Блокбастэр-макбастэр
Невялікая амерыканская кінакампанія The Asylum паведаміла, што гэтым летам выйдзе стужка «Тытанік: Працяг». Леанарда ды Капрыё і Кейт Уінслет зноў разам? О не: гутарка вядзецца пра «макбастэр», тып нізкабюджэтных фільмаў, якія эксплуатуюць папулярнасць вядомых блокбастэраў і маюць падобныя назвы («Трансморферы» і «Скарбы Да Вінчы» ды іншыя). Пра феномен кінападробак піша Ліза Кавальчык.
1. Місія — выканальная
…Група ваяроў, што змагаецца за волю і жыццё супраць бяздушных смерцяносных кібаргаў з чырвонымі лямпачкамі-вачмі, якія колісь былі распрацаваныя служыць чалавечаму роду, але паўсталі супраць яго…
Гучыць знаёма? Не, гутарка не ідзе пра стужку з серыі «Тэрмінатар», якія з вялікай помпай раз на колькі гадоў трапляе на шырокія экраны свету і Беларусі, а пра макбастэр (анг. mockbuster, «стужка-перапеўка», «стужка-фальшыўка») «Тэрмінатары». Адна збытная літара, але якая розніца:
кіно з сярэдняватымі невядомымі акторамі, нацягнутым сюжэтам, таннымі спецэфектамі і бездапаможнымі дыялогамі. Гэтыя стужкі выходзяць адразу на DVD, мінаючы шырокаэкранны пракат.
«Тэрмінатары» не адны такія: «Скарбы Да Вінчы», «Трансморферы», « Змеі на цягніку» — усе яны з кінабагажа кінакампаніі The Asylum апошніх пяці гадоў. Іх місія — зарабіць на падабенстве.
2. У промнях чужой славы
Макбастэраў вядуць свой радавод з канца 60-х, калі пачаліся падрабляцца мульфільмы «Дыснэя». Цяперашнія ж «каралі макбастэраў», каліфарнійская кампанія The Asylum, якая была заснаваная ў сярэдзіне 90-х гадоў, трапілі на гэтую жылу амаль выпадкова. На пачатку свайго шляху The Asylum прадавала танныя жахалкі, потым пашырылася і пачалі здымаць фільмы. У 2005 годзе каліфарнійцы захацелі зняць рымэйк фільма 1953 г. «Вайна светаў» , але грошай, каб зрабіць паўнакроўную перапеўку, яўна не ставала. Аднак іх распаўсюднікі, найвялікшая кампанія ў ЗША па гандлі DVD з фільмамі, «Блокбастэр», параілі ім рэкламны ход: зрабіць і выпусціць фільм адначасова са стужкай Стывена Спілберга, які таксама тады задумаў зняць рымэйк з Томам Крузам у галоўнай ролі.
Тады ўсё спрацавала як па нотах: макбастэр фірмы «Асайлем», на хвалі папулярнасці аднайменнага блокбастэра Спілберга зрабіўся хітом.
3. Adias, Аdidos ды інш.
Потым паследаваў змалпаваны «Кароль страчанага свету», які выйшаў паралельна з пітэрджэксанаўскім «Кінг Конгам» (2006). Продажы зноў скокнулі ў неба, кіраўнікі маленькай кінастудыі атрымала сваю мянушку «каралёў макбастэраў» і пра іх зрабілі вялікі артыкул «Нью-Ёрк Пост». Тады канчаткова ўфармавалася бізнэс-мадэль усяго прадпрыемства:
1. Паралельны выхад макбастэра з першапачатковай версіяй.Рэкламная кампанія дарагога блокбастэра спрыяе таму, што назва круціцца ў свядомасці масавага гледача. У дадатак спажыўца яўна зацікавіць хуткі выхад на DVD. Да канца не зразумелы ўвесь псіхалагічны механізм: падмену заўважаюць ладная колькасць спажыўцоў, але рука ўсё адно цягнецца па вокладку з нібыта знаёмымі назвамі. А можа, і не заўважаюць (прыгадаем поспех красовак Adias, Adidos ды іншых, якія колісь прадаваліся на беларускіх рэчавых рынках).
2. Назва, якая падобная або нагадвае першапачатковы фільм.Ці не праўда: «100 мільёнаў да н.э.» — ну копія «10000 да н.э.»? А «Алан Кватэрмэйн і храм чарапоў» адразу адсылае да «Індыяна Джонса і каралеўства крышталёвага чэрапа» ды «Індыяны Джонса і храма лёсу»?
3. Падобны сюжэт.Напрыклад археолаг і авантурнік Алан Кватэрмэйн, апранены ў каўбойскія нагавіцы і шырокі капялюх, нагадвае прафесара Індыяна Джонса, ды не раўнуючы як яго больш шанаваны калега шукае схаваныя скарбы (хіба ў Паўднёвай Афрыцы).
4. Схема амаль бяспройгрышная, бо
грашовыя ўкладанні адносна невялікія. Нават калі «дарагі» блакбастэр, як то «Тэрмінатар-4: Хай прыйдзе Збавіцель» — непаспяховы ў пракаце, вярнуць назад невялікі (250-700 тыс. даляраў) бюджэт за «Тэрмінатары» можна амаль заўсёды.
З усёй той справавой кемлівасцю, макбастэрамі задаволеныя не ўсе. Сеціва поўніцца скаргамі абураных кліентаў, якія купілі ці пазычылі ў відэаматах другарадныя стужкі, думаючы, што ўзялі арыгінал. Кінамастацтва такія опусы дакладна не дасканаляць. Вялікія кінастудыі таксама абураныя: час ад часу грозяцца падаць на падробшчыкаў у суд, але не зусім каб ведаюць як даць рады. Назвы фільмаў жа, хоць і падобныя, але не ідэнтычныя і ў дадатак сюжэт не заўсёды паўтараецца.
Пэўна, адзіная карысць ад макбастэраў: іх бізнэс-схема дапамагае, такім як фірмам, як Аsylum трымацца на над вадою. Ну, і гледачу - сяк-так прабавіць вечар.
«Мы маленькая кампанія: здымаем жахалкі, трымценнікі, і калі трэба — макбастэры. Мы робім тое, на чым можна зарабіць», — кажа дырэктар фірмы The Asylum Дэйвід Леан.
І дарэчы, хто сказаў, што такія фільмы, як рымейк Пітэра Джэксана «Кінг Конг» (які там ужо па ліку?) — не пераследуюць тыя ж самыя мэты?
«Толькі мёртвыя нічога не баяцца» |
4. Беларускі след
У Беларусі ёсць свае макбастэры.Гэта прадукцыя паўаматарскай кінакампаніі Navinki Home Video: «Случай з пацаном», «Толькі мёртвыя нічога не баяцца». Умовы выкананыя: гэта нізкабюджэтныя або амальбезбюджэтныя стужкі. Назва, якая падобная або нагадвае вядомыя блакбастэры. + нацыянальная спецыфіка — перапеўкі савецкіх назваў: «Случай з пацаном», гучыць як сучасны працяг «Лёс чалавека». Сюжэты, якія ўтрымліваюць жанравыя клішэ баявікоў або фільмаў жахаў. Дарэчы, калі «Случай з пацаном» у 1998 г. трапіў на відэакасеты, дык яго пазіцыянавалі, як годны адказ тэндэнцыйнаму расійскаму баявіку «Брат-2».
Не хаваюць таксама «навінкаўцы» і сваю жаданне зарабіць: «Случай з пацаном» быў выдадзены (тады яшчэ на відэакасетах), ажно ў двух версіях вокладкі: для беларускага і расійскага рынка.
«Так, у назвах і сюжэтах выкарыстоўваем алюзіі, адсылкі да пэўных жанраў: жахалак, савецкага кіно, — кажа адзін з кіраўнікоў творчае суполкі Navinki Home Video Паўлюк Канавальчык. — Рэч у тым, што цалкам самастойны прадукт патрабуе шмат высілак. А так, называючы і ўстаўляючы нейкія сюжэтныя клішэ і робячы назву пазнавальнай, мы вырашаем шмат пытанняў, звязаных з прамоцыяй фільма».
Новы заяўлены на 2010 год фільм ад Navinki Home Video — «Толькі мёртвыя нічога не баяцца»/Only Dead Are Not Afraid. Зноў традыцыйны набор хорар-банальнасцяў: зомбі і крывасмокамі. У фільме задзейнічаны вядомыя постаці культурнай прасторы: Адам Глобус і Валянцін Акудовіч, які грае ролю санітара. Аднак, у адрозненне ад галівудскіх жахалак, паказаная сучасная Беларусь з усімі яе супярэчнасцямі і канфліктамі. Хіба і даецца сваё, камерцыйна-забаўляльнае бачанне беларускай палітычнай з"яве — выкраданню людзей.
«Мы, зразумела, толькі ўсцешымся, калі заробім на гэтым фільме, але прыбытковасць не ёсць нашай найпершай задачай, — дадае Паўлюк Канавальчык. — Калі выперадзім «Масакру», дык наша мэта — атрымаць асалоду творцы і стварыць першы беларускі фільм жахаў».
Глядзець яшчэ: кіна-папярэднік (трэйлер) на «Толькі мёртвыя нічога не баяцца».
Ліза Кавальчык