Беларускі прадстаўнік на «Еўрабачанні» запісаў песню па‑беларуску

Источник материала:  
27.04.2010 14:49 — Новости Культуры
Прадстаўнікі Беларусі на «Эўравізіі‑2010» гурт «3+2» запісалі беларускамоўную песьню «Анёлы» і прадстаўляюць яе ў новым туры на «Тузіне Гітоў». З нагоды прэзэнтацыі ўдзельнікі гурта распавялі нашаму парталу, чаму яны нясьмела сьпяваюць па‑беларуску, як ацэньваюць свае шанцы ў будучым конкурсе і ці зьбіраюцца працягваць свой удзел у праекце ў выпадку паразы.

Праект паўстаў сёлета і быў створаны для ўдзелу ў тэлешоў «Музыкальный суд». Гурт складаецца зь ляўрэатаў конкурсу «Новыя галасы Беларусі», якія цяпер зьяўляюцца салістамі прэзыдэнцкага аркестру Беларусі. Першапачатковай іх візытоўкай была песьня «Far Away». Меркавалася, што зь ёй гурт і возьме ўдзел у «Эўравізіі‑2010», што пройдзе 25—29 траўня 2010 году ў Осла. Але выйшла інакш. «Гэтая песьня някепская, але ня надта ўласьцівая для нашых выканаўцаў, бо яны маюць клясычную адукацыю. Таму «Far Away« ня надта пасавала для іх», — тлумачыць дырэктар «3+2» Кацярына Вашчанка. Тым ня менш, было вырашана запісаць беларускамоўную вэрсію «Far Away», што атрымала назву «Анёлы».

Удзельнікі гурта распавядаюць, што на бліжэйшым сваім выступе ў Сафіі зьбіраюцца выканаць менавіта «Анёлаў», песьню па‑беларуску папрасіў засьпяваць прымаючы бок. Што да іх стаўленьня да беларускамоўнасьці, то ў гэтым пытаньні адчуваюцца ў музыкаў разгубленасьць. Яны нават не разглядалі такога варыянту — прадстаўляць Беларусь на «Эўравізіі‑2010» зь песьняй па‑беларуску. Песьню для конкурсу, што завецца «Butterflies» для іх напісаў расейскі прадусар Макс Фадзееў.

«З Максам у нас добрыя адносіны і прапанаваная ім кампазыцыя нам цалкам падыйшла, — кажа Кацярына Вашчанка. — А вось пра тое, каб на «Эўравізіі« сьпяваць па‑беларуску ня думалі. Пэўна не хапае ў нас сьмеласьці ў гэтым пытаньні, зрэшты як і ў шмат каго з айчынных выканаўцаў. Усе ведаюць, што зь беларускай мовай трэба сябраваць, а выходзіць так, што не сябруем. Упэўненасьці няма». Пры гэтым «3+2» кажуць, што неаднаразова сутыкаліся з тым, што іхнюю мову называюць Belarusian English, але гэта іх ня крыўдзіць.

Алена і Нінэль Карповіч, Юлія Шышко, Арцём Міхаленка і Егіязар Фарашан усьведамляюць, што шанцаў на перамогу ў конкурсе ў іх няшмат, затое бачаць тут станоўчыя моманты: «На нас ня цісьне імя, мы новыя людзі і мы зробім усё залежнае ад нас, каб годна прадставіць краіну. Адзінае чаго бы хацелася, каб нас не ганілі загадзя, а падтрымалі ўсе неабыякавыя беларусы. І выправілі нас у Осла зь любоўю». Яны цьвердзяць, што праект «3+2» — неаднаразовы і яны зьбіраюцца існаваць і далей, у незалежнасьці ад выніку ў Осла. Сьведчаньнем таму — шэраг запрашэньняў з канцэртамі, якія адбудуцца пасьля эўрапейскага конкурсу.

3+2 — Анёлы (музыка — Леанід Шырын, Юры Вашчук, ангельскі тэкст — Гера, пераклад на беларускую — Анатоль Шмідт).


Сяргей Будкін, ТГ

←Фільм "Белсату" ўзнагародзілі на фестывалі ў Варшаве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика