Віктар Казько: “Гітлера так не малявалі, як намалявалі Васіля Быкава”

Источник материала:  
Сучасную беларускую літаратуру немагчыма ўявіць бяз твораў Віктара Казько. Ніхто так пранікліва і пранізьліва (праз успрыманьне падлетка) не паказаў вайну, як гэта зроблена ў аповесьці «Суд у Слабадзе».

Ніхто так гратэскна, з абмалёўкай тыпажоў-характараў, не паказаў жыцьцё ў чарнобыльскай зоне, як гэта паказана ў рамане «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». 24 красавіка пісьменьніку споўнілася 70 гадоў, а напярэдадні юбілею ён завітаў у «Вольную студыю».

Міхась Скобла: «Спадар Віктар, напачатку нашай гутаркі давайце вернемся ў далёкія 70-я гады. Вы тады пісалі па-расейску, увесь Савецкі Саюз чытаў вашы кнігі „Високосный год“, „Здравствуй и прощай“. У 1978 годзе вы перайшлі на беларускую мову. Ці не шкадуеце сёньня пра той свой крок, ці не настальгуеце па тых часах, калі вашы кнігі выходзілі вялізнымі накладамі?»

Віктар Казько: «Шкадаваньня ў мяне няма ні грама, яго проста ня можа быць. Пераход на беларускую мову павінен быў адбыцца, як і мой пераезд з Кузбаса ў Беларусь. Мяне з чужыны ўвесь час цягнула на радзіму. Нас усіх цягнула, 20 выхаванцаў дзіцячага дому, якія зьехалі на шахты, паступілі ў рамесьніцкія вучэльні ў Кузбасе. З адным з такіх выхаванцаў, з Толем Бельскім, мы нават гаварылі: калі б можна было вярнуцца ў Беларусь, то мы пайшлі б пешкі, на кожным кілямэтры падалі б на калені і цалавалі б зямлю. Во, да чаго даходзіла… Таксама цягнула і беларуская мова. Дарэчы, згаданы табою «Високосный год», апублікаваны «Новым миром», я пачаў пісаць на беларускай мове. Пачаў і кінуў, адчуў, што па-беларуску не выцягну… І пераезд мой у Беларусь быў дзіўны. Я адчуў, што больш ужо не магу жыць у Сыбіры. Памятаю, недзе ў Валгаградзе, пасьля заканчэньня Маскоўскага літінстытута, я заходжу ў кнігарню, і мне трапляецца томік вершаў Уладзімера Лугаўскога. Я загадваю, разгортваю, пальцам тыкаю ў радок і чытаю: «Итак, домой, на родину, в Итаку». Гэта было нешта вельмі знакавае. І больш я не раздумваў. Я прыехаў і, каб вывучыць беларускую мову, пайшоў рабіць у «Чырвоную зьмену».

Скобла: «Наўрад ці ў „Чырвоная зьмена“ так выкшталціла вашу мову, пра якую Янка Брыль сказаў: „сакавітая і вобразная, зь лёгкім дамешкам мясцовай гаворкі, дынамічная ў дыялёгах, усхваляваная ў лірычных адступленьнях“. Дык адкуль ваша мова, не з Кузбасу ж?»

Казько: «З Каленкавічаў, зь вёсак Даманавічы і Анісавічы, ад бабулі і таго асяродзьдзя, у якім я жыў. Памятаю, калі я рабіў у „Нёмане“, нябожчык Валодзя Кудзінаў казаў мне: „Твая мова ні расейская, ні беларуская, яна каленкавіцкая.“ І гэта сапраўды так. Бабуля пражыла 112 гадоў на адным месцы, і ад яе я чуў беларускую мову. Беларускае слова ўвайшло ў мяне, як хлеб, як соль, як вада, як паветра. Чым ты дыхаеш, тым і гаворыш, тым і жывеш. Карані не забываюцца. Езьдзячы па Беларусі ў той савецкі час, калі беларусаў актыўна адвучвалі ад беларускай мовы, я заўважыў адну акалічнасьць.
Каб узгадаць сваю родную мову, заўсёды старшыні калгасу трэба было тры чаркі гарэлкі.
Каб узгадаць сваю родную мову, заўсёды старшыні калгасу трэба было тры чаркі гарэлкі. Да гэтага ён гаварыў па-расейску, а пасьля трэцяй чаркі куды тая расейшчына толькі дзявалася!»

Скобла: «Каб жа так лёгка можна было вырашыць моўную праблему… Выдатны расейскі пісьменьнік Уладзімер Салаухін гаварыў, што каб чытаць Прышвіна, ён мусіць замарудзіць плынь сваёй душы. А з чыёй душой ваша душа плыве з аднолькавай хуткасьцю?»

Казько: «Найбольш блізкія мне па адчуваньні беларускасьці, зямлі і неба беларускага, — Анатоль Кудравец і Алесь Жук. Як пісьменьнік я вучыўся таксама ў Янкі Брыля, у Івана Мележа, у Івана Шамякіна. І сёньня гэтая навука яшчэ доўжыцца. Беларуская літаратура — гэта непадзельная прастора. А нас, пісьменьнікаў, дзеляць на „чэсных“ і „нячэсных“. І той „чэсны“, прыўладны Саюз увесь час займаецца дэструктыўнай дзейнасьцю, ён не дапамагае нашай літаратуры, а болей перашкаджае. І тут можна мноства прыкладаў прывесьці. Ён не дае ні вольна дыхаць, ні праўдзіва гаварыць, увогуле, перашкаджае менавіта творчасьці».

Скобла: «Нядаўна не адбылася сустрэча з вамі ў Пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. А што ёй перашкодзіла?»

Казько: «Скажу шчыра, я ня вельмі люблю падобныя сустрэчы, але калі людзі шчыра рыхтуюцца і запрашаюць, то згаджаюся. Гэта недзе ідзе ад вясковай нашай талакі, ад беларускага характару, — ісьці насустрач чалавеку, які цябе кліча, просіць аб нейкай дапамозе. Так было і на гэты раз, я ўсё ж пагадзіўся прыйсьці. Арганізатары былі вельмі радыя, рыхтаваліся. І вось я ўжо еду ў аўтобусе на сустрэчу, а мне — званок: „Віктар Апанасавіч, сустрэча адмяняецца“. П
І вось я ўжо еду ў аўтобусе на сустрэчу, а мне — званок: „Віктар Апанасавіч, сустрэча адмяняецца“.
раўда, студэнты так лёгка не адступіліся, зьвярнуліся да вышэйшага начальства. Вышэйшае начальства дало каманду, і студэнтам прынесьлі маё раздрукаванае выступленьне на Радыё Свабода, далі пачытаць выкладчыкам. Каб і выкладчыкі, і студэнты ведалі, што я зь сябе ўяўляю, каб не запрашалі на сустрэчы такога апазыцыянэра, які займаецца палітыкай. А я ніякі не апазыцыянэр, я не ўваходжу ў палітычныя партыі. У мяне проста ёсьць пазыцыя, ёсьць свая думка. І я бяздумна ніколі не пабягу ў чаргінцоўскі саюз, як бягуць некаторыя хлопчыкі. У мяне ёсьць і сумленьне, і паняцьце ўласнай вартасьці, уласнай чалавечай годнасьці… А ў Пэдунівэрсытэце мяне, як цяпер кажуць, дадаткова прапіярылі. Студэнты пасьля тае забароны, кажуць, кінуліся шукаць мае кніжкі».

Скобла: «Але ж і кніжак вашых няма ў кнігарнях».

Казько: «Дык жа дзесяць гадоў нічога не выдавалася ў дзяржаўных выдавецтвах! Вось мая леташняя кніжка „Бунт незапатрабаванага праху“, за якую мне прысудзілі прэмію „Гліняны Вялес“, яна ж напісаная яшчэ пры савецкай уладзе! Дваццаць гадоў таму! Кніга праляжала 15 гадоў у выдавецтве „Мастацкая літаратура“, адкуль я яе забраў, і — не састарэла. Яна мае шчасьлівы лёс, хоць, кажуць, жыцьцё харошай кніжкі — 15-20 гадоў».

Скобла: «У наступным месяцы, будзе адзначацца Дзень Перамогі. Васіль Быкаў паказаў само пекла вайны. Вы ў аповесьці „Суд у Слабадзе“ паказалі вайну, убачаную вачыма дзіцяці. А якая вайна ў нашай літаратуры яшчэ не апісаная?»

Казько: «Праўдзіва не апісаная яшчэ вайна партызанская, вясковая вайна, блізкая да грамадзянскай. У нас яшчэ ня сказана пра тое, якой яна была — і жорсткай, і крывавай, і сьмешнай. Не паказаны яшчэ селянін, які павінен быў падымаць дзяцей, сеяць хлеб і карміць дзьве ўлады — нямецкую і савецкую, партызанскую. І немцы, і партызаны як маглі абдзіралі аднаго селяніна. Менавіта селянін — найвялікшы пакутнік у гэтай вайне. І вось гэтая сялянская вайна, вайна пад стрэхамі, як яе назваў Алесь Адамовіч, яна яшчэ засталася неапісанай. А вазьмі ты такую асобу, як генэрал Гіль-Радзівонаў. Ён і ад Гітлера атрымаў вышэйшую ўзнагароду Райху, і ад Сталіна Героя Савецкага Саюзу. Як такое магло адбыцца?
І немцы, і партызаны як маглі абдзіралі аднаго селяніна. Менавіта селянін — найвялікшы пакутнік у гэтай вайне.
І вось праўда пра такую вайну тады-сяды выходзіць на паверхню — насуперак афіцыйнай ідэалёгіі, афіцыйнай мітатворчасьці.».

Скобла: «Вы згадвалі пра чаргінцоўскі Саюз пісьменьнікаў. Паэтка Аксана Спрынчан на сваім блогу разьмясьціла партрэты беларускіх клясыкаў, якія разьвешаныя ў актавай залі Дому літаратара (там цяпер — кіраўніцтва таго саюзу сядзіць). Скажу шчыра, у мяне быў шок ад тых партрэтаў. Не зусім пэўны ў сваім мастацкім гусьце, я вырашыў паказаць тыя партрэты вам. Што скажаце?»

←Восьмидесятилетний юбилей сегодня отмечает народный художник Беларуси Май Данциг.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика