Пінігін адмовіўся здымаць «Каласы пад сярпом тваім»
«Гэта немагчыма — пакінуць тэатр на паўтара гады яго кіраўніку, вы ж разумееце. Я думаў, што неяк атрымаецца, але гэта немагчыма: чатыры серыі плюс поўны метр», — патлумачыў сваё рашэнне рэжысёр і выказаў вялікае шкадаванне, што не выпадае магчымасці папрацаваць над такой стужкай.
Хто стане рэжысёрам «Каласоў», Еўрарадыё пацікавілася ў прэс‑сакратара кінастудыі Валянціны Беляковай.
Валянціна Белякова: «Мікалай Пінігін адмовіўся некалькі дзён таму. А вы ж самі разумееце, што знайсці рэжысёра — гэта не аднаго дня справа. І таму, пакуль я вам не магу назваць ніводнага прозвішча верагодных кандыдатур бо, што хтосьці з рэжысёраў у нас ужо працуе, хтосьці яшчэ ў працы, заканчвае праекты, хтосьці пачаў новыя працы. Таму, нічога не магу вам сказаць».
У той жа час, яна заявіла, што на студыі былі маральна гатовыя да таго, што Пінігін адмовіцца працаваць над фільмам. Кажа, усе выдатна разумелі, што ў яго дастаткова працы і ў Купалаўскім тэатры, і ў Санкт‑Пецярбургу. Таму, супакоіла Белякова,
кіраўніцтва Беларусьфільма досыць хутка зарыентуецца ў сітуацыі, і бліжэйшым часам вызначыцца з будучым рэжысёрам.Адсутнасць рэжысёра прывяла да таго, што дагэтуль не пачалі выбіраць акцёраў. Невядома пакуль дакладна, і калі пачнуцца здымкі.
Валянціна Белякова: «Нейкія тэрміны, зразумела, ёсць. Але не трэба пакуль забягаць наперад. Магчыма, у гэтым годзе ўжо нейкая праца над гэтай карцінай пачнецца. Я маю на ўвазе — вытворчага характару».
Cцэнарый таксама пакуль не гатовы. Як паведамлялася раней, яго піша Аляксандр Качан, вядомы па стужках «Акупацыя. Містэрыі» і «Масакра». Сцэнарыст абяцае напісаць тэкст своечасова ‑‑ да сярэдзіны ліпеня.
«Палова сцэнарыя напісана. Я, дарэчы, ужо паказваў першую серыю — гэта чатырохсерыйны праект. І гэта цалкам адпавядае той аўтарскай дамове, якая ў мяне заключаная з Беларусьфільмам. Так што, праца ідзе адпаведна графіку, мая праца».
Што ж тычыцца Пінігіна, то, кажа Качан, ён разумее прычыны яго адмовы. На кінастудыі сцэнарыста запэўнілі, што да таго часу, пакуль ён закончыць сваю працу, будзе названы і рэжысёр фільма.
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё