Маніфэст Тутэйшага або Кантынэнт душы
- Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць
ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю
гісторыі беларускага народу.
Ігнат Абдзіраловіч «Адвечным шляхам»
- Беларусь павінна стаць мостам,
які зьвязвае Ўсход і Захад.
Аляксандар Лукашэнка, з ппасланьня да народу 23.04.2009
- Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія.
Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж
двума цэнтрамі ўплыву ‑‑ Эўразьвязам і Расеяй.
Сяргей Мартынаў у інтэрвію венскаму выданьню Der Standard
- .Гэта «між» залезла ў косьці,
Пакуляла ўсё ўверх дном.
Правяць баль у хаце госьці,
гаспадар жа — пад сталом.
Сяргей Законьнікаў «Між Варшавай і Масквой»
***
Каб быць ПАМІЖ, трэба спачатку БЫЦЬ. Бытаваньне ПАМІЖ шкодзіць самому БЫЦЬЦЮ, пазбаўляючы яго паўнаты. ПАМІЖнасьць ‑‑ гэта памежнасьць, пэрыфэрыйнае існаваньне й мысьленьне.МОСТ гэта — месца транзыту, а не бытаваньня. На ім не спыняюцца, па ім толькі рухаюцца да іншага берагу.
Ёсьць геаграфія прасторы і геаграфія душы. У геаграфіі душы няма ПАМІЖнасьці, няма МАСТОЎ, уся духовая прастора запоўнена ТУТнасьцю. Сутнасьць ТУТнасьці у цэнтрызьме мысьленьня. Цэнтрычнае мысьленьне накіроўвае думку й пачуцьці на БЕЛАРУСЬ, а не на ПАМІЖнасьць і не на МОСТ. Я, ТУТны беларус, не хачу быць на ПАМІЖным МОСЬЦЕ. Хачу быць ТУТ ‑‑ на духовым КАНТЫНЭНЦЕ, сучаснае імя якому — БЕЛАРУСЬ.
Розум без пачуцьця не поўнавартасны. ТУТнасьць завастрае адказнасьць за долю Бацькаўшчыны, узбуджае творчую думку, працуе на будучыню праз наданьне поўнацэннасьці гістарычнай рэтраспэктыве, замацоўвае адчуваньне прысутнасьці [Антытэза «адсутнасьці», пра якую піша Валянцін Акудовіч у кнізе«Код адстунасці»]
ТУТ — гэта зямля й жыцьцёвы лад, у якім жылі мае продкі. ТУТ — гэта мова, якую яны тварылі й якой я карыстаюся. ТУТ — гэта мае мастацкія каштоўнасьці й эстэтычныя густы. ТУТ — гэта магілы продкаў, што лучаць мяне з народам. Пакуль жыву, буду ТУТнічаць, буду памятаць, што кожная мясьціна ў геаграфіі народнай душы — гэта мой быційны цэтар.
На кантынэнце душы ‑‑ мой пачатак і працяг. На ім ‑‑ мае творчыя вытокі й імпульсы. На ім усе формы, колеры, вузоры, якімі ўзбагачу суродзічаў і якія пакіну ў вянку сусьветнай духовасьці.
Беларуская душа вымяраецца не навакольлем з мастамі, а сукупнасьцяй ТУТных жыцьцяў, што папярэдзілі маё існаваньне. Народ — біялягічна‑сацыяльная рэальнасьць, якая, мяняючы формы, захоўвае гістарычную цягласьць. У якой бы ладавай структуры ні бытавалі мае продкі, я неразлучна спалучаны зь імі. Я — акумулятар іхняй быційнай і творчай энэргіі. Я, ТУТны беларус — біялягічны й духовы спадчыньнік стагодзьдзяў, сувязны мінуўшчыны й будучыні.
Новыя формы жыцьця ствараюцца на духовай глебе, апрацаванай продкамі. Зьменлівасьць гістарычнага бытаваньня не мяняла іхняе ТУТнасьці, іхняе сувязі зь зямлёй, на якой яны жылі, якую любілі й баранілі, якая перайшла мне ў спадчыну й якую я маральна абавязаны перадаць нашчадкам.
Культурныя элемэнты, перанятыя зь іншых духовых кантынэнтаў, у моц іхняга прыняцьця, становяцца кампанэнтамі маёй культуры, арганічнай часткай маёй ТУТнасьці. У век глябалізацыі не ўцячэш ад вонкавага сьвету. «Беларуская хвароба» — уцяканьне ‑‑ праз МОСТ ‑‑ ад сябе саміх. Маё ж месца ТУТ, на кантынэнце Беларускай душы, на камені прашчурнай спадчыны.
Янка Запруднік