Беларускі дэсант у Канах
Сяргей Лазніца на здымках фільму «Шчасце маё» Фота з сайту festival-cannes.com |
Лазніца марыў экранізаваць быкаўскую аповесць «У тумане», але ніхто не хацеў даваць на яе грошы. Першая ігравая стужка Лазніцы «Шчасце маё» пастаўленая рэжысёрам па ўласным сцэнары.
Гэта метафізічна-змрочны ігравы фільм пра кіроўцу, які збіўся з дарогі ў расійскай правінцыі і, сутыкаючыся з тутэйшымі, заглыбляецца ў сэрца зла. Фільм пастаўлены ва Украіне, на украінскія і нямецкія грошы.
Шакаваная канская публіка ўспрыняла стужку як фільм жахаў, але Лазніца адштурхоўваўся ад рэальных гісторый, якія чуў, калі здымаў свае дакументальныя фільмы.Інтрыгай Канскага фэсту было сутыкненне фільма Лазніцы з карцінаю Міхалкова «Стомленыя сонцам — 2». Калі б Лазніцу ўзнагародзілі, гэта выклікала б дзікі скандал. Як напісаў у інтэрнэт-дзённіку кінакрытык Сяргей Кудраўцаў, «фільм «Шчасце маё», які меў добрыя водгукі ў выданнях розных краінаў, пацярпеў ад нежадання бачыць Каны разбамбаванымі ў выніку пачатку самай вялікай з войнаў — міхалкоўскай».
Старшыня журы Цім Бёртан, ужо запрошаны Міхалковым у Маскву, тактоўна ўхіліўся ад палітычнага выбару, паліткарэктна ўзнагародзіўшы «Залатой галінай» тайскага рэжысёра Апічатпонга Вірасетакула за фільм «Дзядзька Бунмэ, які памятае свае былыя жыцці».
Француз Мацье Амальрык атрымаў прыз як найлепшы рэжысёр з карцінаю «Гастролі».
Жульет Бінош і Хаўер Бардэм былі ўзнагароджаныя як найлепшыя акторы — у фільмах Абаса К’ярастамі і Алехандра Гансалеса Іньярыту.
Карціна пра беларускіх эмігрантаў у Бельгіі «Нелегал» Аліўе Масэ-Дэпаса, прадстаўленая ў двухтыднёвіку рэжысёраў, была адзначаная адмысловым прызам кампазітараў.Андрэй Расінскі