Танцы вучаць сябраваць

Источник материала:  
Танцы вучаць сябравацьПрызамі традыцыйнага міжнароднага фэсту “Барысаўскі прыстанак” сёлета, як і раней, былі адзначаны дзіцячыя гурты з многіх краін
Ужо восьмы па ліку Міжнародны фэст дзіцячай харэаграфічнай творчасці збіраў гасцей. Сёлета на "Барысаўскi прыстанак" прыехала дзесяць калектываў з васьмі краін Еўропы, чатыры прадстаўлялі Беларусь, і ажно пятнаццаць гуртоў было ад горада-гаспадара. Упершыню Барысаў наведалі "Фантэзія" і "Оліус" (Кішынёў, Малдова), "Класік" (Улацлавек, Польшча), "Маладосць Асеціі" (Уладзікаўказ, Расія), "Радасць" (Севастопаль, Украіна) і "Юні-Ост" (Нарва, Эстонія).
Асноўная пляцоўку фэсту — як заўсёды, у гарадскім Палацы культуры імя М.Горкага. Там прайшло і ўрачыстае адкрыццё свята. Акрамя барысаўскіх гуртоў, гледачоў парадавалі майстэрствам лаўрэаты і ўладальнікі "Гран-пры" міжнародных фэстаў, дзіцячыя ансамблі з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Малдовы, Прыднястроўя, Польшчы і Эстоніі. Атмасферу свята яшчэ пры ўваходзе ў Палац стваралі духавыя аркестры, весяліў усіх мясцовы тэатр "Забава". "Глыбока сімвалічна, што фэст праводзіцца ў Год Вялікай Перамогі, — вітаў удзельнікаў свята старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Мірановіч. — Тым самым мы аддаем даніну павагі тым, хто вызваліў Еўропу ад фашызму. У сяброўстве — наша сіла. А танцы вучаць нас яшчэ мацней сябраваць”.
Удзельнікі свята, дарэчы, мелі магчымасць пабачыць, што ў Беларусі паважаюць гісторыю, з павагай ставяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пасля канцэрта ў Палацы культуры юныя артысты ўтварылі некалькі творчых брыгад і тры дні выступалі перад ветэранамі, працаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый на розных пляцоўках горада і раёна. А потым быў заключны гала-канцэрт. Гурты-пераможцы ў пяці намінацыях ушанаваны дыпломамі і галоўнымі ўзнагародамі фестывалю — статуэткамі "Крыштальны лебедзь". Сярод іх ансамблі "Юні-Ост" з Нарвы, "Оліус" і "Фантэзія" з Малдовы, "Маладосць Асеціі" з Уладзікаўказа, "Радасць" з Севастопаля.
Маленькімі крыштальнымі лебедзямі адзначаны і асобныя выканаўцы: салісты Насця Цыгуль з ансамбля "Оліус", Аліна Кудрыс і Ірына Сямашка з барысаўскага ансамбля "Раніца". Свой прыз павёз у родную Асецію самы юны ўдзельнік фэсту Ілля Гусоеў.
Падводзячы вынікі фэсту, яго арганізатары паведамілі цікавыя лічбы: за восем святаў лаўрэатамі "Барысаўскага прыстанку" стаў ужо 61 калектыў з 12 краін Еўропы.

Анатоль Мазгоў, г. Барысаў

←Скажи, когда вернешься ты?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика