Першы раман пра мумітроляў перакладзены на беларускую

Источник материала:  
13.05.2010 09:37 — Новости Культуры

Па-беларуску выйшаў першы раман пра мумітроляў

«Маленькія тролі і вялікая паводка»

Мумітроль, Снусмумрык, Хаты-Фнаты… Беларуская перакладчыца першага рамана пра мумітроляў «Маленькія тролі і вялікая паводка» Наста Лабада нагадвае, што ў сусветнай літаратуры няшмат пісьменнікаў, якія стварылі яскравы, але цалкам адасоблены свет са сваімі ўласнымі законамі і насельнікамі, ды сярод іх Тувэ Янсан — на пачэсным месцы. Аўтарка 8 аповесцяў пра мумітроляў, сярод якіх сусветнавядомыя — «Камета ў Мумі-краіне» і «Чароўны капялюш», шведскамоўная пісьменніца з Фінляндыі Тувэ Янсан, напісала за сваё жыццё таксама колькі твораў для дарослых і дзяцей, але сапраўдную папулярнасць ёй прынеслі менавіта прыязныя, падобныя да маленькіх бегемоцікаў, істоты.

Рукапіс «Маленькія тролі і вялікая паводка» (дата выхаду ў свет 1945) праляжаў у шуфлядцы некалькі дзесяцігоддзяў і быў выдадзены толькі пасля таго, як сябры параілі Тувэ зрабіць для рамана ілюстрацыі, каб вобраз сям"і Мумітроляў атрымаў сваё завершанае ўвасабленне. У адрозненні ад «Каметы», напісанай падчас другой сусветнай, «Паводка» не поўніцца змрочнымі вобразамі і трагічным светапрыняццём. А сюжэт «Паводкі», дзе Мумітроль і яго Мумі-мама шукаюць зніклага бацьку, прыводзіць адно да шчаслівай развязкі.


«Мы неяк так прывыклі, што ў казках ёсць станоўчыя і адмоўныя героі, прычым станоўчыя адважна змагаюцца з адмоўнымі, — дадае Наста Лабада. — А Тувэ Янсан адразу з першага рамана пра мумітроляў кажа, што яе галоўныя героі — маленькія і слабыя. Аднак, як высвятляецца, тая малеча здольная даць рады цяжкім абставінам жыцця дзякуючы сваёй дабрыні».

На сённяшні дзень кнігі пра мумітроляў — нацыянальны гонар Фінляндыі і Швецыі. У фінляндыі ім прысвечаны дзіцячы муміпарк, выявы гэтых абаяльных герояў можна знайсці дзе на манетах, марках і віншавальных паштоўках.

Паглядзець і набыць кнігу «Маленькія тролі і вялікая паводка» можна будзе 16 траўня ў мінскай бібліятэцы А.С. Пушкіна. Прэзентацыя — найперш дзіцячая. Падчас яе адбудзецца віктарына з дарункамі для дзяцей. Акрамя таго, ахвочым дзеткам мастак намалюе мумігерояў на паветраных шарыках. Прагучаць міксы на дзіцячыя шведскія песні ў выкананні Ўладзіслава Бубена. І апроч усяго, там будуць экспанавацца малюнкі аматараў мумітроляў з Беларусі і Расіі.

Вядоўца імпрэзы — Анка Упала. Перад публікай, акрамя перакладчыцы Насты Лабады, выступяць шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан, паэты Андрэй Хадановіч і Віктар Жыбуль ды інш. Пачатак а 16. Прыходзьце з дзеткамі!


Лявон К.

←Едзем на Be2gether. Комікс 4: падача дакументаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика