Беларусы і літоўцы падзялілі спадчыну ВКЛ
28.05.2010 09:31
—
Новости Культуры

“Не княства, а каралеўства!”
“Вялікая Літва” — унікальны трохтомны фотаальбом, своеасаблівая фотаінвентарызацыя архітэктурнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. За пяць гадоў працы (2005-2009) фатограф і прэзідэнт Клуба сігнатараў Акта незалежнасці Літвы Бірутэ Валёнітэ сабрала амаль на 2000 старонках усё, што засталося ад магутнай сярэднявечнай дзяржавы за тэрыторыяй цяперашняй Літвы: у Беларусі, Польшчы, Украіне і Расіі. Прычым, першыя два тамы адлюстроўваюць помнікі выключна ў нашай краіне: замкі і палацы, касцёлы і цэрквы, шляхецкія сядзібы і паркі, масты і абеліскі — сотні аб’ектаў, кожны з якіх суправаджаецца ў кнізе подпісамі на трох мовах — літоўскай, беларускай і ангельскай. Там, дзе гэта магчыма, побач з цяперашнім выглядам аб’етаў размешчаны малюнкі славутага мастака-літвіна Напалеона Орды.
Чаму альбом называецца “Вялікая Літва”? “Нягледзячы на тое, што ВКЛ было княствам, вялікія князі мелі, па сутнасці, каралеўскі статус. Менавіта таму я і вырашыла выкарыстоўваць назву Вялікая Літва, — распавяла Бірутэ Валёнітэ. — Вялікае княства было моцнай дзяржавай з высокай культурай. Гэта той фундамент, які мы страцілі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі па загадзе імператрыцы Кацярыны сапраўдная гісторыя была перапісана. Сёння мы павінны зрабіць высновы з падзеяў мінулага, каб больш не страціць сваіх дзяржаў і незалежнасці”.
Па словах пасла Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса, гэта першае выданне, у якім сабрана ўся беларуска-літоўская спадчына. “Літоўцы з беларусамі могуць ганарыцца багаццем Вялікага княства Літоўскага. У той час нас ведалі і нам не трэба было расказваць свету, што мы ёсць. Сёння менавіта супольнай спадчынай ВКЛ мы можам быць цікавыя Еўропе і свету, і без памяці пра яе мы не здолеем адбудаваць будучыню”, — адзначыў Багдонас, дадаўшы, што сёлета беларусы і літоўцы будуць разам адзначаць 600-годдзе вялікай перамогі ў Грунвальдскай бітве.
На думку міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, “Літва — карані, а Беларусь — дрэва”. “Таму для нас Літва — наша дзяржава, а Вялікая княства Літоўскае — наша гісторыя і культура”, — заявіў міністр, падзякаваўшы літоўцам за захаванне супольнай спадчыны.
Замірэнне пасля бітвы
Нагадаем, доўгія дзесяцігоддзі беларускія і літоўскія гісторыкі змагаліся за права пераемнасці спадчыны ВКЛ. Прычым, вынік гэтай навукова-ідэалагічнай барацьбы быў не на нашу карысць. Гэтак, яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя літоўцы, якія апярэдзілі нас з нацыянальным адраджэннем, атрымалі падтрымку расійскіх імперскіх, а потым і савецкіх ідэолагаў, дзякуючы чаму ім удалося распаўсюдзіць нацыянальна-міфічную версію гісторыі. Вялікае княства Літоўскае гэтаксама, як і гістарычны назоў “Літва”, яны заўжды атаясамлівалі з цяперашняй літоўскай дзяржавай. Пра беларусаў у гістарычным кантэксце наагул не ішлося, хоць доля балцкага насельніцтва ў ВКЛ складала ўсяго 5%. Тое самае можна сказаць і пра Вільню, дзе на пачатку 20 стагоддзя доля літоўскіх жыхароў сягала ўсяго 2-3 %, аднак пасля перадачы Сталінам горада літоўцаў (1940) там пачалася агрэсіўная літуанізацыя.
У гады незалежнасці сітуацыя не надта змянілася. Кожную чарговую заяву аб неабходнасці “вярнуць нашу Вільню” з боку беларускіх інтэлектуалаў у Літве ўспрымалі ў штыхі.
Аднак апошнім часам, калі ўсім стала зразумела, што раку гісторыі і часу назад не павярнуць, у стаўленні беларусаў і літоўцаў да спадчыны ВКЛ адбыўся сапраўдны прарыў. Летась на канферэнцыі ў Мінску адзін з самых уплывовых літоўскіх гісторыкаў Альфрэдас Бамблаускас заявіў: “ВКЛ — наша агульная спадчына, і вы, беларусы, бярыце сабе ад яе колькі жадаеце”. Следам за ім пра супольную спадчыну ВКЛ і Вільню як сталіцу не толькі літоўцаў, але і беларусаў, адзначылі буйныя палітыкі: міністр замежных спраў Літвы Ажубаліс і прэм’ер-міністр Кубілюс.
Больш адэкватнымі ў сваіх ацэнках сталі і беларускія даследчыкі. “Наш найвялікшы міф — той, што Вялікае княства Літоўскае было беларускай дзяржавай, — заявіў у нядаўнім інтэрв’ю TUT.BY доктар гістарычных навук, выкладчык інстытута гісторыі, гендэрных даследаванняў і культуралогіі ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма Андрэй Катлярчук. — ВКЛ было сярэднявечнай краінай, у якой галоўную ролю адыгрывала палітыка, дынастыя (якая была ўсё ж балцкай) і цэрквы, але зусім не этнічны прынцып... У адрозненне ад цяперашняй шведскай дзяржавы, якая ёсць спадкаеміцай Шведскага каралеўства 15-17 стагоддзяў, сучасныя Беларусь і Літва захавалі толькі асобныя рэлікты ВКЛ (напрыклад, архітэктуру), а не наўпроставую сувязь. Пасля знікнення княства яго народы апынуліся ў Расійскай імперыі і жылі там з улікам СССР 200 гадоў. Як вынік, і незалежныя краіны паўсталі на зусім іншых грунтах, перадусім сучаснага нацыяналізму і этнапалітыкі”.
Як Адам і Ева размаўлялі па-беларуску
“Нарэшце надышоў час, калі мы ўслых заяўляем, што гэта наша агульная спадчына”, — сказаў у інтэрв’ю TUT.BY аўтарытэтны літоўскі гісторык, прафесар універсітэта Вітаўта Вялікага, старшы навуковы супрацоўнік Літоўскага інстытута гісторыі Зігмантас Кяўпа.
Паводле ягоных словах, у гістарыяграфіі Беларусі і Літвы ёсць шмат розных плыняў і методык даследаванняў, аднак крайнія накірункі і сацыяльная замова паступова губляюць сілу, а ў цэнтр увагі выходзяць даследчыкі, якія займаюцца сапраўднай навукай. Вынікам — актывізацыя кантактаў паміж беларускімі і літоўскімі даследчыкамі.
“На пачатку 1990-х мы таксама кантактавалі, але было нашмат болей непаразумення. Гэтак, годзе ў 1992-м мяне вывелі з сябе інтэлектуальна-хуліганскія заявы прафесара Шыраева, — распавядае Зігмантас Кяўпа. — Тады я пажартаваў, што напрыканцы 19 стагоддзя Адам і Ева размаўлялі ў раю па-літоўску, а цяпер па-беларуску. Няхай, маўляў, трошкі пагавораць... Ідэі нацыянальнага адраджэння часам перагінаюць палку, але цяпер гэтага ўсё менш. Затое усё больш сумесных канферэнцый, выданняў. Мы актыўна супрацоўнічаем і разумеем адзін аднаго”.
Прафесар Кяўпа, які ўваходзіць у Літоўскую геральдычную камісію, узгадаў, як у пачатку 1990-х беларусы запрасілі яго ў Мінск для кансультацыі адносна распрацоўкі дзяржаўнай сімволікі суверэннай Беларусі. “Гляджу, а на прапанаванай “Пагоні” амаль такі ж самы вершнік, што і на нашым “Віцісе”. Я прапанаваў узяць у якасці герба сімвалы куды больш старажытнага Полацка. Аднак беларусы і слухаць не хацелі. Тады зразумеў: калі людзі так хочуць, нельга выступаць супраць. Гэта ж наша агульная спадчына”.
“Як у Літве паставіліся да змены дзяржаўнай сімволікі ў Беларусі ў 1995-м?”, — пытаюся ў шаноўнага прафесара. — “Канечне, з пэўным шкадаваннем. Тады Беларусь, як і Літва, ішла на Захад, а потым яе накірунак змяніўся. Не ведаю, праўда, ці да лепшага — гэта ўжо вырашаць беларускаму народу”.