Зазірнём да экспанатаў?
15 мая па ўсёй Беларусі пройдзе міжнародная акцыя “Ноч музеяў”
Яна аб'ядноўвае звыш 2000 тысяч музеяў з 40 краін свету. У нашай рэспубліцы акцыя ладзіцца ўжо пяты год.
-- Існуе павер'е, што ў гэту чароўную ноч музейныя экспанаты ажываюць, -- інтрыгуе Святлана Гаўрылава, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. -- Так гэта ці не, зможа праверыць кожны з нас, наведаўшы 15 мая музеі краіны. Да святочнай акцыі ўсе абласныя і шмат раённых музеяў падрыхтавалі для сваіх наведвальнікаў цікавыя і разнастайныя праграмы. Напрыклад, будзе выстаўляцца экспанат з уласнага фонду музея, які ніхто і ніколі не бачыў дагэтуль. Што гэта будзе -- трымаецца ў сакрэце да апошняга моманту.
Як зазначыў для “БН” намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, правядзенне такіх мерапрыемстваў падштурхоўвае кіраўніцтва музеяў адшукваць незвычайныя формы для прэзентацыі сваіх калекцый.
Дарэчы, зараз у Беларусі дзейнічаюць 149 музеяў і звыш 60 іх філіялаў, існуюць нават прыватныя музеі.
Арына САНДОВІЧ, “БН”