Век Кацярыны залаты сваю адзнаку тут пакінуў. Існуюць разнастайныя легенды аб узнікненні назвы горада Крычава
Таксама няма поўнай яснасці, калі ён упершыню ўпамінаецца ў летапісных крыніцах. Адны атаясамліваюць з сучаснай назву “Крэчют”, якая існуе ў Статуце князя Расціслава Мсціслававіча Смаленскага, датаваным 1136 годам. Другія спасылаюцца на “Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, складзены ў 1390-я гады. У тапанімістаў таксама шмат тэорый утварэння сучаснага варыянта. Адна з легенд сцвярджае, што за Сожам хлопец гукаў сваю дзяўчыну, таму гучна “крычаў”. Назва “Крэчют” звязана з птушыным светам. Ёсць думка і аб тым, што, паколькі гэтыя мясціны былі населены крывічамі, то і горад спачатку насіў назву Крывічаў, якая потым трансфармавалася. Як бы там ні было, але гістарычны лёс Крычава аднолькавы з усімі памежнымі мясцінамі, якія ў розныя часы пераходзілі ад адной падуладнасці да другой і над якімі больш чым дзе праносіліся чорныя ваенныя хмары. Аднак самы адметны след на гэтай зямлі пакінулі часы праўлення расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, у прыватнасці, калі яна падаравала ў 1776 годзе Крычаўскае стараства графу Пацёмкіну. Аб падзеях далёкіх часоў і аб сённяшнім жыцці Крычава наша апавяданне.
Продкі Васіля ВашчылыКрычаўчане ж спакон веку вызначаюцца ўпартасцю і мэтанакіраванасцю. І набылі яны такія рысы з часоў Васіля Вашчылы, “воскам купца”, які ў 1740 годзе ўзначаліў паўстанне мясцовых сялян супраць эксплуататараў-арандатараў. Аб сур’ёзнасці гэтай падзеі сведчыць хаця б той факт, што выступленні паўстанцаў цягнуліся аж чатыры гады, ахапілі вялікую тэрыторыю, набылі шмат паплечнікаў. І толькі ўмяшанне ўрадавых войскаў перапыніла іх. Кіраўнікоў паўстання жорстка пакаралі. З таго часу мясцовыя жыхары самых упартых называюць “вашчыламі”.
Алімпійская зорка Аксаны МяньковайГледзячы на гэтую прывабную, не волатаўскага складу жанчыну, цяжка ўявіць, што яна — алімпійская чэмпіёнка па кіданні такога зусім не лёгкага спартыўнага снарада, як молат. Але менавіта на мінулай Алімпіядзе ў Пекіне свет услаўляў яе спартыўны подзвіг: заваяваўшы залаты медаль, Аксана Мянькова адначасова ўстанавіла і алімпійскі рэкорд.Перш чым заняцца кіданнем молата, дзяўчына спрабавала сілы ў розных відах спорту. Але перамагло тое, што Крычаў здаўна славіўся выдатнай школай “малатабойцаў”. А яшчэ Аксана адчула, што менавіта гэта ёй падыходзіць.Нялёгка складваўся алімпійскі турнір. У фінальную яго частку Мянькова трапіла толькі з адзінаццатым вынікам. Аднак у першай жа спробе кінула снарад за 76-метровую адзнаку. Яе асноўныя саперніцы, кубінка і кітаянка, адставалі літаральна на лічаныя сантыметры. І ў тым, што яны так і не здолелі пераўзысці Аксану, “вінаваты” яе вашчылаўскі характар: валявы і ўпарты. Так на алімпійскім небасхіле заззяла новая зорка.
Палац для імператрыцыАсоба графа Пацёмкіна ў расійскай гісторыі адыёзная. З аднаго боку, ён фаварыт імператрыцы. З другога — буйны дзяржаўны дзеяч, які вельмі шмат зрабіў для імперыі. Стварэнне Чарнаморскага флоту — адна з такіх спраў. Атрымаўшы ў сваё ўладанне Крычаўскае стараства, Рыгор Пацёмкін пабудаваў тут суднаверф. Караблі, створаныя мясцовымі суднабудаўнікамі, прымалі ўдзел у марскіх бітвах пад камандаваннем Фёдара Ушакова. А мануфактуры, што працавалі ў Крычаве, забяспечвалі парусінай і іншыя суднаверфі краіны.Даведаўшыся аб тым, што імператрыца мае намер паехаць з Пецярбурга ў Маскву, граф загадаў пабудаваць палац, у якім яна змагла б спыніцца. Так у горадзе з’явілася пабудова, якая называецца палац Пацёмкіна. Сапраўды, 19 студзеня 1787 года Кацярына ІІ начавала тут. Зразумела, час і гістарычныя катаклізмы не пашкадавалі гэты помнік архітэктуры. Ён неаднаразова мяняў сваё прызначэнне, паступова разбураўся. І толькі два гады назад рэстаўратары і будаўнікі завяршылі яго аднаўленне. Зараз у палацы Пацёмкіна знаходзяцца экспазіцыя раённага гістарычнага музея, шлюбная зала, музей маці. Ён уключаны ў некалькі турысцкіх маршрутаў.
...Як швед пад МаляцічаміГэта потым, месяцаў праз дзесяць, швед “пагарыць” пад Палтавай. А ўпершыню моц рускай зброі шведскія захопнікі адчулі менавіта тут, пад вёскай Маляцічы на рацэ Чорная Натапа, дзе злучэнне пад камандаваннем князя Галіцына разграміла авангард войскаў Карла ХІІ. Тады непрыяцель страціў 3 тысячы салдат, столькі ж аказаліся параненымі.Знакаміты Маляцічы і тым, што першы ўспамін аб іх у летапісных дакументах датуецца 1639 годам. А ў ХVІІІ стагоддзі тагачасны ўладальнік мястэчка Састранцэвіч на ўласныя сродкі пабудаваў касцёл, які ўяўляў сабой зменшаную ў 32 разы копію сабора Святога Пятра ў Рыме. Зараз ад гэтага збудавання, на жаль, застаўся толькі падмурак.
Адноўленая свістулькаЛюдзі пажылога ўзросту добра памятаюць, як у дзяцінстве гулялі з керамічнымі свістулькамі. Варта было набраць у такую птушачку крыху вады і падзьмуць, як атрымліваўся гук, падобны на салаўіныя пералівы. Крычаўскія дзеці і зараз маюць такую магчымасць — пагуляць са свістулькамі. І не толькі пагуляць, але і зрабіць іх уласнымі рукамі. Народная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і назву носіць “Свістулька”. А дапамагае школьнікам ствараць гэтую прыгажосць народны майстар Беларусі Вячаслаў Мікалаевіч Якавенка, які і кіруе студыяй з пачатку яе існавання. Юныя ўмельцы сабралі вельмі ўнушальную калекцыю з розных узнагарод. Іх вырабы выстаўляліся ў Германіі, Нарвегіі, Галандыі і іншых краінах. Апошнія работы — стварэнне фігурак філіна, што выдаюць гукі, падобныя на “ўгуканне” гэтай птушкі. Вячаслаў Якавенка растлумачыў, што такія цацкі ў пачатку ХVІІІ стагоддзя вырабляў тутэйшы ганчар Хвядос Сыч. І цяпер дзеці — наведвальнікі студыі — аднавілі яго справу.
Стваральнік казачнага светуЧалавек узяў у рукі прылады, кавалак дрэва і... стварыў казачную скульптуру. Здаецца, усё проста. Але адкуль у яго з’явілася мастацкае бачанне, майстэрства разьбяра? Дзмітрый Уладзіміравіч Дабравольскі, бадай, і сам не зможа дакладна адказаць на гэтае пытанне. Спецыяльна на скульптара і разьбяра не вучыўся, але ўжо добрую палову жыцця аддае гэтай справе. Творы мастака ўпрыгожваюць паркі і скверы, двары і месцы масавага адпачынку роднага Крычава, аграгарадкі раёна, некаторыя суседнія райцэнтры.Гады два таму захапіўся майстар лядовай скульптурай. І зімовай парой у горадзе з’явіліся празрыстыя кампазіцыі, героямі якіх сталі дзівосныя жывёліны і звяры, казачныя персанажы. Яны стваралі казку і добры настрой.
Лістоўнічны гайПаўсюдна гэта лясная парода на тэрыторыі нашай краіны не расце. Лістоўніцу там-сям можна назіраць толькі ў адзінкавых экземплярах. А вось у Бацвінкаўскім сельсавеце (ці ж гэта не цуд прыроды!) існуе цэлы лістоўнічны гай. Ніхто яго тут не садзіў. І адкуль з’явіліся нехарактэрныя для кліматычных умоў Беларусі дрэвы, растлумачыць цяжка.