Рыгор Барадулін сустрэўся з чытачамі пасля цяжкой хваробы

Источник материала:  
20.05.2010 18:14 — Новости Культуры
Рыгор Барадулін сустрэўся з чытачамі пасля цяжкой хваробыНовая мінская кнігарня “Кніжны салон” першай імпрэзай зладзіла сустрэчу народнага паэта Беларусі з чытачамі.

Пасля цяжкай хваробы Барадуліна (узімку ён правёў больш за месяц у рэанімацыі лечкамісіі са складаным запаленнем лёгкіх) - гэта першая значная сустрэча з чытачамі. Камерная прэзентацыя была ў Чырвоным касцёле, але праз дрэнную рэкламу многія даведаліся пра яе постфактум.

“Кніжны салон” - крама новая, але з цікавай перадгісторыяй. Кнігарню ўзначаліла Соф’я Жыбулеўская - легендарная дырэктарка, якая стварыла і шмат гадоў узначальвала “Акадэмкнігу”. У мінулым годзе кіраўніцтва Акадэміі Навук “аддзячыла” Соф’і Антонаўне - проста не працягнула кантракт. Паводле чутак - за залішнюю смеласць, прэзентацыі і аўтограф-сесіі “нячэсных” літаратараў. Аднак таленавітая дырэктарка доўга без працы не сядзела - і месяц таму мінчукі пацягнуліся ў “Кніжны салон”. Апроч уласна продажу кніг, у кнігарні будуць адбывацца рэгулярныя аўтограф-сесіі і сустрэчы найлепшых беларускіх творцаў з чытачамі .

Першая сустрэча адбылася ўчора - з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Кіраўніцтва кнігарні хвалявалася да апошняга - ці дазволіць здароўе дзядзьку Рыгору асабіста прысутнічаць на імпрэзе. Але Барадулін прыйшоў. І застаўся задаволены.

Рыгор Барадулін: "Практычна такой прэзентацыі, як гэтая, не было ніколі - гэта першая. Гэта выдатнейшая зала, выдатнейшыя супрацоўнікі. “Кніжны салон” - гэта будучыня нашай літаратуры! Калі будуць так развівацца - нарэшце людзі вернуцца да кнігі і, у першую чаргу, да роднай кнігі".

Нехта пажартаваў, што пасля выступу ў “Кніжным салоне” Рыгор Барадулін стаў “салонным” паэтам. Сам паэт аджартаваўся.

Рыгор Барадулін: "Ну так, троху адчуў сябе “салонным паэтам”. Аж памаладзеў - адыходзячы, ажно забыўся свой кій!.."

Вёў імпрэзу паэт Міхась Скобла - маладзейшы сябар Барадуліна. Ён зладзіў незвычайную выставу - больш за 45 кніг Барадуліна з аўтографамі розных гадоў. Каб прынесці іх у кнігарню, спатрэбілася вялікая спартовая сумка!.. Пасля сканчэння імпрэзы спадар Міхась распавёў Еўрарадыё, як атрымаў свой першы ў жыцці аўтограф Барадуліна.

Міхась Скобла: "Гэта было дзесьці на апошнім курсе філфака, я насмеліўся падыйсці да Барадуліна. І настолькі быў здзіўлены! Гэта аўтограф быў напісаны вершам! “Маладым ад былых маладых /Пераходзіць законна права/ І на шышкі, й на пышкі, й на ўздых,/ Што не ўсё ў гэтым свеце цікава…/ І гэтак далей. Гэта мяне настолькі ўразіла - аказваецца, аўтографы можна пісаць і так! Бо незадоўга перад той сустрэчай з Барадуліным да нас на філфак прыходзіў Іван Шамякін, да яго выстраілася вялікая чарга. Іван Пятровіч не абцяжарваў сябе прыдумваннем кожнага разу нейкіх новых словаў. Ён проста распісваўся: “Іван Шамякін”. А тут - Барадулін напісаў адразу верш!.."

Дырэктарка “Кніжнага салону” Соф’я Жыбулеўская лічыць, што імпрэза Барадуліна ў іх кнігарні - вялікі гонар. Гэтая сустрэча задала планку, якой трэба трымацца.

Соф’я Жыбулеўская: "Я працую ў кніжным гандлі многа гадоў, ужо недзе паўстагоддзя - ажно сама баюся гэтай лічбы!.. Лічу, што гэта ўзнагарода мне ад Бога - такое мерапрыемства сёння адбылося ў кнігарні! Я такога ніколі не адчувала, хаця працавала ў розных кнігарнях, і ў той жа “Акадэмкнізе”… Але такога ніколі не было. Сёння - незвычайная падзея, незвычайная!.."

У бліжэйшых планах кнігарні - сустрэча 1 чэрвеня з Уладзімірам Шчасным, старшынём Камітэту ЮНЭСКА ў Беларусі. На сустрэчы будзе прэзентаваная кніга спадара Шчаснага “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. А на наступным тыдні мусіць адбыцца аўтограф-сесія і невялікі акустычны канцэрт Лявона Вольскага - у межах прэзентацыі дыску “Белая яблыня грому” на вершы беларускіх класікаў. Час пачатку ўсіх імпрэзаў абраны - 17.30.

←На Кангрэсе беларусістаў узгадалі арыштаванага Някляева

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика