Сібір, як беларускія справы?
«Наша Ніва»: Сп-р Алег, якія вынікі з’езду беларусаў Расіі?
Алег Рудакоў: Калі раней ФНКА займалася прасоўваннем ідэяў эканамічнай інтэграцыі паміж РФ і РБ,, дык цяпер, калі гэтая ідэя заняпала, нарэшце пачалі займацца праграмамі па культурных традыцыяў беларускага народу. Ёсць зрухі. Гэта быў першы раз, што кіраўніцтва большасці беларускіх суполак Расіі задумаліся над пытаннем культурнага развіцця. Па-другое, ішла гутарка пра стварэнне нядзельных факультатыўных школаў па вывучэнні беларускай мовы і гісторыі.
«НН»: Наколькі беларуская мова з’яўляецца вызначальным чыннікам для беларусаў Расіі?
АР: Няма мовы — няма народу. За сваю суполку скажу, што мова з’яўляецца нашым галоўным накірункам, дзе мы робім усё дзеля таго, каб мова гучала. Спеўныя фэсты, укараненне мовы ў побытавых стасунках. Вучым і тых, хто прыйшоў да нас з трэцяга-чацвёртага пакалення беларусаў народжаных у Сiбiры і толькі прыбылых з Беларусі. Дарэчы, на з’езде, які праходзіў пераважна па-расійску, казалася і неаднаразова падкрэслівалася, што мова — вызначэнне нацыянальнай адметнасці.
«НН»: Дзякуючы чаму захаваліся беларусы Сібіры?
АР: У вёсках, утвораных беларускімi перасяленцамi падчас сталыпінскіх рэформаў, склалася парадаксальнае становішча: чым менш адукаваныя людзі, тым больш яны гамоняць па-беларуску. Чым менш іх закранула савецкая школа, тым больш яны могуць распавесці пра свае звычаі і абрады. Нават тыя, хто нарадзіўся ў Сібіры. А ў горадзе дзейнічае прынцып, «Калi ты нарадзіўся ў Сібіры, дык ты ўжо расіец, які павінны размаўляць па-расійску». Таму ў горадзе тоеснасць можа захаваць і развіць, пэўна, хутчэй пры дапамозе беларускай суполкі. У нас у Іркуцку нават утвараюцца беларускія пары: сустрэліся, пазнаёміліся падчас беларускага свята, і вось з’явіліся дзеткі. У нас у Іркуцку ўжо ёсць Рагнеда. А яшчэ пашпартныя Яны, Волі, Алесі, Багданы.
«НН»: Дапамогу з боку беларускай дзяржавы адчуваеце?
АР: Не. Напрыклад, у Іркуцку, дзе палякаў дзве з паловай тысячы, дзейнічае адразу некалькі праграмаў, фінансаваных польскім консульствам: для палякаў, якія хочуць вярнуцца на Бацькаўшчыну, праграмы па папулярызацыі польскасці. Вось выдалі кнігу (зразумела па-расійску), дзе даводзяць, што Ян Чэрскі — паляк. Нас, беларусаў, у Іркуцкай вобласці па розных падліках ад 16 да 50 тысячаў, але няма ніводнай праекту, фінансаванага з боку беларускай дзяржавы. Ды што казаць нават літоўцы, якіх у Іркуцкай вобласці ўсяго паўтары тысячы, маюць ажно тры праграмы.
«НН»: А з культурнай прадукцыі чаго бракуе?
АР: Падручнікаў. Вось у сібірскай вёсцы Тургенеўка, якая была утворана ў 1909 годзе беларусамi, дырэктар школы, кажа: «Толькі дайце нам беларускія падручнікі мы самі будзем вывучаць гісторыю і мову». І яму няма што адказаць. Па-другое, не стае папулярна напісаных брашураў, а хоць бы і па-расійску. Не толькі для беларусаў, але і дзеля папулярызацыі беларускай гісторыі сярод іншых народаў Прыбайкалля. Скажам, каб можна было прэзентаваць яе мэру горада Іркуцку, каб ён пачытаўшы, зразумеў лепей, што такое беларускі народ і яго традыцыі.
«НН»: У Беларусі ідзе распрацоўка заканадаўчай базы па сувязі з суайчыннікамі. На вашую думку, што павінна зрабіць беларуская дзяржава ў гэтым кірунку?
АР: Стварыць міністэрства па сувязі з суайчыннікамі, якое будзе мець паўнамоцтвы і мець пэўны бюджэт, які будзе накіраваны на беларускія суполкі за мяжой і запрашэнне беларусаў замежжа (як шараговых беларусаў, так і творчыя калектывы) ў Беларусь. Я цалкам разумею, што сёння беларуская дзяржава толькі пачынае ўсведамляць, што трэба працаваць і ўзаемадзейнічаць са сваёй дыяспарай. Гэта першы крок. Але сёе-тое можна зрабіць і цяпер, пакуль структураў па працы з суайчыннікамі фактычна не існуе. І вялікіх выдаткаў на гэта ня трэба: накіраваць у Расію навукоўцаў, каб правесці канфрэнцыю па беларускай гісторыі, або артыста з выступамі. І Беларусь не такая ўжо бедная краіна.
«НН»: Сп-р Алег, якое пачуцці апаноўваць вас на Бацькаўшчыне?
АР: На Бацькаўшчыне адназначна лепей дыхаецца — у нас у Сібіры клімат цяжэйшы (смяецца). Па-другое, во толькі што бацькі званілі з Полаччыны, казалі, каб прыязджаў, бо трэба дровы секчы, а адмовіць жа бацькам немагчыма. Па-трэцяе, прыязджаючы ў Беларусь, робіцца шкада, што не гучыць беларуская мова. Па прыездзе я тут жа пераходжу на беларускую мову: у краме, ва ўстановах. І часам здараюцца выпадкі, калі мяне не толькі не разумеюць пэўнага слова, але яшчэ і патрабуюць, каб я размаўляў па-расійску.
***
29 красавіка Алег Рудакоў азначае дзень нараджэння. Рэдакцыя «Нашай Нівы» віншуе спадара Алега і жадае яму моцнага здароўя, натхнення і плёну ў працы.Чытаць яшчэ: Вільня, як беларускія справы?
Гутарыў Павал Касцюкевіч