Чакаецца рэстаўрацыя касцёла ў Нясвіжы
Фота К.Шастоўскага, radzima.org. |
Ужо ў чэрвені пачнецца распрацоўка праектнай дакументацыі для рэстаўрацыі касцёла Найсвяцейшага Божага Цела ў Нясвіжы. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры. Як толькі дакументацыю падрыхтуюць, прыступяць да рамонту даха і вадасцёкавай сістэмы.
Да канца года плануецца выканаць даследаванні жывапісу, алтароў, ляпнога дэкору ў інтэр’еры касцёла, пахавальнай крыпты роду Радзівілаў, правесці геалагічныя даследаванні на тэрыторыі храма.Пасля пачнецца рэстаўрацыя фасадаў храма, вежы, капліцы Булгарына.
Генеральным праекціроўшчыкам вызначаны ААТ «Белрэстаўрацыя». Як запэўніваюць у Мінкультуры, будуць праводзіцца кансультацыі са спецыялістамі-рэстаўратарамі з Польшчы і Літвы.
Сёлета плануецца выдзеліць 2 млрд. рублёў на работы ў касцёле.Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч скептычна адносіцца да планаў міністэрства. «Маё ўражанне, што дзяржаве нема куды грошы падзець». Ён кажа, што
касцёлу патрэбныя кансервацыя і невялікі рамонт, які можна зрабіць без значных фінансавых укладанняў.А айчынныя арганізацыі, якія будуць займацца рэстаўрацыяй, па яго словах, пойдуць на тое, каб асвоіць усе выдзеленыя сродкі. Для гэтага яны гатовыя будуць нават зруйнаваць помнік і адбудаваць яго наноў.
Антон Астаповіч адзначае, што будзе дамагацца сустрэчы з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. «Сітуацыя неадназначная.
У першую чаргу павінен выказацца касцёл. Але касцёл пакуль маўчыць».
Кастусь Матушыч