Вазнясенскі вярнуў нам Шагала
З Вазьнясенскім я пазнаёміўся ў 1982 годзе, калі паэт прыяжджаў у Менск, зрабіў зь ім інтэрвію для віцебскай абласной газэты (калі нядаўна паэт перадаваў свой архіў у амэрыканскі ўнівэрсытэт, высьветлілася, што гэта было адзінае ў той год інтэрвію зь ім у савецкай прэсе — і гэта на піку папулярнасьці Вазьнясенскага на Захадзе).
У тым інтэрвію ўпершыню за дзесяцігодзьдзі ў віцебскай газэце было згадана імя Марка Шагала.
Наогул, з Вазьнясенскім у мяне зьвязаны два здарэньні, якія можна назваць невялікім цудам.
У лютым 1985 году на занесены сьнегам ракетны палігон у Капусьціным Яры (на дзясятак кілямэтраў у стэпу вакол нашай пазыцыі — нікога і нічога) выпадкова трапляе нумар «Литературной газеты». У ім — эсэ Вазьнясенскага, а ў эсэ — радкі з майго ліста пра зруйнаваньне гістарычнай забудовы ў Віцебску.
У сьнежні 1986 году еду цягніком з Масквы ў Віцебск, а ў суседнім купэ — Вазьнясенскі!
Ён хацеў у Віцебску адшукаць тое, што засталося ў горадзе ад Шагала.Тры дні мы хадзілі па Віцебску, разам з паэтам Давідам Сімановічам завялі Вазьнясенскага ў абласны архіў (там адшукаліся некаторыя дакумэнты, зьвязаныя з Шагалам), паказалі карціны настаўніка Шагала, Юрыя Пэна ў запасьніках краязнаўчага музэю. Я звадзіў Вазьнясенскага да Пакроўскай царквы, якую ўратавалі ад зьнішчэньня члены клюбу «Узгор’е» (віцебскі аналяг «Талакі»). Пабывалі ў майстэрні скульптара Аляксандра Гвозьдзікава — ён потым зрабіў помнік Марку Шагалу ля яго роднай вуліцы…
Празь некалькі дзён у маскоўскім «Огоньку» зьявілася эсэ Вазьнясенскага «Гала Шагала»,але сапраўдная барацьба за вяртаньне ў Віцебск памяці пра выбітнага мастака толькі пачыналася. Сучаснай моладзі цяжка зразумець, якую крамолу маглі ўбачыць у творчасьці Шагала — але імя Шагала выкрэсьлівалася, а ў дзень стогадовага юбілею Шагала, які адзначаўся ў ва ўсім сьвеце, «Віцебскі рабочы» не зьмясьціў пра мастака ні радка. Усё гэта мы абмяркоўвалі з Вазьнясенскім і па тэлефоне, і у ягоным доме (яшчэ старым) у Перадзелкіне. Ён шмат нам дапамагаў,
і ліст у абарону ідэі стварэньня музэя Шагала ў Віцебску падпісаў разам з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным.Канешне, у Вечнасьці застануцца паэтычныя радкі Вазьнясенскага, але віцябляне ўдзячныя яму і за вяртаньне Шагала.
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода