Замежныя амбасадары заклікалі беларусаў не забываць мову
«Не забывацца на родную мову» заклікаў кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель у сваёй прамове на сьвяце ў гонар Дня славянскай пісьменнасці і культуры, якое адбылося 24 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску.
Хольцапфель зазначыў, што Еўрасаюз «песціць і шануе» сваю культурную разнастайнасць і мовы, і, гэта значыць, добра разумее намаганні беларусаў у гэтай сферы. «Я з вялікай цікавасцю сачу за вашымі намаганнямі па развіццю беларускай мовы, мовы народа, які жыве ў сэрцы еўрапейскага кантынента», — сказаў дыпламат.
Са слоў кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС, мова — адзін з найбольш значных элементаў культурнай самабытнасці. Еўрасаюз заўсёды лічыў сваю моўную разнастайнасць «сваім вялікім багаццем», актыўна падтрымлівае свабоду грамадзян гаварыць і пісаць на роднай мове, заахвочвае вывучаць мовы і садзейнічае моўнай разнастайнасці ў грамадстве, зазначыў спадар Хольцапфель.
Першыя сказы дыктоўкі ў выкананні кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС Жана-Эрыка Хольцапфеля і прадстаўніка МЗС Уладзіміра Шчаснага. Фота Радыё Свабода |
Галоўнай падзеяй у рамках святкавання Дня славянскай пісьменнасці і культуры стала беларуская дыктоўка, яна сёлета прайшла ў эстафетнай форме. Амбасадары Балгарыі, Велікабрытаніі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Чэхіі і Ізраіля, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, перакладчыкі і іншыя ўдзельнікі па чарзе, па адным сказе, дыктавалі і пісалі тэкст прадмовы Францішка Багушэвіча да ягонай кнігі «Дудка беларуская».
Уладзімір Шчасны, які ў сваім прывітальным слове нагадаў, што Беларусь далучылася да дамоў ЮНЕСКА, якія падтрымліваюць моўную разнастайнасць. Ён выказаў меркаванне, што ў спрэчцы, якім алфавітам трэба карыстацца беларусам, варта зважаць, што першая кніга — Біблія — па-беларуску была надрукавана на кірыліцы.
Удзельнікі леташняй беларускай дыктоўкі атрымалі падарункі — асобнікі Бібліі ў перакладзе на беларускую мову Васіля Сёмухі. А Нацыянальнаму гістарычнаму музею перададзены друкарская машынка, на якой і быў зроблены гэты пераклад. Акрамя таго, падчас святкавання прагучала некалькі вершаў на беларускай і іншых мовах.
Свята было зладжана Прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН, ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі», а таксама пасольствам Балгарыі.
Марына РАХЛЕЙ