеня ў 18:30), «Шторм» (11 чэрвеня ў 18:30) і «Сонечны шторм» (12 чэрвеня ў 18:30).

Драма «Штучнае дыханне» (2005) рэжысёра Б’ёрна Рунге распавядае гісторыю маладой дзяўчыны Веры (Сафія Вэстберг), якая пакідае сваіх бацькоў і сыходзіць да гандляра наркотыкамі Моргана (Магнус Крэпер). Морган мёртвай хваткай утрымлівае дзяўчыну ля сябе, напампоўваючы яе наркотыкамі. Спробы бацькоў (Мары Рычардсан і Петэр Андэшан) вярнуць дачку не даюць аніякага плёну. Шлюб і ўсё іх жыццё паступова ідуць пад адхон.

Дзея трылера «Дазволь мне ўвайсці» (2008) рэжысёра Томаса Альфрэдсана адбываецца ў ваколіцах Стакгольма. Оскар, дванаццацігадовы запалоханы хлопчык, марыць пра помсту. Ён закаханы ў дзіўную дзяўчынку Элі, якая пазбягае сонца, нармальнай ежы, а ў пакой можа зайсці толькі тады, калі яе паклічуць. Элі падтрымлівае Оскара і вучыць яго, як даваць адпор. Аднак як толькі Оскар разумее, што для таго, каб жыць, Элі патрэбна чалавечая кроў, ён апынаецца перад праблемай выбару. Як многа можа дараваць закаханы?

Фантастычная драма «Шторм» (2005) рэжысёраў Б’ёрна Стайна і Монса Марлінда распавядае пра Дзі‑Дзі (Эрык Эрыксан), самаўпэўненага маладога чалавека трыццаці год. Аднойчы ён сустракае Лову (Эва Росэ), дзіўную дзяўчыну, якую праследуюць шалёныя незнаёмцы. Лова пакідае Дзі‑Дзі скрынку, якую той павінен берагчы. Пераследнікі ж адступаць ні ў якім разе не жадаюць, ім трэба знайсці Лову, Дзі‑Дзі і атрымаць скрынку. Супраць сваёй волі Дзі‑Дзі аказваецца ўцягнутым у барацьбу дабра і зла.

Яшчэ адна сучасная драма «Сонечны шторм» (2007) Лейфа Ліндблюма пачынаецца з таго, што на падлозе ў царкве дзесьці на поўначы Швецыі ляжыць знявечанае цела чалавека… Падчас вечарыны, якую арганізаваў Монс (Якаб Эклюнд), Рэбека (Ізабэла Карупка), што працуе адвакатам у падатковай службе, атрымлівае званок ад Сусаны, жонкі свайго брата. Яна распавядае, што пастар Віктар быў забіты. Рэбека вяртаецца ў свой родны горад Кіруну, каб выратаваць арыштаваную Сусану і высветліць, хто сапраўды вінаваты ў жорсткім злачынстве.

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі.
naviny.by

←"Киллеры" охотятся за Эштоном Катчером. На нелеле с AFISHA.TUT.BY

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика