Шляхамі Івана Мележа. “Край хваёвых лясоў, салаўіных гаёў

Источник материала:  
Шляхамі Івана Мележа.
“Край хваёвых лясоў, салаўіных гаёў

Скарб галоўны заўжды яго людзі”, — гэта ўзнёслыя словы пра Хойнікшчыну, яе жыхароў, што ад духмянай жывіцы, зялёнай хвоі хайнічанамі звацца сталі. Спеўная, літаратурная, Хойнікшчына ўзгадавала шмат таленавітых пісьменнікаў, сярод якіх самая яркая зорка — лаўрэат Ленінскай прэміі, аўтар трылогіі “Палеская хроніка” Іван Мележ. У вёсцы Глінішча наведвальнікаў гасцінна сустракае ў доме-музеі Івана Паўлавіча экскурсавод — пляменніца пісьменніка Соф’я Піліпаўна Мележ. Тут у рэчах, экспанатах, гука- і відэазапісах жыве памяць пра славутага майстра слова, з-пад пяра якога выйшла нацыянальная эпапея аб усталяванні новага жыцця на Палессі. (Дарэчы, менавіта Хойнікі сёлета стануць сталіцай Дня беларускага пісьменства). Прыемна адзначыць, што на гэтым не заканчваюцца, а толькі пачынаюцца цуды Хойнікшчыны. Прапануем чытачам палюбавацца іх яскравым сузор’ем.

Галоўная святыня “Благадатнае Неба”У сёлетнім сакавіку праваслаўныя веруючыя з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны наведалі Свята-Пакроўскую царкву ў Хойніках. Нагодай стала 305-годдзе галоўнай яе святыні — іконы Маці Божай “Благадатнае Неба”. Ад князёў Трубяцкіх некалі дасталася яна прыходу. У 1922 годзе царква была цалкам разбурана, але жыхары захавалі яе святыню і не перастаюць верыць у яе незвычайную сілу. Моляцца іконе, дзе Божая Маці намалявана ў аблоках з дзіцём на руках, якое працягвае рукі  для абдымкаў усяго свету. Да яе ідуць пры цялесных і псіхічных хваробах, а таксама перад падарожжам на паветраным транспарце. У знак падзякі і веры ў святыню пакідаюць прыхаджане перад іконай залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні. Быццам пацеркі аздабляюць яны сваім бляскам “Благадатнае Неба”.

Маладзіла рускае — толькі тутСпіс раслін Хойнікшчыны, унесеных у трэцяе выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, прадстаўлены 38 відамі. І што самае важнае, адзін від — маладзіла рускае сямейства таўсцянкавых — сустракаецца толькі ў Хойніцкім раёне.Месцазнаходжанне гэтага чырванакніжніка, які нагадвае сабой круглую зялёную шышачку, — наваколле выселеных у выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі сельскіх населеных пунктаў Бабчын і Уласы. Саснякі імшысты, лішайнікавы з прымессю дубоў стварылі спрыяльныя ўмовы для росту гэтай знікаючай прыгажуні-расліны.

Адрас рукатворнай прыгажосціУ другім пад’ездзе шматкватэрнага дома на вул.Жукава, 9 у Хойніках і на тэрыторыі вакол яго заўсёды ідэальныя чысціня і парадак. А ўсё дзякуючы неабыякавым яго жыхарам, сярод якіх асаблівым стараннем вызначаецца Аляксандр Рыгоравіч Балобан. Фантазію і залатыя рукі мае майстар разьбы па дрэве, ён стварыў больш за дзесятак прыгожых фігур. Тут вялізныя матылькі, музыка з балалайкай, цягнуцца да сонейка сланечнікі, за бочачкай з мёдам — мядзведзік, за бананам — малпачка, плывуць лебедзі. Як кажуць, няма мяжы ўдасканаленню. На дасягнутым Аляксандр Рыгоравіч не спыняецца, актыўна рыхтуе новыя малыя архітэктурныя кампазіцыі з дрэва.

Жаночы манастыр: у працы і малітвахУ 2010 годзе спаўняецца 20 гадоў з таго часу, як пры Свята-Пакроўскай царкве ў Хойніках дзейнічае жаночы манастыр. Цяпер тут у працы і малітвах жывуць 30 манашак з розных куткоў Беларусі і Расіі. Самай малодшай з іх, манашцы Ангеліне, 20 гадоў. Вышэйшы манаскі сан мае 77-гадовая схімніца Ксенія.Не толькі на ахвяраванні існуе манастыр. Тут ёсць свая гаспадарка, агарод, цяпліца, пчальнік на 16 сем’яў, добры сад. Акрамя таго, маецца трактар, пабудаваны агароднінасховішча, лазня, пральня. Раз у тыдзень выпякаецца свой хлеб, варыцца сыр. Развіваецца не толькі манастырская гаспадарка, рэстаўрыруюцца будынкі. Галоўнае — адраджаюцца душы людскія.

Сасна ў каралеўскім убранні “Сасна-каралева” — так называецца помнік прыроды мясцовага значэння. Ёсць і адпаведнае рашэнне райвыканкама № 823 адгода. Гэтая гонкая прыгажуня, увенчаная на макаўцы густой вечназялёнай каронай пушыстых галінак, расце акурат каля дарогі перад самым уездам у Хойнікі і прыцягвае позіркі ўсіх, хто едзе з боку Рэчыцы, Брагіна. Уражаныя, японцы нават выказалі жаданне купіць сасну-каралеву, перавезці і пасадзіць у сваёй краіне. Зразумела, што гэтая просьба не знайшла падтрымкі ў хайнічан.

Тэлемедыцына ў рэжыме рэальнага часу Японскімі медыкамі накоплены вялікі вопыт вывучэння ўздзеяння радыяцыі на арганізм чалавека. З раёнаў, найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, першымі руку дапамогі працягнулі японцы Хойніцкаму — злучылі інфармацыйна-адукацыйнай тэлесістэмай Гомельскі дзяржаўны медуніверсітэт і Хойніцкую цэнтральную раённую бальніцу. У снежні мінулага года медыкі раённай бальніцы змаглі ў прамым эфіры прыняць удзел у канферэнцыі з калегамі з Гомельскага і Нагасакскага універсітэтаў.Новае абсталяванне дапаможа ў далейшым у ранняй дыягностыцы захворванняў шчытападобнай залозы і назначэнні правільнага своечасовага лячэння. У рэжыме рэальнага часу ўрачы дзвюх краін змогуць наладжваць візуальны кантакт, раіцца, кансультавацца, абмяркоўваць узнікшыя праблемы ў лячэнні пацыентаў.

У спісе гісторыка-культурнай спадчыны краіныНа тэрыторыі Хойніцкага раёна знаходзяцца тры помнікі архітэктуры, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта сядзібна-паркавыя комплексы ў горадзе Хойнікі і вёсцы Барысаўшчына, сфарміраваныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, і сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Рудакоў, закладзены ў ХVІІІ стагоддзі.З усіх трох лепш захаваўся помнік архітэктуры на паўночнай ускраіне Барысаўшчыны (на здымку). У аснову кампазіцыі ансамбля пакладзена рэгулярная планіроўка, якой падпарадкаваны ўсе пабудовы з цэглы: сядзібны дом, жылыя і гаспадарчыя будынкі, парк пейзажнага тыпу, дзе некалі расло каля ста відаў дрэў (самшыт вечназялёны, цюльпанавае дрэва, шаўкоўніца белая, ліпа амерыканская, туя заходняя і інш.).

←Это фантастика! “Беларусьфильм” осваивает новые жанры кино и предлагает зрителям “киноистерику”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика