Гэнік Лойка зробіць шыльду Геніюш у Празе
Нагадаем, конкурс быў абвешчаны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» 10 сакавіка ў межах аргкамітэту па святкаванні 100‑годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Ініцыятыва ўсталявання памятнай шыльды ў гонар паэткі належыць беларусам Чэхіі, а менавіта сябрам беларускай суполкі «Скарына», якая дзейнічае ў Празе.
5 траўня прайшло пасяджэнне сябраў аргкамітэту, падчас якога адбылося абмеркаванне эскізаў памятнай шыльды, прадстаўленых на конкурс. У выніку лепшым быў прызнаны праект Гэніка Лойкі.
На думку сябраў аргкамітэту (у тым ліку і беларусаў Чэхіі), ягоны эскіз найбольш адпавядае канцэпцыі конкурсу і яскрава раскрывае вобраз Ларысы Геніюш.«Геніюш блізкая мне па духу, — гаворыць пераможца. — Я лічу сябе яе нашчадкам. Таму я з задавальненнем узяў удзел у конкурсе. Да таго ж, я яшчэ і яе зямляк, я сам з Мастоўскага раёна».
Па задуме скульптара, памятная шыльда будзе адліта з сілуміну (сплаў на аснове алюмінію).
На шыльдзе будуць размешчаны наступныя словы на беларускай і чэшскай мовах:
«У поўную сілу беларускай, роўнай усім і ня ўніжанай, я была толькі ў Чэхіі…»
Тут ад 1943 г. жыла беларуская паэтка Ларыса Геніюш, у 1948 г. высланая ў савецкі Гулаг.
«Plnou měrou jsem Běloruskou, rovnoprávnou a neponíženou, byla pouze v Čechách…»
V tomto domě žila od r.1943 běloruská básnířka Larysa Geniuš, v r.1948 odvlečená do sovětského Gulagu.
Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды ў Празе адбудзецца ў жніўні і будзе прымеркавана да 100‑гадовага юбілею з дня нараджэння паэткі, які адзначаецца 9 жніўня.
zbsb.org