Яшчэ не вечар!
Аўтар сцэнарыя бессмяротнага фільма “Белыя росы”, папулярнай п'есы “Вечар” і стваральнік Тэатра беларускай арміі Аляксей Дудараў зараз будуе сярэднявечны горад.
Карэспандэнт «НГ» зазірнула ў госці да драматурга з нагоды яго 60-годдзя і паспрабавала высветліць, ці ўбачым мы працяг знакамітай стужкі.
— Аляксей Ануфрыевіч, ці мяняецца штосьці ў вашым характары, звычках з узростам?
— Чалавек ніколі не мяняецца. Душа маршчынамі не пакрываецца. Паяўляюцца задышка, сівізна... Душа развіваецца марудна. Неразумна было б гаварыць, што ў 14 гадоў я ведаў столькі ж пра жыццё. Але адчуваю я сябе такім жа юным. У мяне добрая памяць. Дзяцінства сваё выдатна памятаю.
— У такім выпадку пытанне: дзіцячае адчуванне свята, цуда ў свой дзень нараджэння засталося?
— Свята, новы этап... Гэта ўсё трэба проста адпрацаваць. Паверце. Я не какетнічаю. Для мяне любыя святы — гэта ўмоўнасць, якую прыдумалі людзі. Чаму трэба адзначаць юбілей раз у дзесяць гадоў? Нараджэнню трэба радавацца кожную секунду. Жыццё ўмоўна дзеліцца на этапы. На самай справе ёсць толькі пачатак і заканчэнне.
— А які падарунак чакаеце?
— Што падораць, тое і добра. Часам угадваюць нейкія дробязі, пра якія я думаў. Падарункаў за ўсё жыццё было шмат. Але гэта не эпахальна. Галоўнае, каб дарылі ад чыстага сэрца. Тады самы сціплы падарунак будзе для мяне даражэйшы за “Мерседэс”.
— Што сёння вас захапляе больш за ўсё?
— Кожнае лета мы з сябрамі ходзім па беларускіх рэках. У нас ёсць лодкі, катэр. Вось зараз збіраемся адкрываць сезон. Акрамя таго, ажыццяўляю адзін авантурны план. На базе нашага пансіяната мы хочам стварыць рыцарскі замак. Гэта будзе сярэднявечны горад, агароджаны частаколам. Там будуць таверна, карчма, палатачны гарадок. Павесім партрэты вядомых гістарычных асоб, гербы нашых гарадоў. Плануем зрабіць рысталішча на 2 тысячы месцаў для правядзення рыцарскіх турніраў і спектакляў. У падвале будзе камера катаванняў, дзе чалавек зможа на сабе адчуць тое, што цярпелі прыгожыя жанчыны, якіх абвяшчалі вядзьмаркамі.
— Асаблівым попытам гэтая паслуга будзе карыстацца ў раўнівых мужоў...
— Не. Важна добраахвотная згода. Усе экспанаты можна мацаць рукамі: страляць з лука, біцца на мячах. Асабліва рамантычныя змогуць заказаць у менестрэля песню для сваёй каханай дамы. Нават мясцовая валюта будзе — талеры. Я ўжо прыдумаў герб і сцяг для нашага праекта. Прыязджаць туды змогуць усе жадаючыя.
— Вас заўсёды натхняла мінулае, а як жа сённяшняе? Што-небудзь здзіўляе, радуе, раздражняе?
— Тэлевізар я не гляджу, газеты не чытаю, Інтэрнэта баюся. Дачка кажа, што я гультай. Але не хочацца мне ў гэты смеццевы акіян ўлазіць. Хоць я чалавек цікаўны. Гэта не старэчае бурчанне. Я арыентуюся на хрысціянскія каштоўнасці. На працягу стагоддзяў яны даказалі сваю жыццяздольнасць і перспектыўнасць. Фанатызму ў гэтым пытанні я не прымаю. Возьмем, напрыклад, рок-музыку. Я лічу яе дэструктыўнай культурай. Ніхто не пераканае мяне ў зваротным. Я не за пастуха з пастушкай, я за сэнс і духоўнасць. Імкнуцца трэба ўверх.
— Каго чытаеце з сучасных аўтараў?
— Адкажу пытаннем на пытанне: каго вы параіце? Раней, як толькі выходзіла новая кніга Быкава, Распуціна, Вазнясенскага — усе кідаліся чытаць. А зараз?
— Пачытайце Сарокіна, апошні раман Аксёнава “Таямніча моцнае пачуццё”.
— Я чытаў Аксёнава, калі быў у вашым узросце. Зразумейце, я на ўсё гляджу вачамі мінулага тысячагоддзя. Земфіра не застанецца. Не таму, што яна мне не падабаецца! Я проста яе напець не магу! А Талкунова застанецца, як да яе ні стаўся.
— Хто яшчэ?
— Апусцімся да прымітывізму. “Любэ” застанецца. Яны “лабаюць”, але ўкладваюць у гэта душу. Ігар Талькоў застанецца. Вось у вас нават вочы загарэліся. Любіце Талькова?
— Вельмі. Але і Земфіру таксама.
— Нічога, гэта пройдзе. Вось мае ўнукі Яна і Арсеній на вятранку хварэюць...
— Вы добры дзед?
— Не. І дзед, і бацька я дрэнны. Стараюся, канешне. Але ў мяне вельмі многа “дзяцей”. Я маю на ўвазе вобразы. Яны патрабуюць зносін.
— Аляксей Ануфрыевіч, няўжо вобразаў бясконцае мноства?
— Зразумела. Унутраны свет бясконцы, як Сусвет. Чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. А Бога можна спасцігнуць? Нельга.
— Як справы з Тэатрам беларускай арміі? Ні рэкламы, ні афіш штосьці не бачна.
— Усё ў нас нармальна. У рэпертуары шэсць спектакляў. Зараз рэпеціруем “Сабаку на сене”. Узровень тэатра адпавядае слогану: “Тэатр моцных пачуццяў”. У нас будуць і камедыі, і вадэвілі, і трагедыі. Размаўляць з гледачом мы будзем на зразумелай мове. Не хачу мудрыць. “Я иду стричься. Меня убивают, из “эмки” стреляют...” — такога не будзе. (Цытата з песні Земфіры “До свидания”. — Аўт.)
— А дысідэнцкая кухонная рамантыка?
— Ведаеце, хто лепшы дысідэнт? Той, хто “пашет” на сваю краіну. Рабі, што трэба, і хай будзе тое, што будзе.
— Ну і ў заключэнне: як са сцэнарыем “Белыя росы-2”?
— Парадокс: любы працяг таленавітага твора асуджаны на правал і адначасова на акупальнасць. Але я не змагу так паступіць з гледачом. Гэта ж як першае каханне...