Ільля Копыл: “Дзякуй вэтэранам за рэкляму!”

Источник материала:  
Сапраўдная слава да адстаўнога вайскоўца Ільлі Копыла прыйшла ў 75 гадоў. Пасьля выхаду ягонай кніжкі пра ваеннае ліхалецьце “Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка” аўтарам зацікавіліся журналісты, ягоныя ўспаміны пачалі перадрукоўваць у газэтах.

Сапраўдная слава да адстаўнога вайскоўца Ільлі Копыла прыйшла ў 75 гадоў. Пасьля выхаду ягонай кніжкі пра ваеннае ліхалецьце “Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка” аўтарам зацікавіліся журналісты, ягоныя ўспаміны пачалі перадрукоўваць у газэтах.

Копыл: Я перакананы: тыя, хто пікетаваў рэдакцыю, наўрад ці чыталі “Народную волю”. Самы “раскручаны” сярод іх – старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Саюзу афіцэраў Адоньеў. Гэта былы палітработнік, нараджэнец Стаўрапольскага краю. Ён, магчыма, і чытаў, але ўсе астатнія – сумняюся. На маё перакананьне, усе тыя пікеты штучна арганізаваныя – і бээрсээмаўскі, і вэтэранскі. Але шчыра скажу: пікет зрабіў вельмі добрую справу для рэклямаваньня матэрыялу. Калі выйшла кніжачка – а было ўсяго 100 асобнікаў – пра яе ведала, можа, чалавек 500. Калі надрукавала газэта мой матэрыял, даведаліся, магчыма, некалькі тысяч. А калі адбыўся пікет, на мяне абрынулася мноства тэлефанаваньняў – як зь Беларусі, так і зь іншых краінаў. Людзі гаварылі: “Прыяжджайце ў нашы вёскі, тут адбывалася тое ж самае!” Маўляў, мы табе раскажам, а ты напішаш. Многія наўпрост казалі: каб не пікет, мы і не даведаліся б, што жыве ў нашай Беларусі такі чалавек, як Ільля Копыл. І што выйшла такая кніга. Іншымі словамі, пікет стварыў мне рэкляму. 
Карней: То бо па сутнасьці сапраўды атрымалася бясплатная рэкляма?
Копыл: Фактычна так. Але калі сур'ёзна, то я да гэтага пікету, можна сказаць, ніяк не стаўлюся. Пустое ўсё гэта... Цікава, што мне днямі пазваніў адзін вэтэран. Вельмі абураўся. Праўда, абураўся ня тым, аб чым я напісаў, а проста заявіў: “Как вы смогли накануне нашего светлого праздника такое печатать? Можно было прийти к нам в Союз офицеров, сели бы мы за круглый стол и во всем разобрались бы!” Ну я яму й адказаў: “Шаноўны вэтэран! У вас было 65 гадоў, каб сядзець за круглымі сталамі і абмяркоўваць усе гэтыя пытаньні. Але вы гэтага не зрабілі. А цяпер надышоў мой час зрабіць гэта!” 
Карней: Вы самі верыце, што камусьці з вэтэранаў адкрылі вочы, што прынамсі нехта зь іх пачытае вашы ўспаміны?
Копыл: Я вам скажу, што такія спрэчкі са мной вядуцца нават у маім двары. Сустрэўся неяк адзін знаёмы вэтэран, і таксама за сваё: “Як ты мог? Гэта ж наша родная, савецкая ўлада, наша непераможная Чырвоная армія, трэба паважаць вэтэранаў вайны”, – і гэтак далей. Я яму таксама адказаў: паважаю, гавару, я вэтэранаў вайны. Але ёсьць моманты, за якія я магу іх і не паважаць. Яны мяне, 7-гадовага хлапчука, маю сям'ю, маю вёску кінулі немцам, а самі давалі драла ажно да Волгі. Здалі сталіцу нашай рэспублікі на шосты дзень вайны, а вызвалялі толькі праз тры гады. Дый за што вас паважаць, калі вы ў першай палове вайны здаліся ў нямецкі палон – ажно 5 мільёнаў 700 тысяч чалавек!
Карней: Адно з балючых пытаньняў – фактычна напаўграмадзянская вайна, што вялася на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Паводле архіўных зьвестак, супрацьстаяньне мірнага насельніцтва і партызанаў часам было ня менш трагічнае, чым вайна з рэгулярнымі войскамі вэрмахту...

Копыл: Нават цяпер мала хто ведае, што партызаны былі перакінутыя празь лінію фронту. Першапачаткова гэта былі тры партызанскія атрады, якія стварылі брыгаду “Жалязьняк”. Атрады фармаваліся так: адзін – пад Тулай, другі – пад Масквой, трэці – ажно ў Кіраўскай вобласьці. Там фармаваліся, наладжвалася іх узаемадзеяньне: як змагацца, як ваяваць у тыле ворага. А потым яны былі перакінутыя на нашу тэрыторыю. І перакінутыя ня дзеля таго, каб змагацца зь немцамі, а зусім для іншага. Рэч у тым, што маскоўскі рэжым убачыў: у Беларусі партызанскага руху няма, але яго трэба нейкім чынам стварыць. Спачатку перакінулі сюды Ваўпшасава, але ён ня справіўся са сваёй задачай; пасьля сталі ствараць партызанскія атрады. Гэтыя атрады мелі сваю мэту – правакаваць немцаў супраць мірнага насельніцтва. Як яны ўсё рабілі – гэта ўжо нагода для іншай размовы, але ім гэта ўдалося. Бо пачаліся карныя апэрацыі супраць мірнага насельніцтва. І ў звычайных людзей выбару не заставалася: ці ў Нямеччыну на прымусовую працу, ці ў партызаны. Натуральна, бальшыня выбрала: “Лепш – у партызаны”.

Карней: Дык ці можна казаць, што ў Беларусі была грамадзянскай вайна ў мініятуры?

Копыл: Грамадзянская ў мініятуры? Ну як сказаць? Насельніцтва ж па сутнасьці было абяззброенае. Яно не магло змагацца, яно магло толькі выжываць.

Карней: А што тычыцца атрадаў самаабароны, якія ваявалі і супраць партызанаў, і супраць нямецкіх акупантаў, то ці былі яны дзейснай сілай?

Копыл: Атрады самаабароны праіснавалі вельмі непрацяглы час. Яны былі створаныя ў 1944 годзе, але ў тым жа годзе і расфармаваныя – немцы іх папросту напалохаліся. Бо яны абаранялі свае паселішчы і ад партызанаў, і ад паліцаяў, і ад немцаў. То бок былі для ўсіх небясьпечныя. Але найперш немцы не хацелі, каб узброеныя людзі знаходзіліся ў іх тыле.

Ільля Копыл, маёр артылерыі ў адстаўцы, нарадзіўся 2 жніўня 1934 году ў вёсцы Нябышына Бягомельскага раёну. Пасьля заканчэньня ў 1957-м Менскага артылерыйска-мінамётнага вучылішча служыў у Прыволскай вайсковай акрузе. З 1961 году праходзіў службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня СССР. У часе вайны сям'я Копылаў была на акупаванай тэрыторыі. Успаміны аўтара пра ваеннае дзяцінства сталі асноваю кнігі “Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка”.

←День уличной музыки прошел в Литве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика